BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Не без прымусу

Пенсійны план Лукашэнкі. Фінляндыя: уцёкі з запасу. Якой атрымалася размова Такера Карлсана з Уладзімірам Пуціным? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Нядаўнія рашэнні Лукашэнкі паказваюць, што ён рыхтуе глебу для сваёй палітычнай адстаўкі, што робіць выбары ў гэтым месяцы вельмі цікавымі», – піша міжнароднае выданне The Diplomaticourier.

„Вынікі парламенцкіх і мясцовых выбараў у Беларусі, прызначаных на 25 лютага 2024 года, тэарэтычна павінны быць лёгка прадказальнымі. За апошнія чатыры гады лідары празаходніх і нацыяналістычных партый апазіцый былі альбо арыштаваныя, альбо высланыя. Аднак гэта не значыць, што галасаванне не прынясе ніякіх зменаў у палітычным жыцці краіны. На сёння Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе палітычныя партыі адыгрываюць нязначную ролю. Лукашэнка імкнецца да ўзмацнення ролі Усебеларускага народнага сходу (УНС), што можа прывесці да паступовай трансфармацыі палітычнай сістэмы краіны. У выніку кіруючы камітэт УНС неўзабаве можа пачаць адыгрываць галоўную ролю ў беларускай палітыцы, хаця Лукашэнка амаль напэўна працягне цягнуць за вяроўкі за кулісамі. Падобная мадэль перадачы ўлады ўжо была рэалізаваная ў Казахстане пасля таго, як былы лідар сярэднеазіяцкай краіны Нурсултан Назарбаеў сышоў у адстаўку ў 2019 годзе, але захаваў велізарны ўплыў як кіраўніка кіруючай партыі «Нур-Отан» і Рады нацыянальнай бяспекі краіны. Аднак гэта не перашкодзіла новым уладам прыцягнуць да адказнасці яго сваякоў і пачаць працэс дэназарбаефікацыі Казахстана. Цалкам усведамляючы гэта, Лукашэнка, як дасведчаны кіраўнік, хутчэй за ўсё, імкнецца знайсці спосаб пазбегнуць лёсу Назарбаева. Тэарэтычна ён мог бы прызначыць сваім пераемнікам кагосьці са сваіх сыноў, хоць у Беларусі няма гісторыі падобнай перадачы ўлады. Такім чынам, не выключана, што ён зноў будзе балатавацца ў прэзідэнты ў 2025 годзе. Парламенцкія выбары, са свайго боку, не акажуць непасрэднага ўплыву на яго праўленне, хоць яны могуць пракласці шлях для патэнцыйнага пераходу ўлады», – адзначае міжнароднае выданне.

У Фінляндыі разгарэліся дэбаты наконт вайсковай павіннасці: на мінулым тыдні ў сваім інтэрв’ю міністр абароны Анці Хякянен заявіў пра тое, што неабходна знайсці спосаб прадухіліць выхад грамадзян з запасу. Аднак яго выказванне прынесла непрыемныя наступствы: за кароткі час з запасу вырашылі выйсці адразу вельмі многія. Нацыянальная прэса рэкамендуе іншыя захады. «Нікога гвалтам не прымусіш радзіме служыць», – адзначае газета Etelä-Saimaa.

«Такая заява здзівіла, і перш за ўсё, на фоне таго, што зараз гатоўнасць абараняць краіну вышэйшая, чым калі б то на было, і армія прыклала нямала намаганняў для рэкламы добраахвотных курсаў нацыянальнай абароны, а таксама для павышэння прывабнасці ваеннай службы для моладзі ў Фінляндыі: мужчыны зараз могуць выбіраць паміж тэрміновай і альтэрнатыўнай службай. Улічваючы змененую палітычную сітуацыю ў свеце, зразумела, што Фінляндыя мае намер падтрымліваць сваю абароназдольнасць на максімальна высокім узроўні. Аднак для маладога пакалення «бізун» – дрэнная матывацыя. Патрыятызм і волю абараняць сваю краіну можна і трэба ўмацоўваць іншымі спосабамі», – заклікае фінскае выданне.

Інтэрв’ю Уладзіміра Пуціна Такеру Карлсану набрала больш за 70 млн праглядаў праз некалькі гадзін пасля публікацыі. Імя прэзідэнта ўвайшло ў актуальныя тэмы сацсеткі X, колькасць пастоў з яго згадкай дасягнула амаль 1,5 млн. Відэа размясціўся на сваю асабістую старонку ўладальнік пляцоўкі Ілон Маск. Аднак нягледзячы на ажыятаж вакол інтэрв’ю, многія заходнія СМІ яго раскрытыкавалі. The Washington Post назваў маналог Пуціна «рэвізіянісцкай гістарычнай тырадай». Выданне падкрэслівае, што прэзідэнт ледзь дазваляў журналісту ўставіць слова, большую частку інтэрв’ю Карлсан правёў моўчкі ці з разгубленым выглядам. «Таксама ён не задаў Пуціну вострых пытанняў, напрыклад, аб рэпрэсіях супраць палітычных актывістаў. Інтэрв’ю Карлсана не падобна на медыясенсацыю, якую ён рэкламаваў», – заключае выданне.

«Тым не менш Пуцін быў мірна настроены ў адносінах да Захаду і не прамаўляў палымяныя прамовы, якія звычайна чуе ўнутраная аўдыторыя», – падкрэслівае The New York Times. Прэзідэнт быў больш стрыманы і не гаварыў аб заняпадзе і выраджэнні. Выданне таксама лічыць, што расейскі лідар быў больш адкрыты, чым звычайна, калі казаў аб заканчэнні канфлікту ва Украіне. «На яго думку, баявыя дзеянні павінны завяршыцца пагадненнем з Захадам. Карлсан падкрэсліваў, што яму прыйшлося пагаварыць з расейскім прэзідэнтам, каб растлумачыць амерыканскай грамадскасці мэты баявых дзеянняў, аднак незразумела, ці дойдзе пасланне да аўдыторыі, уражанай гістарычным маналогам», – заключае выданне.

Прэзідэнт Венгрыі Каталін Новак памілавала асуджанага, прызнанага вінаватым у дапамозе гвалтаўніку, які здзяйсняў сэксуальныя здзекі над выхаванцамі дзіцячага дома. Гэтае рашэнне таксама падпісала і міністр юстыцыі Юдзіт Варга. Як устанавіў суд, злачынец спрабаваў падкупіць пацярпелых і прымусіць іх даць ілжывыя паказанні. Гучны скандал кідае цень і на кіруючую партыю Фідэс, якая апраўдвала сваё дыскрымінацыйнае заканадаўства аб ЛГБТ, сярод іншага, абаронай дзяцей. А сама прэзідэнт у выніку падала ў адстаўку, бо памілаванне выклікала скандал. Будапешцкая газета Népszava не хавае сарказму.

«У доўгатэрміновай перспектыве любая закрытая сістэма абавязкова выдае сур’ёзныя памылкі. Нават самы апошні з міністэрскіх службоўцаў у імгненне вока засвоіў, што для прасоўвання па кар’ерных сходах не патрэбныя ніякія прафесійныя дасягненні – досыць ведаць, пад чыю дудку скакаць. Так што цалкам магло здарыцца, што хтосьці з гэтага войска працоўных у поце твару свайго ў даведзеным да ручкі міністэрстве юстыцыі паспрыяў таму, каб прашэнне аб памілаванні, пададзенае саўдзельнікам педафіла Эндру К., было ўхвалена. Варга і Новак, мусіць, падмахнулі б і рэцэпт бісквіту на вадзе, калі б ім яго сунулі пад нос. Не выклікае сумневаў толькі тое, што рэпутацыя заступнікаў саўдзельніка педафіла ім сапраўды ні навошта», – падсумоўвае венгерскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.