Беларусы, якія з’ехалі з краіны, не змогуць прагаласаваць за мяжой. Выбары ў Грузіі: што стаіць на коне для Еўропы? Харват Піцула прызначаны новым дакладчыкам па Сербіі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«ЦВК Беларусі не будзе ствараць выбарчыя ўчасткі за мяжой. Аб гэтым 24 кастрычніка заявіў старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка», – перадае DW. «Паводле яго слоў, стварэнне выбарчых участкаў за мяжой “не прадугледжана беларускім заканадаўствам”. Тыя, хто жыве па-за межамі РБ, для ўдзелу ў галасаванні павінны будуць прыехаць у краіну, заявіў ён. Правы прагаласаваць на выбарах беларусаў за мяжой пазбавілі пасля 2020 года, калі ўлады адмовіліся ствараць выбарчыя ўчасткі ў дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі падчас правядзення рэферэндуму ў 2022 годзе і выбараў дэпутатаў у 2024 годзе. Белстат не публікуе інфармацыю, колькі грамадзян РБ пражывае за межамі краіны. Паводле ацэнак экспертаў, толькі з 2020 года з Беларусі маглі з’ехаць больш за 300 тысяч чалавек», – перадае DW.
У гэтую суботу ў Грузіі пройдуць парламенцкія выбары. У той час як грамадзяне Грузіі, паводле шматлікіх апытанняў, адназначна выступаюць за ўступленне сваёй краіны ў Еўразвяз, кіруючая партыя Грузінская мара, якая знаходзіцца ва ўладзе з 2012 года, нядаўна праціснула прыняцце законаў, аналагічных расейскім – і якія абмяжоўваюць правы апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. У адказ на гэта Еўразвяз прыпыніў працэс уступлення краіны ў свае шэрагі, які пачаўся зусім нядаўна – у канцы 2023 года. Рымская La Repubblica не на жарт занепакоена.
«Калі ў Малдове насельніцтва ўсё яшчэ расколатае па гэтым пытанні, то ў Грузіі больш за 80 працэнтаў з 3,7 мільёнаў жыхароў падтрымліваюць шлях да інтэграцыі з Еўразвязам. Аднак партыя Грузінскай мары, якая знаходзіцца ва ўладзе ўжо дванаццаць гадоў, робіць усё магчымае, каб гэты шлях сабатаваць. Яе заснавальнік і фактычны лідар Бідзіна Іванішвілі – мільярдэр, які зрабіў капітал у Расеі, – кантралюе судовую сістэму і прэсу і займаецца працісканнем мер, якія абмяжоўваюць свабоду, – узяць хаця б так званы “расейскі закон”, які абавязвае СМІ і НКА, якія атрымліваюць замежнае фінансаванне, рэгістравацца ў якасці ‘замежных агентаў’. Яшчэ адзін прыклад – закон супраць ЛГБТ. Грамадзянскіх пратэстаў аказалася недастаткова: у пачатку ліпеня Еўразвязу прыйшлося прыпыніць працэс прыняцця Грузіі ў свае шэрагі, які быў запушчаны толькі нядаўна – у снежні мінулага года», – піша італьянскае выданне.
З 2012 года Сербія лічыцца кандыдатам на ўступленне ў Еўразвяз. Новым дакладчыкам Еўрапарламента па Сербіі прызначаны дэпутат ад Харватыі Таніна Піцула. Член фракцыі “Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў” у Еўрапарламенце, Піцула не карыстаецца добразычлівасцю Сербіі ў сілу сваёй пазіцыі па пытаннях, якія тычацца Балкан. «Для сербскага ўрада ўвесь Еўрапарламент – як бяльмо на воку», – падкрэслівае заграбская Jutarnji list.
«Праблему для цяперашняга сербскага ўрада прадстаўляе пазіцыя Еўрапарламента ў цэлым, не толькі Піцулы. Паколькі ў Еўрапарламенце рашэнні прымаюцца дэмакратычным шляхам – гэта значыць большасцю галасоў, – даклады па Сербіі заўсёды носяць крытычны характар. Дакладчык нясе асноўную адказнасць за складанне і накіраванне дакладаў і рэзалюцый, але ў канчатковым выніку рашэнне выносіць большасць, а не ён адзін. Сапраўды гэтак жа, як Сербіі ў Еўрапарламенце не здолеў толкам дапамагчы яе вялікі сябар і папярэдні сталы дакладчык Уладзімір Більчык, Піцула таксама не зможа прычыніць ёй вялікай шкоды – нягледзячы на поўную нянавісці падбухторніцкую рыторыку, якая вядзецца супраць яго ў сербскіх праўрадавых СМІ», – піша харвацкае выданне.
У ЗША памёр турэцкі рэлігійны дзеяч Фетхулах Гюлен. Заснавальнік руху Хізмет, Гюлен з 2013 года знаходзіўся ў апазіцыі прэзідэнту Эрдагану і лічыўся самым уплывовым яго супернікам. Рух Гюлена яшчэ ў 1960-я гады займаўся адкрыццём у Турцыі адукацыйных цэнтраў, а пазней многія яго прыхільнікі працавалі на дзяржаўнай службе. З прычыны распачатага супраць яго судовага працэсу ў 1999 годзе Гюлен пакінуў Турцыю – і з таго часу жыў у ЗША. «Пазіцыі Эрдагана на міжнароднай арэне ўзмоцняцца», – мяркуе афінская Eleftheros Typos.
«Фонды Гюлена ў Еўропе, Амерыцы, Азіі і Афрыцы прапагандавалі ўмераны, глабалізаваны іслам, які ўносіў раскол у турэцкую дыяспару і шырэйшую суніцкую аўдыторыю, а таксама ставіў сур’ёзныя перашкоды планам Эрдагана па стварэнні новага халіфата за межамі ‘Асманскай. Цяпер, калі ‘дэман’ больш не стаіць на шляху, турэцкае Упраўленне па справах рэлігіі (Дзіянэт) можа бесперашкодна ажыццяўляць сваю праграму па ўзмацненні рэлігійнага ўплыву Турцыі праз павелічэнне колькасці мячэцяў, імамаў і ісламскіх арганізацый», – адзначае грэчаскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






