Як галоўны саюзнік Пуціна Беларусь зарабляе дзясяткі мільёнаў на кантрабандзе тытуню ў Вялікабрытанію. Паветраныя ўдары ЗША па вайсковых аб’ектах на Блізкім Усходзе. Партугалія: пратэсты паліцыянтаў выходзяць на новы ўзровень. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Дэмакратычныя актывісты папярэджваюць, што рэжым Лукашэнкі атрымлівае прыбытак ад незаконнага продажу тытуню ў Брытаніі, нягледзячы на міжнародныя намаганні па ізаляцыі і выгнанні дыктатуры. «Нелегальны тытунь з Беларусі, які, верагодна, каштуе дзясяткі мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, увозіцца ў Вялікабрытанію на фоне расту доказаў таго, што кантрабандныя цыгарэты выкарыстоўваюцца для ўзбагачэння карумпаванай дыктатуры ўсходнееўрапейскай краіны», – паведамляе брытанскае выданне Іnews.
«Брытанія імпартавала з Беларусі «напояў і тытуню» на суму амаль 162 мільёны фунтаў стэрлінгаў у мінулым годзе, нягледзячы на санкцыі, якія забараняюць большую частку гандлю з краінай з-за яе падтрымкі ўварвання Расеі ва Украіну. Па дадзеных мытняў Яе Велікасці, Вялікабрытанія штогод губляе каля 2,8 мільярда фунтаў стэрлінгаў у выглядзе падаткаў, схаваных ад выплаты кантрабанднага тытуню. Гандаль на «чорным рынку» таксама стварае небяспеку для здароўя чалавека, акрамя вядомых рызыкаў курэння, таму што ўключае ў сябе падробленыя цыгарэты, якія утрымліваюць высокі ўзровень таксічных металаў, такіх як ртуць і свінец, а таксама сляды рэчываў, у тым ліку сродкаў для знішчэння пустазелля і фекаліяў жывёл. Актывісты барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі, дзе Лукашэнка распачаў жорсткія рэпрэсіі ў 2020 годзе пасля таго, як адмовіўся пагадзіцца з паразай на прэзідэнцкіх выбарах, заявілі, што яны «ўзрушаныя» маштабам нелегальнага тытуню, які трапляе ў Брытанію. У снежні амэрыканскія ўлады ўвялі санкцыі ў дачыненьні да двух беларускіх тытунёвых магнатаў — Паўла Тапузідзіса і Віктара Пятровіча, якія валодаюць ТАА «Табак Інвест», якое да 2017 года было адзіным прыватным вытворцам тытуню ў Беларусі і вырабляе каля 30% ад агульнага аб’ёму вытворчасці ў краіне. Кампанія звязаная са складанай аперацыяй па кантрабандзе цыгарэт, накіраванай на Расею, якая прынесла ёй «мільёны даляраў даходаў». Беларусь даўно лічыцца адной з найбуйнейшых у свеце крыніц кантрабандных або нелегальных цыгарэт і тытунёвых вырабаў. У 2021 годзе мытныя органы Літвы заявілі, што, паводле ацэнак, 80 працэнтаў з 328 мільёнаў кантрабандных цыгарэт, канфіскаваных у тым годзе, паходзяць з Беларусі. Паводле іншай ацэнкі, каля 10% нелегальнага тытуню, які трапляе ў Брытанію, паходзіць з Беларусі», – падкрэслівае брытанскае выданне.
***
Паводле паведамленняў амерыканскіх вайскоўцаў, войска ЗША нанесла ўдары па больш за 85 мэтаў у Іраку і Сірыі. Мэты звязаны з іранскім Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі і падтрымліваемымі ім баевікамі ў іншых краінах рэгіёна. Па дадзеных з Ірака, у выніку ўдараў там загінула сама меней 16 чалавек. Нанесеныя ўдары сталі адказам Вашынгтона на гібель трох амерыканскіх салдат у Іарданіі ў выніку атакі дронаў. «Байдэн імкнецца захаваць уплыў ЗША ў рэгіёне», – адзначае рымская газета La Repubblica.
«Калі б ЗША не адрэагавалі, то ўсім стала б відавочна, што яны баяцца Тэгерана, а гэта абавязкова прывяло б да змены балансу сілаў на Блізкім Усходзе. І Байдэн вельмі добра ведае, якую цану заплаціць Амерыка, калі сыдзе з Блізкага Усходу: ён быў віцэ-прэзідэнтам у канцы 2013 года, калі Барак Абама вырашыў спыніць удары па пазіцыях Башара Асада, прэзідэнта ў Дамаску, які здзейсніў злачынства, пачаўшы выкарыстоўваць газ супраць грамадзянскага насельніцтва Сірыі. З таго моманту аўтарытэт ЗША ў рэгіёне пачаў падаць – на карысць Расеі Уладзіміра Пуціна. Байдэн, які тады сумняваўся ў правільнасці рашэння Абамы, зараз не захацеў здзяйсняць яшчэ адну падобную – і гэтак жа сур’ёзную памылку», – адзначае італьянскае выданне.
***
У мінулую суботу перад футбольным стадыёнам у Партугаліі адбыліся беспарадкі з удзелам заўзятараў, а паліцыянтаў, якія маглі б разняць іх, не было: супрацоўнікі паліцыі ў масавым парадку выйшлі на бальнічны ў знак пратэсту супраць нізкіх заробкаў. Прадстаўнік прафсаюза супрацоўнікаў паліцыі прыгразіў, што паліцыя можа таксама аб’явіць байкот падчас парламенцкіх выбараў 10 сакавіка. Паліцыя і нацгвардыя патрабуюць ад уладаў павялічыць аб’ём фінансавання органаў правапарадку, аднак часовы ўрад краіны не лічыць патрэбным рэагаваць. Лісабонская газета Público баіцца новай эскалацыі.
«Тое, што адбылося ў суботу, можа паўтарыцца: паліцыянты выйшлі на «бальнічны», адмовіўшыся працаваць падчас матчу паміж клубамі Фамалікан і Спортынг. У выніку адбыліся сутыкненні паміж балельшчыкамі абодвух клубаў за межамі стадыёна. Пра магчымасць паўтарэння акцыі паведаміў лідар прафсаюза паліцыянтаў у сваёй насцярожлівай заяве, у якой ён намякнуў на магчымасць дзяржаўнага перавароту. Паліцыя абсалютна мае рацыю, але зварот прафсаюзнай платформы да ўрада непрымальны, паколькі ў ім ужо ўтрымліваецца прамая пагроза, што наступным разам пратэсты супрацоўнікаў органаў правапарадку могуць праходзіць ужо па-за рамкамі закону», – падкрэслівае партугальскае выданне.
***
У Цэнтральнага банка Турцыі зноў змяніўся кіраўнік: пасля таго як Хафізе Гае Эркан аб’явіла ў мінулыя выхадныя аб сваёй адстаўцы, яе пераемнікам быў прызначаны яе намеснік Фаціх Карахан. Эркан заявіла, што стала ахвярай шырокай кампаніі па дыскрэдытацыі яе імя. У апошнія тыдні супраць яе гучалі абвінавачанні ў кумаўстве. Па чутках, бацька былога кіраўніка ЦБ атрымаў службовы аўтамабіль, і нават быў уцягнуты ў прыняцце кадравых рашэнняў. «Не варта зыходзіць з таго, што Цэнтрабанк зноў вырашыць вярнуцца да неартадаксальнай грашова-крэдытнай палітыкі эрдаганаўскага разліву», – піша турэцкае выданне Yetkin Report.
«Цяперашняя эканамічная праграма кульгае на абедзве нагі, і адна з галоўных прычын гэтага заключаецца ў тым, што на фоне вопыту мінулых гадоў ёсць абгрунтаваныя асцярогі, што Цэнтрабанк «павяртаецца да палітыкі, якая лічылася неразумнай». Гэтыя сумневы не атрымоўваецца рассеяць, нягледзячы на падвышэнне ключавой стаўкі з 8,5 да 45 адсоткаў і нягледзячы на змену падатковых ставак, закліканае не дапусціць падвышэнні дэфіцыту бюджэту да занадта ўжо высокіх паказчыкаў. Аднак не варта зыходзіць з таго, што змена кіраўніка будзе азначаць адмову ад гэтага шляху. Каманда, якая праводзіла з чэрвеня грашова-крэдытную палітыку, застаецца ў сядле – змяняецца толькі старшыня», – наракае турэцкае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






