BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Не пакаранне, але дапамога

Удзел Менска ў перамовах паміж Украінай і Расеяй: што думаюць эксперты з ФРГ. На каго разлічваць Украіне ў 2025 годзе? Сірыя: як ставіцца да новай улады? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Беларусь прэтэндуе на месца за сталом мірных перамоваў па Украіне, калі яны пачнуцца, заявіў нядаўна намеснік міністра замежных спраў РБ Юрый Амбразевіч. «Наколькі гэта рэальна? І што наконт удзелу дэмакратычных сіл?», – задаецца пытаннем DW і размаўляе з нямецкімі экспертамі.

«У цэлым нямецкія эксперты не бачаць прычын, па якіх Беларусь павінна ўдзельнічаць у перамовах. “Сумняваюся, што Менск змог бы падаць пляцоўку для перамоваў. Я не разумею, чаму які-небудзь з бакоў канфлікту павінен быць зацікаўлены ва ўдзеле Беларусі”, – адзначае эксперт Германскага таварыства знешняй палітыкі Штэфан Майстэр. Адзіная роля, якая можа быць адведзена Менску, – гэта роля саюзніка РФ. “Пакуль урад Беларусі знаходзіцца ва ўладзе, ён не будзе адыгрываць самастойную ролю, а будзе як папугай паўтараць пазіцыю Масквы”, – кажа прафесар Ян Берэндс з Еўрапейскага ўніверсітэта Віядрына. Месцы за сталом перамоваў дамагаюцца і дэмакратычныя сілы Беларусі. Штэфан Майстэр наконт гэтага таксама настроены скептычна: “Я не бачу магчымасці для апазіцыі прыняць удзел у перамовах – ні Расея, ні Украіна, ні заходнія партнёры не будуць у гэтым зацікаўлены”, – перадае DW.

У сераду ўвечары, на палях саміту Еўразвязу ў Брусэлі, генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ і кіраўнікі шэрагу ўрадаў краін Еўропы сустрэліся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Паводле заявы Рутэ, гаворка ішла аб тым, каб прывесці Кіеў “у пазіцыю сілы”. Еўрапейская прэса задаецца пытаннем, адкуль возьмецца гэтая самая сіла. Турынская La Stampa заклікае Еўропу ўзяць на сябе адказнасць.

«Адзінае рэальнае пытанне, якое стаіць на парадку дня, – гэта тое, як Еўропа магла б больш актыўна ўдзельнічаць у абароне Украіны перад відам верагоднага адыходу Трампа ад палітыкі падтрымкі гэтай краіны (як, зрэшты, і іншых рэгіёнаў). Гэта застанецца ключавым пытаннем як пры сцэнары, у якім Трамп і Уладзімір Пуцін дасягаюць (хай і нестабільнага) перамір’я, так і ў выпадку зацяжной вайны. У выпадку абодвух сцэнарыяў неабходныя дзясяткі тысяч салдат, а таксама боепрыпасы, ракеты, сістэмы СПА і рэальныя гарантыі бяспекі з боку Еўропы. Украіна працягне абараняцца як можа. І было б толькі правільным, але таксама і ў адпаведнасці з нашымі інтарэсамі, калі б яна рабіла гэта пры нашай поўнай падтрымцы», – піша італьянскае выданне.

Рэжым Асада адышоў у нябыт, але ХТШ якая зрынула яго, уяўляе сабой ісламісцкае апалчэнне, якое хоць і абяцае канстытуцыйныя гарантыі, аднак разглядаецца шматлікімі заходнімі дзяржавамі як тэрарыстычная арганізацыя. На гэтым тыдні спецыяльны пасланнік ААН па Сірыі Гейр Педэрсен прыбыў у Дамаск на сустрэчу з новымі ўладарамі краіны і выказаўся затым на карысць адмены санкцый, уведзеных раней супраць Сірыі і ХТШ. Frankfurter Rundschau дае свае рэкамендацыі Еўразвязу.

«Вядома, з боку Еўразвязу было б абсурдна пакінуць у сіле санкцыі, уведзеныя супраць асадаўскага рэжыму, пасля таго як гэты рэжым упаў. Таксама было б нядрэнна, калі б адказныя асобы ў еўрапейскіх сталіцах узгаднілі агульныя мэты сваёй будучай палітыкі ў дачыненні да Сірыі. Пры гэтым некаторым з гэтых афіцыйных асоб не варта ўпіраць на тое, якім менавіта чынам можна было б у найкарацейшыя тэрміны вярнуць дадому сірыйцаў, якія ў свой час беглі ў Еўропу. Хутчэй, палітыкі павінны засяродзіцца на тым, як зрабіць разбураную грамадзянскай вайной краіну зноў прыдатнай для жыцця – каб бежанцы сталі добраахвотна вяртацца дадому», – адзначае нямецкае выданне.

Польскі ўрад на чале з Дональдам Тускам уключыў у спіс стратэгічна важных для краіны кампаній дзве найбуйнейшыя прыватныя тэлекампаніі краіны – Polsat ды TVN. Цяпер яны не могуць быць паглынуты без згоды ўладаў. Гэты крок закліканы прадухіліць пагрозу пераходу тэлеканалаў ва ўласнасць сіл, варожых прававой дзяржаве. Аглядальнікі нагадваюць пра тое, што пагроза свабодзе прэсы можа зыходзіць з розных бакоў. Віленская Lrytas заўважае:

«Поспех падобнага прадпрыемства залежыць ад таго, наколькі будуць узгодненыя і збалансаваныя адно з другім такія меркаванні, як нацыянальная бяспека і свабода СМІ. З гэтага часу польскі ўрад атрымаў права адобрыць – ці заблакаваць продаж гэтых кампаній. З аднаго боку, гэта магло б стварыць прэцэдэнт для абароны СМІ ад замежнага ўплыву. А з другога – паўтарэнне злоўжыванняў, якія мелі месца ў мінулым, можа толькі паглыбіць рознагалоссі ў і без таго расколатым асяроддзі і стварыць вакуум даверу, якім могуць скарыстацца зламысныя актары – як унутры краіны, так і за яе межамі», – папярэджвае літоўскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка