- ЕЗ выдзеліць 170 млн. еўра на ўмацаванне межаў з Беларуссю і Расеяй
- Пераварот у Сірыі і дыскусія аб міграцыі ў Еўропе
- Лондан і Брусель ідуць на збліжэнне?

«Еўрапейская камісія прыняла рашэнне выдзеліць дадатковыя 170 млн еўра для ўзмацнення мяжы з Беларуссю і Расеяй,» – перадае DW.
«Гэтыя сродкі будуць выдзелены на “мадэрнізацыю абсталявання электроннага назірання, паляпшэнне тэлекамунікацыйных сетак, разгортванне мабільных сродкаў выяўлення і супрацьдзеяння ўварванням беспілотнікаў з мэтай забеспячэння дасведчанасці аб сітуацыі ў рэальным часе і павышэння мабільнасці пагранічных патрулёў”. Паведамляецца, што Эстонія атрымае 19,4 млн еўра, Фінляндыя – 50 млн еўра, Латвія – 17 млн еўра, Літва – 15,4 млн еўра, Польшча – 52 млн еўра і Нарвегія – 16,4 млн еўра»,- перадае DW.
Пасля падзення рэжыму Башара Асада адразу некалькі еўрапейскіх дзяржаў прыпынілі апрацоўку прашэнняў аб прытулку, пададзеных сірыйцамі, і выказалі намер перагледзець сваю палітыку ў адносінах да бежанцаў з гэтай краіны. З моманту пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі ў 2011 годзе каля шасці мільёнаў яе грамадзян былі вымушаны пакінуць родныя мясціны. Турынская La Stampa не хавае свайго абурэння.
«Рэжым Башара Асада паваліўся ўсяго 48 гадзін таму, у Дамаск з трыўмфам увайшоў джыхадыст на імя аль-Джулані, але што ў першую чаргу турбуе Еўропу? Не паслужны спіс новага лідара, і не дэстабілізацыя, якая пагражае рэгіёну. Не, галоўная праблема вялікіх еўрапейскіх дзяржаў – гэта, вядома ж, сірыйскія мігранты, якія жывуць у межах нашых меж. Усяго за некалькі гадзін цынізм еўрапейцаў звёў на нішто той момант калектыўнага гонару, які быў народжаны знакамітай фразай Меркель у 2015 годзе перад першым зыходам сірыйцаў – ‘Мы справімся’», – піша італьянскае выданне.
Па сканчэнні амаль пяці гадоў пасля брэкзіту Вялікабрытанія мае намер зблізіць свае пазіцыі з Еўразвязам у вобласці гандлёвай і абароннай палітыкі. У сувязі з гэтым міністр фінансаў брытанскага ўрада Рэйчэл Рыўз прысутнічала на сустрэчы Еўрагрупы ў Бруселі ў мінулы панядзелак. Гэта быў першы ўдзел канцлера брытанскага казначэйства ў такіх нарадах пасля выхаду Злучанага Каралеўства з Еўрасаюза. The Spectator выказвае вялікія сумневы.
«Лейбарысцкая партыя ўжо вылучыла планы па прывядзенні правіл па бяспецы для жывёл і раслін у адпаведнасць з правіламі ЕС – з мэтай аблягчэння гандлю. Гэтыя планы могуць на першы погляд здацца бяскрыўднымі, але яны могуць прывесці да аднаўлення – праз свайго роду чорны ход – большай часткі мікракіравання з боку Еўрасаюза ў харчовай і сельскагаспадарчай галінах, ад якога нас, уласна, і вызваліў брэкзіт. Неабходна захоўваць пільнасць. Гэтая сустрэча з’яўляецца трывожнай прыкметай наступнага: урад не мае намеру штосьці прадпрымаць для таго, каб спыніць павольнае, але дакладнае перацяканне ўлады з рук Вэстмінстэра назад у рукі Бруселя», – адзначае брытанскае выданне.
Урад Швецыі запланаваў выдзеліць субсідыі на будаўніцтва новых атамных рэактараў, а таксама забяспечыць гарантыі прыбытку задзейнічаным кампаніям. Гэтыя планы былі сустрэты крытыкай. Многія эксперты, прадстаўнікі фірм і ведамстваў асцерагаюцца таго, што будаўніцтва новых рэактараў апынецца занадта затратным, а таксама нанясе страты альтэрнатыўнай энергетыцы. Стакгольмская Expressen, наадварот, вітае гэтыя планы.
«Тое, што будаўніцтва новых рэактараў – справа дарагая, зусім не азначае, што адмовіцца ад такога абышлося б танней. Ні адна развітая краіна свету не робіць стаўку выключна на аднаўляльныя крыніцы энергіі. У энергетычным балансе змяшчаецца або атамная (і гідра-) энергія, або газ, нафту і вугаль. Выдаткі на альтэрнатыўную энергетычную сістэму, у рамках якой прамысловасці і прыватным дворагаспадаркам даводзіцца спадзявацца на сілу ветра, таксама вельмі высокія. Што да пытання нейтральнасці: энергетычная палітыка ніколі не была ў тэхнічных адносінах нейтральнай – і ніколі такой не будзе. Ужо зараз выдзяляюцца субсідыі на ветраэнергетыку і ўведзены штрафныя зборы за выкарыстанне выкапнёвых відаў паліва. Палітыка павінна ўзяць на сябе адказнасць за задавальненне асноўных запатрабаванняў грамадства, у лік якіх уваходзіць і забеспячэнне яго электраэнергіяй», – падкрэслівае швецкае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






