BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: На максімуме мажлівасцяў

Спыніць рост Менска: у Беларусі развіваюць гарады-спадарожнікі. Амбасадар Украіны ў ФРГ раскрытыкаваў антываенны марш у Берліне. Прэм’ер Польшчы: Бліжэйшыя тыдні стануць вырашальнымі для Кіева. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«22% жыхароў Беларусі жывуць у сталіцы. Пашыраць тэрыторыю Менска ўлады не плануюць, працягваюць стрымліваць рост і абяцаюць развіваць гарады-спадарожнікі. Аднак планы на паперы разыходзяцца з рэальнасцю», – перадае DW.

«Чыноўнікі не ўтойваюць, што шчыльнасць насельніцтва сталіцы стала крытычнай – у Менску жывуць 22% жыхароў краіны. Праблему з перанаселенасцю горада ўлады прызналі яшчэ ў 2010 годзе. Трэба было або пашыраць тэрыторыю Менска, або шукаць іншае рашэнне. Так з’явілася ідэя развіваць гарады-спадарожнікі. Чыноўнікі вызначылі дзевяць населеных пунктаў, дзе паабяцалі пабудаваць новае жыллё, інфраструктуру і прадпрыемствы, частку заводаў абяцалі перанесці з Менска. Пазней спіс скарацілі да шасці гарадоў – Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Рудзенск, Фаніпаль і Смалявічы. Тады са спісу выкраслілі Жодзіна, Стоўбцы і Узду. У 2023-м улады заявілі, што ў якасці спадарожнікаў будуць развіваць толькі тры гарады: Смалявічы, Рудзенск і Фаніпаль, зацвердзіўшы новы генплан. А да канца мінулага года паставілі на паўзу і абнаўленне Рудзенска. Менчукі не спяшаюцца пераязджаць у гарады-спадарожнікі. Толькі з Менска мусілі пераехаць да 60 тысяч чалавек. Па факце за дзесяць гадоў насельніцтва ўсіх гарадоў-спадарожнікаў павялічылася ўсяго на 20 тысяч, гэта значыць у шэсць разоў менш запланаванага. А маніторынг, праведзены Менскім гарадскім выканаўчым камітэтам, паказаў, што з больш як 200 тысяч грамадзян, якія знаходзяцца ў Мінску на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, набыць жыллё ў горадзе-спадарожніку згодны каля тысячы», – падкрэслівае DW.

***

Юлія Навальная, удава Аляксея Навальнага, сумесна з расейскімі апазіцыянерамі Іллёй Яшыным і Уладзімірам Кара-Мурзой, якія выйшлі на волю ў жніўні гэтага года ў рамках абмену зняволенымі, у нядзелю 17 лістапада правялі ў Берліне дэманстрацыю супраць пуцінскага рэжыму і вайны супраць Украіны. Гэта першая буйная акцыя, арганізаваная расейскай апазіцыяй за мяжой пасля пачатку вайны ва Украіне. Удзельнікі падкрэслівалі, важна паказаць свету, што не ўсе расейцы падтрымліваюць дзеянні пуцінскай улады. Дэманстранты неслі плакаты з антываеннымі лозунгамі, а таксама сцягі, у тым ліку бела-сіне-белыя палотны, якія сталі сімвалам апазіцыі. “Шэсце расейцаў у Берліне 17 лістападзе мае на мэце заваяваць увагу нямецкіх СМІ і палітыкаў”, – упэўнены амбасадар Украіны ў Германіі Аляксей Макееў, якога цытуе літоўскуае выданн delfi.lt.

«Па яго словах, гэта PR-акцыя, а не барацьба супраць расейскага рэжыму. Аляксей Макееў раскрытыкаваў антываеннае шэсце ў Берліне, арганізаванае расейскімі апазіцыянерамі Іллём Яшыным і Уладзімірам Кара-Мурзай, а таксама ўдавой Аляксея Навальнага Юліяй Навальнай. Дэманстрацыя, прызначаная на 17 лістапада і арганізаваная Юліяй Навальнай, – гэта не больш за “шпацыр, пазбаўлены вартасці і наступстваў”. Як мяркуе дыпламат, антываенны марш расейцаў у Берліне – гэта PR-акцыя, “мэтавай аўдыторыяй якой з’яўляецца не расейскае насельніцтва, а нямецкія медыя і палітыкі”. Барацьба ў дадзеным выпадку ідзе “не супраць расейскага рэжыму, а за ўвагу Германіі”. Тым не менш, антываенныя акцыі рознага маштабу прайшлі ў нядзелю і ў іншых гарадах – Празе, Лісабоне, Вільні, Варшаве, Ерэване, а таксама ў Оклендзе, Сіднэі і Токіа», – адзначае літоўскае выданне.

***

«Тэлефонная дыпламатыя не заменіць сапраўдную падтрымку Украіны Захадам, перакананы Дональд Туск. Раней канцлер Германіі Шольц падчас званка прэзідэнту Расеі асудзіў вайну і заклікаў Пуціна вывесці войскі», – піша турэцкае выданне Anadolu Ajansı.

«Хада вайны Расеі супраць Украіны, якая працягваецца больш за два з паловай гады, у хуткім часе можа змяніцца. Такое меркаванне выказаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. “Найбліжэйшыя тыдні будуць вырашальнымі не толькі для самой вайны, але і для нашай будучыні”, – напісаў ён у нядзелю, 17 лістапада, у сетцы мікраблогаў X. Кіраўнік польскага ўрада не растлумачыў, што менавіта ён меў на ўвазе. У той жа час Туск не абышоў бокам нядаўнюю размову прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна з канцлерам Германіі Олафам Шольцам. Па ягоных словах, Крэмль нельга спыніць тэлефоннымі званкамі. Нядаўняя паветраная атака ва Украіне стала адной з найбуйнейшых за час баявых дзеянняў і “пацвердзіла, што тэлефонная дыпламатыя не здольная замяніць сапраўдную падтрымку Украіны адзіным Захадам”. Тэлефонная гутарка канцлера ФРГ і прэзідэнта Расеі адбылася 15 лістапада і стала першым кантактам палітыкаў са снежня 2022 года. Шольц асудзіў вайну Расеі супраць Украіны, заклікаў Пуціна вывесці войска РФ з украінскай тэрыторыі і падкрэсліў неабходнасць гатоўнасці Масквы да перамоваў з Кіевам. Прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо падтрымаў канцлера ФРГ. У той жа час крытыка ў адрас Шольца прагучала з фракцыі Хрысціянска-дэмакратычнага саюза / Хрысціянска-сацыяльнага саюза ў бундэстагу і партыі “Саюз-90″/”зялёныя”, якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю», – падкрэслівае турэцкае выданне.

***

Дональд Трамп прызначыў самага маладога ў гісторыі Белага дома прэс-сакратара. На пасаду прэс-сакратара ён абраў 27-мігадовую Кэралайн Левіт, якая адказвала за камунікацыі падчас яго перадвыбарчай кампаніі і ўжо працавала ў Белым доме падчас першага прэзідэнцкага тэрміна Трампа. Як піша The New York Times, Левіт стала самай маладой дзяўчынай, якая калі-небудзь займала гэтую пасаду.

«Сам рэспубліканец адзначыў, што новы прэс-сакратар, зрэшты, як і іншыя прызначэнцы, дапаможа зрабіць Амерыку зноў вялікай. За чатыры гады папярэдняга прэзідэнцкага тэрміна Трамп змяніў некалькіх прэс-сакратароў. Аднаго з іх выкрылі ў скажэнні фактаў, другая прызналася, што давала журналістам ілжывыя звесткі, трэцяя адмаўлялася ад брыфінгаў, а чацвёртая пасля завяршэння кар’еры ва ўрадзе перайшла на працу ў Fox News. Цяпер размаўляць з рэпарцёрамі ад імя кіраўніка ЗША будзе 27-гадовая Кэралайн Лэвіт. Падчас папярэдняга прэзідэнцтва Дональда Трампа колькасць прадстаўнікоў мільяніялаў у Кангрэсе ЗША вырасла больш чым на 300%. Замежныя СМІ глядзяць на асобу Кэралайн Лэвіт з аптымізмам. British Broadcasting Corporation падкрэслівае, што яе палітычныя пазіцыі супадаюць з прыярытэтамі Дональда Трампа. Напрыклад, яна дала абяцанне скараціць падаткі і падтрымліваць палітыку вольнага рынку», – піша амерыканскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя