Ва Украіне ўмацоўваюць мяжу з Беларуссю. Швейцарыя заявіла, што гатова арганізаваць сустрэчу Трампа і Пуціна па расейска-ўкраінскай вайне. У памяць пра падзеі 13 студзеня ў Вільні былі запалены вогнішчы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

„Сотні кіламетраў выкапаных равоў, інжынерных збудаванняў і замініраванай мяжы. Ва Украіне працягваюць умацоўвацца ад Беларусі. Максімальна перакрываючы шляхі магчымага руху суперніка. У прыгранічнай Гомельскай вобласці зараз працягваюцца ваенныя вучэнні”, – піша буйны навіновы партал TSN.UA.
«Робіцца ўсё, каб Расея зноў, як у 2022-м не змагла выкарыстоўваць Беларусь для ўварвання ва Украіну. Вось памежная паласа на пункце пропуску Выступовічы ля Жытоміра. Вакол загароды і міны. Гэта толькі частка тутэйшай абароны ад наступу з боку Беларусі. Тое, што можна паказаць, гавораць пагранічнікі. Гэта зараз тут роў. А перад поўнамаштабным уварваннем Расеі была новая дарога, якая злучала Украіну з паўночным суседам. Адзін з самых ажыўленых шляхоў Жытомірскай вобласці. Інжынерныя ўмацаванні ўзводзяць увесь час, кажуць, каб не дапусціць магчымае паўторнае ўварванне з паўночнага кірунку. На дапамогу найбліжэйшая палеская балоцістая мясцовасць – найважнейшая перашкода для наступу. Непажаданыя госці ва Украіне не патрэбны. Такім чынам, сотні кіламетраў мяжы будуць уладкоўваць абаронай і мініраваць, гавораць, і далей”, – піша ўкраінскае выданне.
Швейцарыя гатова арганізаваць сустрэчу абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, калі яны пра гэта папросяць. Пра гэта швейцарскай газеце Le Temps паведаміў кіраўнік службы інфармацыі МЗС Швейцарыі Нікаля Бідо 10 студзеня. Расейскія СМІ звярнулі ўвагу на яго заяву толькі зараз.
“Пасля саміту ў Бюргенштоку Украіна, Расея і ЗША рэгулярна інфармаваліся пра нашу гатовасць падтрымаць любыя дыпламатычныя намаганні па ўстанаўленні міру”, — паведаміў прадстаўнік МЗС. Як адзначае Le Temps, улады Швейцарыі не маюць намеру праяўляць ініцыятыву, каб арганізаваць перамовы. Выданне паказвае, што Швейцарыя – адна з некалькіх краін, гатовых прыняць сустрэчу Трампа і Пуціна. «Дональд Трамп раней казаў, што гатовы правесці сустрэчу з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, каб пакласці канец расейска-ўкраінскай вайне. Трамп заявіў 7 студзеня, што разлічвае сустрэцца з Пуціным на працягу паўгода пасля таго, як 20 студзеня заступіць на пасаду прэзідэнта ЗША. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў 10 студзеня, што ніякай канкрэтыкі ў дачыненні да арганізацыі перамоваў няма», – падкрэслівае швейцарскае выданне.
Напярэдадні Дня абаронцаў свабоды ў сталіцы Літвы запальваюць памятныя вогнішчы. «Першыя вогнішчы запалены каля тэлевежы і будынку LRT. Цырымонію наведаў і прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа», – передае ўласна сам партал навін Lrt.lt.
«Mерапрыемства ля тэлевежы пачалося а 16:30. Апроч прэзідэнта, яго наведалі прадстаўнікі міністэрстваў, мэр Вільні, іншыя палітыкі. Запалены свечкі, ускладзены памятныя вянкі. Прыходзілі не толькі палітыкі, але і простыя людзі. Ставяць свечкі ў памяць пра абаронцах свабоды, якія загінулі тут 13 студзеня, 34 гады таму. Хоць надвор’е было не вельмі, народу сабралася шмат. Людзі гавораць: вельмі важна прыйсці, успомніць, вельмі важна прывесці сваіх дзяцей, расказаць ім, каб яны таксама ведалі, каб захоўвалі памяць пра людзей, якія загінулі за свабоду Літвы. І гэта важна для кожнага грамадзяніна Літоўскай Рэспублікі, таму што тады ішла барацьба за нашу незалежнасць. У тых, хто не ведае гісторыі, няма будучыні. Тады, у 1991 годзе, многія стаяла тут… І гарбату прыносілі сюды, і танчылі. А ў дванаццаць гадзін – пачалі страляць. Тут, прама каля будынка LRT, 13 студзеня быў забіты Альвідас Канапінскас, якому было 38 гадоў. Вогнішча запалена ў памяць пра яго. У 18.00 памятныя вогнішчы былі запаленыя і на плошчы Незалежнасці каля будынка Сейма», – перадае літоўскі навінавы партал.
Ілан Маск, найбагацейшы чалавек планеты і будучы дарадца прэзідэнта ЗША, правёў на сваёй платформе X 75-хвілінную гутарку з лідарам нямецкай партыі АдГ Аліс Вайдэль. Маск таксама недвухсэнсоўна заклікаў галасаваць за гэтую вельмі правую партыю. Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі наконт самой гутаркі, а таксама матываў Маска і яго ўплыву. «Ілан Маск здольны даставіць Нямеччыне яшчэ больш непрыемнасцяў», – папярэджвае будапешцкі штотыднёвік hvg.
«Маск усяго толькі скарыстаўся сваім правам на свабоду выказвання, – мяркуюць тыя, хто лічыць, што не трэба пераацэньваць значнасць яго падтрымкі АдГ. Аднак гаворка ідзе пра большае. Бо найбагацейшы чалавек у свеце, які займае пасаду адмысловага дарадцы прэзідэнта ЗША, якія ўяўляляюць самую магутную ваенную і эканамічную дзяржаву міру, ды яшчэ і ўладальнік сацыяльнай сеткі X, дэ-факта вольны рабіць усё, што яму захочацца. Можа фінансаваць кампаніі, маніпуляваць навінамі і фэйкавымі паведамленнямі – ці, калі захоча, па сваім меркаванні адкрыць або закрыць свой завод у Германіі. У апошнім выпадку ён мог бы ‘паднесці ў падарунак’ нямецкім палітыкам, якіх ён і без таго лічыць ‘дурнямі’, 12 тысяч беспрацоўных», – піша венгерскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






