BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: На Захадзе без перамен

Контрвыведка Латвіі: удзел Беларусі ў вайне ва Украіне малаверагодны. Крызісны саміт ЕЗ і пазіцыя па Украіне: пра што дамовіліся? Сустрэча Лаўрова і Рубіа ў Саудаўскай Аравіі.

Здымак ілюстрацыйны

«Удзел Беларусі ў развязанай Расеяй вайне ва Украіне ў агляднай будучыні малаверагодны, паколькі гэта можа істотна пагражаць унутрыпалітычнай стабільнасці краіны і становішчу Аляксандра Лукашэнкі. Да такой высновы прыйшло латвійскае Бюро па абароне Канстытуцыі, якое выконвае функцыі контрвыведкі”, – паведамляе Еўрапейская праўда са спасылкай на Delfi.

У сваёй справаздачы аб дзейнасці за мінулы год бюро прыйшло да высновы, што рэжым Лукашэнкі застаецца стабільным. Гэта дасягаецца ў асноўным за кошт рэпрэсій і абмежавання свабоды слова. У той жа час залежнасць Беларусі ад Расеі расце, як і ўплыў Расеі на Беларусь. Расейскія інтарэсы працягваюць дамінаваць у знешняй палітыцы краіны. Менск працягвае шукаць новых партнёраў па супрацоўніцтве і рынкі збыту для беларускіх тавараў. Паводле ацэнкі контрвыведкі, малаверагодна, што Беларусь у агляднай будучыні будзе непасрэдна ўцягнутая ў вайну Расеі супраць Украіны, паколькі гэта можа істотна падарваць унутрыпалітычную стабільнасць краіны і пазіцыі Лукашэнкі, асабліва ўлічваючы моцнае грамадскае непрыманне прамога ўдзелу беларускіх ваенных у баявых дзеяннях. Беларускае супрацоўніцтва Лукашэнкі з Расеяй служыць гарантыяй прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, што дазваляе яму ўтрымліваць уладу і забяспечваць стабільнасць свайго рэжыму. Аднак беларускі лідар усведамляе, што такая падтрымка ставіць пад пагрозу яго здольнасць і надалей кіраваць краінай, таму Лукашэнка ўсё больш занепакоены неабходнасцю зменшыць ізаляцыю Беларусі ад Захаду, каб ураўнаважыць расейскі ўплыў”, – піша ўкраінскае выданне.


Экстранная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў сямі вядучых краін Еўрасаюза, якая адбылася ў гэты панядзелак у Парыжы, завяршылася без дакладных вынікаў. Сумесна з кіраўнікамі інстытутаў ЕЗ і НАТА ўдзельнікі мелі намер выпрацаваць еўрапейскую пазіцыю па мірным вырашэнні вайны ў Украіны напярэдадні расейска-амерыканскай сустрэчы ў Эр-Рыядзе. Галоўным пунктам абмеркавання было пытанне аб адпраўцы еўрапейскага кантынгенту для забеспячэння гарантый міру. «Навошта было праводзіць гэты саміт і выстаўляць напаказ свае рознагалоссі?» – запытвае турынская La Stampa.

«Адказ на заявы віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Ды Вэнс аб нібыта тактычнай і каштоўнаснай катастрофе ў Еўропе даў прэзідэнт Францыі, рэйтынг якога ў яго ўласнай краіне знаходзіцца ў свабодным падзенні. На гэтую сустрэчу прыехалі прадстаўнікі толькі нямногіх і пры гэтым вельмі розных краін (адна з іх наогул ужо нават не ўваходзіць у ЕЗ!), сярод удзельнікаў быў і “збіты лётчык” у асобе канцлера ФРГ, усе заявы якога будуць мець хоць нейкую вагу максімум на працягу тыдня. Добра, што мае месца плюралізм, добра, што ў спрэчцы існуюць формулы розных хуткасцяў, але нішто не здаецца зараз настолькі недарэчным, як гэты саміт, які толькі што адбыўся ў Парыжы», – піша італьянскае выданне.


У аўторак, у сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе прайшла сустрэча дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова. Не запрасіўшы за стол перамоваў ні Украіну, ні Еўропу, Расея і ЗША мелі намер абгаварыць умовы для перамоваў па заканчэнні вайны РФ супраць Украіны, а таксама падрыхтаваць сустрэчу прэзідэнтаў Пуціна і Трампа. Як адзначаюць СМІ, насамрэч гаворка ідзе пра куды большае. Брусэльская De Standaard лічыць, што перамовы і перамір’е былі б на руку Пуціну.

«Галоўнае пытанне, вядома, заключаецца ў тым, ці хоча Пуцін справядлівага і ўстойлівага міру. Пакуль яму нічога асабліва рабіць не трэба. Ужо сам факт таго, што Трамп жадае сустрэцца з ім, з’яўляецца перамогай. Амерыканскі прэзідэнт здымае з Пуціна статус ізгоя. У яго галаве ў гэтых гутарках гаворка пойдзе далёка не толькі пра Украіну. І Пуціну мірнае рашэнне прынесла б выгаду. У эканамічным і ваенным сэнсе вайны ён не вытрымае. Вынікі апытанняў таксама выразна паказваюць, што расейцам гэтая вайна ўжо абрыдла», – адзначае бельгійскае выданне.


Акрамя гарачых дэбатаў наконт ледзь не штодня абвяшчаных адміністрацыяй Трампа разбуральных рашэнняў, на старонках еўрапейскай прэсы разгарнулася і дыскусія аб тых глыбокіх і далёкасяжных зменах, якія прынесла з сабой змена ўлады ў Белым доме. Аглядальнікі спрабуюць зразумець, якім чынам будуць развівацца Злучаныя Штаты і амерыканскае грамадства падчас другога прэзідэнцкага тэрміна Трамп. Партал Eldiario.es тлумачыць.

«Гаворка ў дадзеным выпадку ідзе не толькі аб алюмініі, сталі і аўтамабілях, але аб ідэях і бізнэс-мадэлях. Сапраўды гэтак жа, як у вайне ва Украіне гаворка не ішла і не ідзе толькі аб Крыме або Данбасе. Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа аб’ядноўвае непрыманне ліберальнай дэмакратыі, а таксама настальгія па імперыі. Гэта не капрыз, а стратэгія. І сама па сабе яна на рассмокчацца. Для таго каб даць ёй адпор, неабходна мабілізаваць рэсурсы нашых дэмакратый, змяніць структуры ЕЗ і пацвердзіць сваю прыхільнасць да каштоўнасцяў, якія Трамп і іншыя маюць намер знішчыць. У Вашынгтоне – новы шэрыф, – заявіў віцэ-прэзідэнт Вэнс. Яны не спыняцца, пакуль хто-небудзь на зразумелай ім мове растлумачыць ім, што нам тут больш па душы ‘грамадзянская абарона’ – ‘Guardia Civil’», – падсумоўвае гішпанскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя