BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Назаўжды пад падазрэннем

ЕЗ «закрыў неба» турэцкай авіякампаніі і яе егіпецкім партнёрам за сувязі з Расеяй. Калі Пуцін нападзе, многае залежыць ад Deutsche Bahn. Ці стануць новыя пратэсты пагрозай для Біньяміна Нетаньяху? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Еўразвяз «закрыў неба» турэцкай авіякампаніі Southwind і яе егіпецкай філіі Air Cairo з-за іх сувязяў з расейскімі структурамі. «Рашэнне было выклікана санкцыямі, уведзенымі ЕЗ у дачыненні да Расеі да і пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе», – каментуе еўрапейскае выданне Kyivpost.

«Нямецкі Bild заявіў, што фінскія ўлады былі першымі, хто распачаў расследаванне Southwind пасля таго, як ён прапанаваў новы маршрут паміж Анталіяй і Хельсінкі. Кампанія, зарэгістраваная ў Турцыі, была заснавана ў красавіку 2022 года, неўзабаве пасля пачатку вайны. Расследаванне паказала, што ўсе тры самалёты і значная колькасць супрацоўнікаў былі звязаныя з авіякампаніяй Nordwind, якая належыць расейскаму турыстычнаму агенцтву Pegas Touristik, якое таксама лічыцца акцыянерам AirCairo. Паводле інфармацыі расейскага турыстычнага сайта ATOR, рэйсы Southwind паміж Расеяй, Беларуссю і Турцыяй працягваюць выконвацца, але, паводле звестак, атрыманых службай Flight Radar 24, усе самалёты цяпер павінны ляцець ва ўсходнім напрамку і абгінаць Чорнае мора ды пазбягаць тэрыторыю ЕЗ. Гэта дадае дадатковы палётны час і выдаткі на яго рэйсы з Анталіі ў Уфу, Екацярынбург і Менск. Паводле некаторых звестак, ініцыятарам забароны ЕЗ і першай краінай, якая закрыла сваю паветраную прастору як для Southwind, так і для Air Cairo, была Рэспубліка Кіпр», – падкрэслівае еўрапейскае выданне.

***

На другую палову траўня ў Літве запланаваны ваенныя вучэнні Grand Quadriga 2024, частка вучэнняў Quadriga 2024. У Літву прыбудуць падраздзяленні Бундэсвера, а самі вучэнні стануць сімуляцыяй адказу NATO на напад Расеі (і (або) Беларусі) і спробу захапіць Сувалкскі калідор. «Калі такі напад адбудзецца, то абараняць калідор трэба войскам Літвы, Польшчы і Германіі (якія ўжо знаходзяцца ў Літве). Ім на дапамогу будуць перакінуты дадатковыя падраздзяленні з ФРГ. Менавіта такі сцэнарый і будзе адпрацоўвацца ў траўні», – піша нямецкае выданне fr.de.

«Аб лагістыцы нямецкі бок ужо паклапаціўся: Бундэсвер заключыў на два гады пагадненне з чыгуначным аператарам Deutsche Bahn, па якім для арміі зарэзерваваны 300 вагонаў і лакаматываў у год для транспарціроўкі цяжкага ўзбраення ў Літву. У выпадку надзвычайнай сітуацыі Deutsche Bahn гарантуе штодзённую адпраўку двух дадатковых вайсковых эшалонаў у Літву. Імпэрыялізм Масквы ў вайне ва Украіне служыць прыкладам перасцярогі, у той час як усходнія хаўруснікі абарончага альянсу паміж Прыбалтыкай і Польшчай баяцца за свой дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць. Па гэтай прычыне «Grand Quadriga 24» (з 15 па 30 траўня) — гэта значыць перадыслакацыя нямецкіх войскаў у Прыбалтыку — стане важнай часткай буйных вучэнняў NATO «Steadfast Defender 24», у якія ўваходзяць усе падраздзяленні альянсу», – падкрэслівае нямецкае выданне.

***

У Ізраілі прайшлі найбуйнейшыя масавыя пратэсты з моманту пачатку канфлікту ў сектары Газа. 30 сакавіка тысячы чалавек выйшлі на вуліцы Тэль-Авіва, а 31 сакавіка сабраліся ля будынка парламента ў Іерусаліме. Яны патрабуюць вяртання заложнікаў, а таксама адстаўкі прэм’ера Біньяміна Нетаньяху і правядзення датэрміновых выбараў. Пры гэтым Ізраіль працягвае падрыхтоўку да ваеннай аперацыі ў Рафаху – горадзе на мяжы сектара Газа і Егіпта. Па словах Нетаньяху, без наземнага ўварвання немагчыма здушыць рух “Хамас”. ЗША ж настойваюць на тым, каб кабінет прэм’ер-міністра даў дакладны план эвакуацыі мірнага насельніцтва. «Гэты тыдзень будзе самым небяспечным для прэм’ер-міністра», – падкрэслівае брытанская газета The Guardian. «Агульнанацыянальныя пратэсты супалі з рэпартажамі егіпецкага тэлеканала “Аль-Кахіра аль-Іхбарыя”. Па дадзеных журналістаў, перамовы аб перамір’і паміж Ізраілем і “Хамасам” плануецца аднавіць у Каіры. Пры гэтым сам Нетаньяху заявіў у нядзелю, што наступ на Рафах працягнецца. Паводле яго слоў, спалучэнне ваеннага націску і гнуткасці ў перагаворах прывядзе да вызвалення заложнікаў. Цяпер у Рафаху хаваецца палова насельніцтва Газы», – удакладняе The Guardian.

***

Пасля жорсткага тэракту ў падмаскоўным Краснагорску, адказнасць за які ўзяла на сябе групоўка ІГІЛ, і ў іншых краінах расце трывога з нагоды магчымых нападаў ісламістаў. У Францыі ўведзены вышэйшы ўзровень тэрарыстычнай пагрозы, а міністр унутраных спраў ФРГ Нэнсі Фезер заявіла, што небяспека тэрактаў з боку ІГІЛ у Германіі можна назваць «вострай». Дацкая газета Jyllands-Posten заклікае да пільнасці.

«Калі ў 1991 годзе распаўся Савецкі Саюз, ва ўсіх былі завышаныя чаканні адносна мірнай будучыні, а пасля тэрактаў 11 верасня 2001 г. выклікі з Усходу абмяркоўваліся ў недастатковай ступені. Дэбаты аб абароне Украіны пазбавілі кіслароду ўсе дыскусіі на тэму палітыкі бяспекі. Наш абавязак – быць у стане адначасова супрацьдзейнічаць пагрозам, якія зыходзіць з розных напрамкаў. Для гэтага палітыкі павінны рэальна глядзець на рэчы, і мы павінны быць гатовымі ўсе разам інвеставаць у нашу агульную бяспеку. Інакш нас чакаюць жахлівыя падзеі, падобныя да таго, што здарылася на мінулым тыдні падчас звычайнага канцэрту ў Маскве», – адзначае дацкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя