
Эстонія, Латвія і Літва пабудуюць Балтыйскую лінію абароны на расейскіх і беларускіх межах. Ці гатова Еўропа даць адпор у выпадку нападу РФ? Дзве дзяржавы для двух народаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Вайна Расеі супраць Украіны выклікае занепакоенасць у краінах Балтыі.
«Падчас сустрэчы міністраў абароны краін Балтыі ў Рызе 19 студзеня Латвія, Літва і Эстонія падпісалі пагадненне аб стварэнні сумеснай «Балтыйскай лініі абароны» для ўмацавання ўсходніх межаў сваіх краін, Еўразвяза і НАТА», – паведамляе міжнароднае выданне Defense Express.
„Міністры падпісалі пагадненне, згодна з якім Эстонія, Латвія і Літва пабудуюць супрацьмабільныя абарончыя збудаванні на сваіх межах з Расеяй і Беларуссю. Стварэнне супрацьмабільных абарончых збудаванняў – гэта старанна ўзважаны і прадуманы праект, неабходнасць якога абумоўлена цяперашняй сітуацыяй з бяспекай. Вайна Расеі ва Украіне паказала, што акрамя тэхнікі, боепрыпасаў і жывой сілы неабходныя і фізічныя абарончыя збудаванні на мяжы, каб абараніць тую ж Эстонію з першага метра. Эстонія ўжо абвясціла аб планах пабудаваць каля 600 абарончых бункераў уздоўж сваёй мяжы, таму можна чакаць, што падобныя меры будуць сярод запланаваных у Латвіі і Літве. Сумесная Балтыйская абарончая лінія на дадзены момант застаецца канцэптуальнай. Міністры абароны таксама падпісалі ліст аб намерах па рэактыўных сістэмах залпавага агню HIMARS, накіраваных на стварэнне асновы для сумеснага выкарыстання сістэмы ўзбраення як у мірны, так і ў ваенны час», – паведамляе міжнароднае выданне.
Поўнамаштабная вайна, распачатая Расеяй супраць Украіны, доўжыцца ўжо без малога два гады. Як ідуць справы з гатовасцю Еўропы да таго, што вайна можа выліцца за межы бягучага тэатра ваенных дзеянняў? «Пуцін не вырашыцца на ваеннае супрацьстаянне з Захадам», – адзначае на старонках венгерскага партала Index былы дэпутат парламента Венгрыі і экс-міністр адукацыі краіны Габар Фодар.
«Напад на Украіну і канфлікт з НАТА – гэта дзве розныя рэчы. У параўнанні з Украінай Расея мае вялікую перавагу, але ў выпадку канфлікту з Паўночнаатлантычным альянсам усё выглядае зусім інакш. Пуцін можа колькі заўгодна выседжваць ідэю помсты «каварнаму» Захаду, аднак тут ён сутыкаецца з сур’ёзнымі перашкодамі. А таму яму застаюцца толькі інтрыгі, распаўсюджванне фэйкаў, распальванне ўнутраных сварак – і таму падобнае. Вайна, якая бушуе вось ужо два гады ў нас па суседстве – жахлівая трагедыя, аднак небяспека таго, што яна выльецца ў сусветную вайну, пакуль што невысокая», – адзначае венгерскае выданне.
У тэлефоннай размове з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нетаньяху прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падкрэсліў, што ён па-ранейшаму прытрымліваецца меркавання, паводле якога шлях да міру паміж Ізраілем і палестынцамі пралягае праз рэалізацыю рашэння аб стварэнні дзвюх дзяржаў. Пры гэтым за дзень да размовы Нетаньяху ў чарговы раз адпрэчыў дадзеную ідэю. «Да мірнага ўрэгулявання яшчэ далёка як да Месяца, не кажучы ўжо аб рашэнні па прынцыпе “дзве дзяржавы для двух народаў», – заўважае венская газета Die Presse.
«Цяпер нікому не вядома, як і якім чынам можа скончыцца вайна ў Газе. Нягледзячы на ўсе разбурэнні, Ізраіль пакуль вельмі далёкі ад дасягнення сваёй мэты па ліквідацыі ХАМАС. І нават калі гэтую групоўку атрымаецца зрынуць, застаецца незразумелым, хто ў такім выпадку возьме на сябе адказнасць за кіраванне ў Сектары Газа. Шматнацыянальныя араба-заходнія ‘блакітныя каскі’ пакуль што існуюць толькі ва ўяўленні. Гаркавы ўрок для ізраільцян заключаецца ў тым, што пасля зыходу з сектара Газа ў 2005 годзе ў якасці падзякі ім дасталіся ракеты і тэрор. Дыпламатычныя намаганні ЗША заслугоўваюць павагі. І да гэтага часу ніхто не змог прапанаваць лепшай ідэі для дасягнення міру, чым рашэнне аб стварэнні дзвюх дзяржаў. Аднак на дадзены момант яго можна назваць, хутчэй, не «рашэннем», дык «ілюзіяй», – наракае аўстрыйскае выданне.
Пасля хвалі абурэння, выкліканай прасякнутымі планамі ўльтраправых па масавай дэпартацыі з Германіі, дэбаты аб забароне партыі АдГ атрымалі новы імпульс. У мінулыя выходныя сотні тысяч людзей па ўсёй краіне выйшлі на дэманстрацыі супраць правага экстрэмізму, а ў некаторых выпадках – і адкрыта супраць канкрэтна АдГ. Паводле апытанняў, зараз за АдГ па краіне прагаласавалі менш за 35 працэнтаў насельніцтва. Амстэрдамская газета De Volkskrant параўноўвае рост папулярнасці АдГ з падобнымі тэндэнцыямі ў іншых краінах Еўропы.
«У пэўным сэнсе Нямеччына ператварылася ў «нармальную» еўрапейскую краіну. Фрагментацыя электарату ўсё больш абцяжарвае фармаванне стабільных і эфектыўных урадаў, у тым ліку і ў Германіі. Як і ва ўсіх іншых еўрапейскіх краінах, частка выбаршчыкаў перакінулася да ўльтраправых. Аднак, улічваючы гісторыю краіны, уздым вельмі правых у Нямеччыне асабліва небяспечны. АдГ – небяспечная партыя, бо некаторыя яе прадстаўнікі падлашчваюцца з неанацызмам. Забараніць партыю цяпер азначала б хапіць праз край, але Нямеччына, безумоўна, павінна прыняць сур’ёзныя меры ў адносінах да палітыкаў ад АдГ, якія не выконваюць канстытуцыю краіны», – падкрэслівае нідэрландскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






