BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: На вялікай арэне

Латвія падтрымала зварот Літвы ў МУС наконт сітуацыі ў Беларусі. Якую дапамогу Украіне акажуць саюзнікі? Малдова: урокі рэферэндуму. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Латвія

«Міністэрства замежных спраў Латвіі падтрымала зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд (МKС) па расследаванні злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых у Беларусі», – паведамляе DW.

“Акрамя таго, міністэрства цесна супрацоўнічае з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі пры ацэнцы зместу звароту і аргументаў, прадстаўленых Літвой”, – цытуе выданне прэс-сакратара МЗС Латвіі Дыяну Эглітэ. Яна таксама запэўніла “ў нязменнай прыхільнасці Латвійскай Рэспублікі падтрымцы працы МKС у яго папулярызацыі глабальнай справядлівасці і эфектыўнай сістэмы міжнароднага крымінальнага правасуддзя”. Раней аб сваёй поўнай падтрымцы звароту Літвы ў МKС паведамілі ў МЗС Польшчы. Вядома, што Літва 30 верасня перадала ў офіс пракурора МKС у Гаазе матэрыялы аб “трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў”, – перадае DW.

Лондан выдзеліць Кіеву крэдыт на $ 3 млрд – яго пагасяць за кошт даходаў ад замарожаных расейскіх актываў. Атрыманыя сродкі Украіна зможа ўкласці ў закуп і распрацоўку сродкаў СПА, гаворыцца ў паведамленні брытанскага ўрада. Вялікабрытанія спяшаецца з фінансавай дапамогай на фоне рознагалоссяў у Еўразвязе і выбараў у ЗША, якія маюць адбыцца. «Новы транш дапаможа ўмацаваць ваенную моц Кіева», – заявіў міністр абароны Вялікабрытаніі Джон Хілі. Вылучэнне сродкаў ён апісаў як «зварот даходаў карумпаванага рэжыму Пуціна супраць яго самога шляхам перадачы іх у рукі Украіны», – цытуе чыноўніка BBC.

«Канцлер Казначэйства Рэйчэл Рыўз, якая выступала з ім, ясна дала зразумець, што Вялікабрытанія не канфіскуе суверэнныя расейскія актывы, а выкарыстоўвае прыбытак і працэнты, атрыманыя ад іх. За іх кошт Лондан і пакрые свае выдаткі, а сродкі Украіне падасць у форме крэдыту як мага хутчэй. Грошы пойдуць на закуп узбраенняў. І ўкраінцы самі прымуць рашэнне аб сістэмах, зброі, боепрыпасах, якія ім больш за ўсё патрэбныя. Невядома, ці дазволіць Лондан закупіць ракеты Storm Shadow для паразы цэляў у Расeі, але гаворка тут акурат ідзе аб здольнасці Украіны абараняцца. 2, 2 млрд фунтаў – гэта дадатак да ўжо абяцаных 3 млрд. А ўсяго Брытанія вылучыла на падтрымку Украіны амаль 13 млрд фунтаў стэрлінгаў», – падкрэслівае брытанскае выданне.

50,4 працэнта грамадзян Рэспублікі Малдова прагаласавалі за ўключэнне ў канстытуцыю краіны ўступлення ў Еўразвяз як нязменнай мэты. Адначасова мінулы першы тур прэзідэнцкіх выбараў не прынёс адназначнай перамогі ніводнаму з кандыдатаў, а значыць, дзейнай прэзідэнтцы Маі Санду давядзецца ісці ў другі тур. Што ж тычыцца рэферэндуму, які прайшоў, Санду заявіла, што прарасейскія сілы займаліся подкупам выбаршчыкаў – і таму ёсць доказы. Aargauer Zeitung апладыруе Маі Санду і праводзіць паралелі з іншай краінай, заціснутай у цісках паміж ЕЗ і Расеяй.

«У Рэспубліцы Малдова і Грузіі зараз праходзіць вырашальны двубой: альбо свабода і дэмакратыя разам з Еўропай – альбо рабства і аўтакратыя з Расеяй. На шчасце, у абедзвюх краінах існуе актыўная, па-еўрапейску настроеная грамадзянская супольнасць. Акрамя таго, як у Малдове, так і ў Грузіі ёсць мужныя жанчыны-прэзідэнты, якія цалкам адданыя заходняму курсу. І гэта нягледзячы на ​​тое, што Расея ўжо размясціла на тэрыторыі гэтых краін тысячы салдат. Такая адвага заслугоўвае прызнання і павагі», – піша швейцарскае выданне.

Уладзімір Пуцін прымае саміт краін БРІКС, які праходзіць сёлета ў Казані. Гэта – нефармальнае аб’яднанне дзяржаў, у склад якога ўжо ўваходзяць дзевяць чальцоў і якое лічыць сябе асацыяцыяй эканомік, якія развіваюцца, хоць як у сярэдзіне краін, так і ў еўрапейскай прэсе існуюць розныя меркаванні адносна таго, у якой ступені яно ў стане канкураваць з “глабальным Захадам”. «Саміт у Казані дае Пуціну выдатную магчымасць палепшыць свой імідж», – лічыць міланская Corriere della Sera.

«Для расейскага дыктатара гэты саміт стане пляцоўкай, з якой ён зможа не толькі абвергнуць заходнюю версію сваёй ізаляцыі рытарычна, але таксама і прэтэндаваць на вядучую ролю ў аб’яднанні, якое імкнецца паўплываць на новы светапарадак, які характарызуецца раздробненасцю. Калі ў 2006 годзе краіны-чальцы аб’ядналіся ў фармат БРІКС, існаваў немалы скептыцызм адносна таго, ці выстаіць гэты фармат – і ці зможа ён паўплываць на міжнародны баланс сіл, улічваючы відавочную неаднароднасць краін, якія ў яго ўваходзяць. Фактычна БРІКС стала рэферэнтнай кропкай для так званага Глабальнага Поўдня – плеяды краін, якія адчуваюць сябе выключанымі з традыцыйных фарматаў сусветнай палітыкі», – адзначае італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка