BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Не першы і не апошні

Кіеў нарэшце пачынае прызнаваць беларускую дэмакратычную апазіцыю? На фоне санкцый у Расеі рэзка вырасла колькасць авіяздарэнняў. Наступствы новага прыходу Трампа на пасаду. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім паведаміў, што прызначаны амбасадарам па асаблівых даручэннях у Беларусі. Пра гэта дыпламат паведаміў 2 лютага на сваёй старонцы ў Facebook. Лідары беларускага дэмакратычнага руху ў выгнанні віталі гэты крок, а афіцыйны Кіеў не зрабіў ніякіх намаганняў, каб яго афішаваць. Украінскае выданне Kyiv Post і раней адзначаў дзіўнае дыстанцыяванне ўкраінскага кіраўніцтва ад беларускіх дэмакратычных сілаў, якія супрацьстаяць менскаму дэспату, васалу Расеі Аляксандру Лукашэнку.

«Апошні сфальсіфікаваў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў жніўні 2020 года і пасадзіў за краты каля 2000 палітычных апанентаў, якія выступаюць за дэмакратыю, суверэнітэт краіны і еўрапейскую самаідэнтыфікацыю. Аднак Кізім не пралівае святла на афіцыйную пазіцыю Кіева ў дачыненні да Менску амаль праз два гады вайны Расеі супраць Украіны, падчас якой Беларусь выкарыстоўвалася як плацдарм для ваеннай агрэсіі Крамля на поўдзень.

Кізім даволі стрымана ўдакладняе, што ў яго абавязкі ўвойдуць, «між іншым, пытанні, звязаныя з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, як той часткай беларускага грамадства, якая выступіла супраць палітыкі цяперашняга кіраўніцтва Беларусі, асабліва яго падтрымкі расейскай агрэсіі супраць Украіны». Украінскі бок, падобна, не разарваў фармальна дыпламатычныя адносіны з рэжымам Лукашэнкі, які выступае ў якасці вернага саюзніка Расеі.

Як ні дзіўна, ні Кулеба, ні яго міністэрства, здаецца, афіцыйна не абвясцілі аб прызначэнні Кізіма. На афіцыйным сайце міністэрства згадак пра гэта няма.

Украінскаму кіраўніцтву яшчэ трэба будзе ўдакладніць сваю афіцыйную пазіцыю ў дачыненні да Беларусі, бо незразумелым чынам яно, здаецца, было адным з апошніх заходніх урадаў, якія зрабілі гэта», – даводзіць украінскае выданне.

У Расеі ў 2023 годзе зафіксаваны рост авіяздарэнняў. «Па дадзеных нямецкай даследчай кампаніі Jacdec, які збірае інфармацыю аб авіяздарэннях па ўсім свеце, у Расеі ў 2023 годзе адбылося не менш за 74 інцыдэнты з самалётамі, разлічанымі на перавозку як мінімум 19 пасажыраў, годам раней было вядома аб 36 здарэннях», – піша амерыканскі часопіс The Wall Street Journal.

«Па дадзеных даследчай кампаніі Cirium, у Расеі на кожныя 100 тысяч вылетаў у 2023 годзе здаралася каля 10 здарэнняў, тады як годам раней – усяго 5. Хоць сур’ёзнай шкоды і катастрофы ў большасці выпадкаў удалося пазбегнуць, апытаныя спецыялісты па бяспецы папярэджваюць, што пастаянныя тэхнічныя непаладкі ствараюць значную рызыку для пасажыраў і ўзмацняюць ціск на пілотаў. Значная частка авіяздарэнняў у Расеі, на думку экспертаў, хутчэй за ўсё звязана з санкцыямі, якія забараняюць замежным кампаніям абслугоўваць самалёты расейскіх авіякампаній і пастаўляць запчасткі для іх. У той жа час, у статыстыку ўвайшлі і авіяздарэнні, не звязаныя з тэхнічнымі няспраўнасцямі, напрыклад, трапленне птушак у рухавік, а таксама крушэнне самалёта заснавальніка ПВК Вагнера Яўгена Прыгожына. Расейскія авіяўлады рэгулярна заяўляюць, што санкцыі не адбіваюцца на бяспецы палётаў у Расеі. Аднак суразмоўцы выдання лічаць, што гэта не так, бо санкцыі ўжо пачынаюць аказваць сур’ёзны ўплыў», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

«Палітыкі ў Нямеччыне з-за магчымасці вяртання на пасаду прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пачалі неафіцыйнае абмеркаванне перспектыў НАТА без Злучаных Штатаў у ролі лідара»,  – адзначае амерыканская газета The New York Times.

«Трамп неаднаразова заяўляў, што ЗША ўкладаюць у Паўночнаатлантычны альянс занадта шмат сіл і сродкаў і нават пагражаў выхадам яго краіны з НАТА. Нямецкія палітыкі асцерагаюцца, што ў выпадку абрання на новы прэзідэнцкі тэрмін Трамп паспрабуе ўвасобіць гэтую пагрозу. Цяпер Нямеччына займае другое месца пасля ЗША па аб’ёме дапамогі Украіне. У сітуацыі, калі Злучаныя Штаты з канца 2023 года не могуць зацвердзіць бюджэт, які ўключае ў сябе ваенную дапамогу Украіне, Германія амаль удвая павялічыла свае выдаткі па гэтым артыкуле да 8, 5 мільярда даляраў у год.  Ва ўсім гэтым бачныя прыкметы дзіўнага павароту мыслення, бо яшчэ ў 2023 годзе ў НАТА гаварылі аб новым адзінстве і новых агульных мэтах на фоне поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

У 2022 годзе турэцкі праваабаронца Джан Аталай быў прыгавораны да 18 гадоў турэмнага зняволення за ўдзел у антыўрадавых пратэстах у парку Гезі. У 2023 годзе ён быў абраны ў парламент ад апазіцыйнай Рабочай партыі Турцыі. Пасля разбору паміж Канстытуцыйным і апеляцыйным судамі рашэнне ўступіла ў законную сілу: парламент пазбавіў Аталая мандата і недатыкальнасці. Рашэнне было зачытанае ў парламенце пад свіст і крыкі з боку апазіцыі.  Прынцып вяршэнства права ў Турцыі больш не працуе», – піша мясцовае выданне Yetkin Report.

«Падводзячы вынік, можна сказаць, што да ўлады ў Турцыі прыйшлі палітыкі, якія ўзялі пад свой кантроль стратэгічныя інстытуты юстыцыі, пасадзіўшы туды сваіх паслугачоў. Такім чынам яны набылі дастаткова ўлады і рэсурсаў, для таго каб адкрыта парушаць Канстытуцыю, і заставацца недатыкальнымі для юстыцыі! Гэта робіць Турцыю краінай, якая больш не з’яўляецца прававой дзяржавай у прамым сэнсе гэтага слова, а ператварае яе ў краіну, у якой дзяржаўная ўлада падзелена паміж рознымі цэнтрамі ўлады праз таемныя перамовы за зачыненымі дзвярыма», – адзначае турэцкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

Флта: zviazda.by