BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Назад да каштоўнасцяў

  • Больш за паўтысячы легкавых аўто стаяць у чэргах, спрабуючы выехаць з Беларусі ў ЕЗ
  • Газа, Ліван, Іран на парозе вайны?
  • Калі ВСУ ўдараць па «трыумфу Пуціна»?
Здымак ілюстрацыйны

«Патрапіць з Беларусі ў Польшчу можна праз адзіны працуючы пункт пропуску ў Берасці. На ім, паводле звестак Дзяржпагранкамітэта, выезду чакаюць 220 легкавых аўтамабіляў. Як пішуць карыстальнікі чата для тых, хто перасякае мяжу, чаканне складае ад 8 да 19 гадзін», – перадае нямецкае выданне DW.

«Беларуска-літоўскую мяжу раніцай 5 студзеня спрабавалі перасекчы каля 340 аўтамабіляў, большасць з іх – праз пункт пропуску “Каменны лог”: раніцай тут было каля 100 аўтамабіляў. Чаканне ў чарзе складае ад 6 гадзін, пішуць удзельнікі тэматычнага чата. Пасажырам рэйсавых аўтобусаў удаецца прайсці мяжу прыкладна за дзве гадзіны. Напрыканцы 2023 года на мяжы ЕЗ і Беларусі ўтварыліся яшчэ больш доўгія чэргі: у некаторых на яе праходжанне ішло каля 38 гадзін. Цяпер найбольш напружаная сітуацыя ў зваротным напрамку – на выезд з Беларусі ў краіны ЕЗ», – папярэджвае нямецкае выданне.


Суніцкая тэрарыстычная групоўка Ісламская дзяржава (ІДзІЛ) узяла на сябе адказнасць за тэракт на памінальнай службе па Касему Сулеймані у Кермане (Іран), у выніку якога загінула больш за 80 чалавек. Тэгеран прыгразіў адплатай. Паколькі падобныя заявы аб помсце прагучалі і з боку шыіцкай Хезбалы ў Ліване – у адказ на забойства лідара ХАМАС Салеха аль-Аруры некалькі дзён таму, аглядальнікі асцерагаюцца, таго, што ў канфлікт можа быць уцягнуты ўвесь рэгіён. «Судзячы па ўсім, хтосьці спрабуе ўцягнуць у вайну ўвесь рэгіён», – мяркуе люблінская газета Dnevnik.

«Смерць аль-Аруры, далёка не самага важнага лідара ХАМАС, значная перш за ўсё ў сілу месца, дзе ён быў забіты. Дрон нагнаў яго ў паўднёвым Бейруце, дзе размяшчаецца штаб-кватэра групоўкі Хезбала. Гэты напад стаў адкрытым выклікам Хезбалле – і заклікам уступіць у вайну. Калі ўчора ў іранскім Кермане было забіта больш за 80 чалавек, сталі відавочнымі контуры палітыкі, накіраванай на ўцягванне так званых «паўстанцкіх сіл» (ХАМАС, Хезбала, Іран і хусіты) у адкрыты рэгіянальны канфлікт», – піша славенскае выданне.


«Сілы абароны Украіны падчас контрнаступлення ў 2024 годзе засяродзяцца на вызваленні акупаванага агрэсарам Расеяй Крыма. Паўвыспа стала жыццёва важным шляхам забеспячэння расейскіх войскаў на поўдні і з’яўляецца прапагандысцкім сімвалам кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна», – піша брытанскі часопіс The Economist.

«Удары па Крымскай паўвыспе збянтэжаць Пуціна і нанясуць шкоду магчымасцям расейцаў. Украіна ў 2024 годзе засяродзіцца на вызваленні Крыма, які стаў важнай лініяй лагістыкі забеспячэння акупантаў на поўдні.

Гэтая паўвыспа з’яўляецца жыццёва важным шляхам забеспячэння расейскіх войскаў на поўдні Украіны; яе анэксія ў 2014 годзе стала прапагандысцкім трыумфам Пуціна. Паспяховыя ўкраінскія атакі на Крым нанясуць шкоду магчымасцям Расеі і збянтэжаць Пуціна. А таму Захад павінен вырашыць пытанне з падтрымкай Украіны. На фоне спынення ваеннай дапамогі з боку ЗША і фінансавай падтрымкі Еўразвяза, палітыкі на Захадзе павінны вырашыць пытанне падтрымкі Украіны. Цана стрымлівання Расеі, у выпадку яе перамогі ў вайне, будзе значна вышэйшай, чым цана падтрымкі трыумфу Кіева. Заходнія лідары больш не могуць пакінуць размовы Зяленскаму. Ім трэба самім прыводзіць аргументы для адпраўкі грошай ва Украіну. Украіна зможа пайсці ў новае контрнаступленне толькі ў 2025 годзе, а зараз вайна будзе ісці яшчэ мінімум год», – падсумоўвае брытанскае выданне.


Пасля крытыкі ў свой адрас у адстаўку сыйшла прэзідэнт Гарварда – аднаго з самых прэстыжных універсітэтаў ЗША. Клодзін Гэй была абвінавачаная, па-першае, у тым, што недастаткова дыстанцыявалася ад антысеміцкіх выказванняў, якія гучалі падчас дэманстрацый на тэрыторыі ўніверсітэта, а па-другое – у плагіяце. Падчас слуханняў у Кангрэсе на пытанне пра тое, ці не парушае заклік да генацыду яўрэяў этыкі і правілаў універсітэта, Гэй адказала, што трэба ўсё разглядаць у кантэксце. Стакгольмская газета Svenska Dagbladet лічыць адстаўку адэкватным крокам.

«Вядома, нельга ўзвальваць усю адказнасць за тое, што адбываецца ў Гарвардзе на адну толькі Клодзін Гэй. Крывадушнасць па пытанні межаў вольнага выказвання меркаванняў – гэта вынік аднабаковага радыкалізму, збудаванага ва ўніверсітэцкім асяроддзі ў ранг прама-такі інстытуцыйнай рэлігіі. У той жа самы час ёсць надзея на тое, што шквал крытыкі апошніх некалькіх месяцаў дасць штуршок да свайго роду пераацэньвання каштоўнасцяў у амерыканскіх універсітэтах. Наша сціплая парада: паспрабаваць што-небудзь новае, а яшчэ лепш – што-небудзь старое і праверанае часам!», – заклікае шведскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя