BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: На старт, увага, руш?

Сікорскі ў Беластоку: «Жанчыны і дзеці ля агароджы — ахвяры Лукашэнкі і Пуціна». Выбары ў Еўрапарламент. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Няма права чалавека жыць дзе заўгодна, бо калі б гэта было так, то не патрэбныя былі б візы, пашпарты, памежнікі», – заявіў у Беластоку кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі. Міністр прыехаў у панядзелак у Беласток, каб падтрымаць Томаша Франкоўскага (PO), які зноў прэтэндуе на месца ў Еўрапарламенце. Падчас прэс-канферэнцыі Сікорскі згадаў пра стварэнне так званай буфернай зоны на польска-беларускай мяжы, дзе з лета 2021 года працягваецца міграцыйны і гуманітарны крызіс», – піша газета Bialystok Wyborcza.

«Гэта пытанне да МУС і памежнай службы. Аднак, несумненна, Польшча знаходзіцца ў цэнтры гібрыднай аперацыі.  Яе мэта — паказаць усёй Еўропе, што знешняя мяжа ЕЗ не кантралюецца, каб стварыць палітычны эфект і ўзмацніць ультраправых, якія абяцаюць разбурыць ЕЗ знутры. Дзяржавы і групы дзяржаў, такія як ЕЗ, маюць права кантраляваць межы, і каб гэта адбылося самым гуманным чынам. У новым міграцыйным пакце, які яшчэ не ўступіў у сілу, ёсць бачанне таго, што будуць месцы, дзе могуць хутка разглядацца хадайніцтвы аб міжнароднай абароне. Гэта адзінае практычнае рашэнне. Дзеці і жанчыны, якія цяпер атабарыліся ля агароджы на польска-беларускай мяжы — гэта ахвяры Лукашэнкі і Пуціна і гэта пытанне да іх, бо яны выдавалі візы. Гэта адзін з франтоў гібрыднай вайны. Ёсць падпалы, ёсць кібератакі, ёсць шпіянаж. На жаль, як бывае на вайне, часам бываюць і бязвінныя ахвяры», – цытуе Cікорскага беластоцкае выданне.

У чацвер у Нідэрландах адкрыюцца першыя выбарчыя ўчасткі, азначаючы тым самым пачатак выбараў у Еўрапейскі парламент. У Чэхіі і Ірландыі выбары пройдуць у пятніцу. Італія, Латвія, Славакія і Мальта прагаласуюць у суботу, а астатнія краіны – у нядзелю, у важнейшы дзень выбараў. Рыжская Neatkarīgā аналізуе настрой, які пануе ў краіне.

«У цяперашні час у Латвіі не вядзецца дыскусія аб тым, якая тэма для нас важней за ўсё. Усякаму ясна: гэта – пытанне бяспекі і стаўленне да расейска-ўкраінскай вайны. Асобныя актывісты час ад часу абураюцца тым, што нашыя кандыдаты занадта мала ўвагі надаюць пытанням абароны клімату ці «Новаму зялёнаму курсу», правам транслюдзей або іншым «модным» тэмам. У сітуацыі, калі цень экзістэнцыйнай пагрозы ў выглядзе пуцінскага рэжыму лунае над Еўропай, ёсць рэчы больш сур’ёзныя. А значыць, гэтыя выбары сталі ў нашай краіне выбарамі на адну тэму», – піша латвійскае выданне.

Напад з нажом, які пацягнуў за сабой смяротны зыход, прывёў у жах Нямеччыну: у пятніцу 25-гадовы мужчына напаў на некалькіх чалавек у горадзе Мангейм падчас мерапрыемства, арганізаванага ісламофобскім рухам Pax Europa. Умяшаны паліцыянт праз два дні сканаў ад атрыманых раненняў. Федэральная пракуратура ўзяла расследаванне пад свой кантроль і мае намер разгледзець пытанне аб рэлігійным матыве. «Мусульманскі свет усё больш і больш шкодзіць сваёй рэпутацыі», – піша стамбульская Karar.

«Адна з найвялікшых праблем мусульманскага свету заключаецца ў тым, што ён не навучыўся рэагаваць дыпламатычна, пратэставаць і выкарыстоўваць свае канстытуцыйныя правы, хоць на двары 2024 год. Вядома, што сама тэма дастаткова шырокая. Мусульмане часта трапляюць у сітуацыю, калі іх лічаць тымі, хто не мае рацыі, хаця яны маюць рацыю, і пры гэтым наносяць шкоду рэпутацыі ўсіх тых, хто ўстае на іх бок. Варта было б падумаць пра тое, што тут з’яўляецца прычынай. Тыя, хто ганьбіць імя гэтай вялікай рэлігіі, павінны быць выключаныя з грамадства!», – адзначае турэцкае выданне. 

Упершыню ў гісторыі Мексікі кіраўніком дзяржавы абраная жанчына: атрымаўшы перамогу на выбарах у нядзелю, Клаўдыя Шэйнбаўм зменіць на пасадзе прэзідэнта – прадстаўніка левых – Андрэса Мануэля Лопеса Абрадара, у камандзе якога яна працавала. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, ці скарыстаецца вучоная-фізік сваім шанцам. Мюнхенская Süddeutsche Zeitung прапануе пачакаць.

«Шэйнбаўм можа быць і з’яўляецца аўтарытэтнай навукоўцам-эколагам, але, тым не менш, яна працягне пашырэнне здабычы выкапнёвага паліва, як гэта рабіў да яе Абрадор. Тое ж самае ставіцца і да таго факту, што яна жанчына: Шэйнбаўм у мінулым неаднаразова называла сябе феміністкай, але рэальна яна не выступала за правы мексіканскіх жанчын. У Мексіцы ў сярэднім штодня гвалтоўнай смерцю паміраюць дзесяць жанчын, а краіна ўжо сур’ёзна пакутуе ад наступстваў змены клімату. Дзякуючы сваёй пераканаўчай перамозе Шэйнбаўм атрымае магчымасць кардынальна вырашыць абедзве праблемы. Але вялікае пытанне заключаецца ў тым, ці скарыстаецца яна гэтай магчымасцю», – піша нямецкае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка