Ці ўратуе Трамп беларускіх палітвязняў? Трамп патэлефанаваў Пуціну. Румынія: новы прэзідэнт на пераходны перыяд. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«У сераду, 12 лютага, супрацоўнікі Дзярждэпа прывезлі з Беларусі ў Вільню трох зняволеных беларускіх турмаў. Неназванага грамадзяніна ЗША і двух палітвязняў – журналіста “Радыё Свабода” Андрэя Кузнечыка і шматдзетную маці, пінчанку Алену Маўшук», – паведамляе DW.
«Апошнія падзеі, праўда, не тыя, што звязаныя з палітвязнямі, а іншыя – званок Дональда Трампа Пуціну – даюць Лукашэнку надзею. Не, не на рост легітымнасці. За гэтым яму не да Трампа, а да ўласнага народа. А народ запалоханы, таму маўчыць, але любоўю і легітымнасцю тут не пахне. Але надзея ў чарговы раз прайсці паміж струменьчыкамі, вярнуць у Менск амбасадара ЗША, а то і пасядзець за сталом перамоваў – яна зноў замігцела. Гэта – сур’ёзная размова вопытных палітыкаў. Напрыклад, як лічыць, экс-палітвязня Вольга Лойка, відавочна, што выратаваць хаця б частку палітвязняў праз амерыканскі трэк – магчыма. “Ці можам мы падзяліць палітыку і актывізм і ў інтарэсах усіх грамадзян Беларусі зрабіць усё магчымае для вызвалення тых, хто гадамі сядзіць у беларускіх турмах за выказанае меркаванне, за мірныя пратэсты, за нязгоду з насіллем і фальсіфікацыямі на выбарах”, – задаецца пытаннем DW.
У сераду прэзідэнт ЗША Трамп правёў тэлефонную размову з расейскім дыктатарам Пуціным і, па словах самога Трампа, дамовіўся аб “неадкладным” пачатку мірных перамоваў па вайне ва Украіне. Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Пяскоў пацвердзіў, што Масква, маўляў, да перамоў гатова. Пасля званка Пуціну Трамп перагаварыў па тэлефоне і з прэзідэнтам Украіны Зяленскім. Рымская La Repubblica раіць Еўропе паразважаць аб ідэях Трампа.
«Падзел Украіны за кошт перамір’я на два рэгіёны – накшталт таго, як у 1953 годзе па 38-й паралелі паўночнай шыраты была падзелена Карэя, – стане самым спрэчным пунктам. Не ў апошнюю чаргу таму, што новая мяжа працягнецца больш за 1000 кіламетраў – і для назірання за ёй запатрабуецца вялікі вайсковы кантынгент, які мог бы прыбыць з Еўропы і Турцыі. Ды і з Італіі таксама! Таму Еўропа мусіць змяніць свой падыход і пачаць супрацоўнічаць з прэзідэнтам ЗША. Няма сумневаў у тым, што Трамп выступае за радыкальны разрыў з мінулым, але Еўропа па-ранейшаму зацікаўлена ва ўмацаванні атлантычнага саюза, а гэта азначае, што неабходна прыняць выклік і сумесна выпрацаваць “неканвенцыйны” падыход – каб знайсці выхад з канфліктаў, па якіх да гэтага часу так і не знаходзілася рашэнні”, – піша італьянскае выданне.
У Румыніі з’явіўся новы кіраўнік дзяржавы – Іліе Балаян, якому даручана выконваць абавязкі прэзідэнта да новых выбараў, прызначаных на май гэтага года. Крыху раней цяпер ужо экс-прэзідэнт Клаўс Ёханіс аб’явіў аб сваёй адстаўцы, бо пасля анулявання вынікаў першага тура прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2024 года фактычны тэрмін яго паўнамоцтваў скончыўся. Балаян, прыхільнік ліберальна-кансерватыўных поглядаў, у снежні быў абраны старшынёй Сената. Раней ён займаў розныя пасады на муніцыпальным узроўні. Хаця ўрад краіны ўжо нагледзеў сабе іншага кандыдата, партал G4Media.ro лічыць, што Балаян можа і затрымацца на сваёй цяперашняй пасадзе.
«Чаму кандыдатура Балаяна ў траўні будзе мець больш шанцаў, чым любая іншая? Таму што роля часова выконваючага абавязкі прэзідэнта працуе як перадвыбарчы трамплін для любога палітыка, які перабіраецца ў прэзідэнцкі палац. Гэтая роля забяспечвае яму максімальную публічнасць, прысутнасць – і магчымасць даказаць іншым, што ён падыходзіць на пасаду кіраўніка дзяржавы. Вядома, можа здарыцца і так, што будзе бачны і той максімум, на які ён здольны. На працягу сваёй кар’еры Балаян займаў толькі адміністрацыйныя пасады на муніцыпальным узроўні – ён быў мэрам і кіраўніком акругі. У вялікую палітыку ён ніколі мо не планаваў. Але пасада часова выконваючага абавязкі прэзідэнта зараз дае яму канкурэнтную перавагу», – піша румынскі партал.
Перамовы пра стварэнне кааліцыі паміж Аўстрыйскай народнай партыяй і Аўстрыйскай партыяй свабоды з трэскам праваліліся. Як заявіў лідэр АПС Герберт Кікль, галоўнай прычынай гэтага стала спрэчка вакол размеркавання міністэрскіх партфеляў. Раней дамоўленасці паміж сабой не здолелі дасягнуць Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі, Аўстрыйская народная партыя і партыя NEOS – Новая Аўстрыя і Ліберальны форум. «Кікль занадта высока замахнуўся», – такую выснову робіць і міланская Corriere della Sera.
«Яшчэ ў мінулую суботу ‘патрыёты’ ў Мадрыдзе святкавалі ‘адваяванне’ Еўропы і ўшаноўвалі магчымае прызначэнне ‘аднаго са сваіх’ на пасаду федэральнага канцлера Аўстрыі. Аднак усё выйшла інакш: АПС і АНП не змаглі дасягнуць дамоўленасці ў сілу разыходжанняў па такіх пытаннях, як Расея і вайна ва Украіне, адносіны з Еўрапейскім звязам, а таксама на фоне патрабавання Кікля даверыць яго партыі кіраўніцтва такімі органамі, як спецслужбы, міністэрствы фінансаў і ўнутраных спраў, што, уласна, і патрабуецца для ажыццяўлення радыкальнага развароту ў палітыцы прадастаўлення прытулку», – падкрэслівае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






