Беларусь і Расея хочуць аб’яднаць спісы «экстрэмістаў». Міністр Сікорскі пра гатовасць да вайны. Данія: перагляд ваеннага бюджэту? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

„Беларусь і Расея вядуць працу над аб’яднаннем спісаў «экстрэмістаў і экстрэмісцкіх рэсурсаў», гэтую ідэю ўжо абмяркоўвалі кіраўнікі МУС дзвюх краін», – цытуе БелТА нямецкае выданне DW.
«Паводле слоў амбасадара Беларусі ў РФ Дзмітрыя Крутога, у грамадзян «выклікае здзіўленне», калі рэсурсы, прызнаныя экстрэмісцкімі ў Расеі, «нейкія паведамленні публікуюць у Беларусі, і наадварот, «тыя, што прызнаны экстрэмісцкімі ў нас, публікуюць паведамленні ў Расеі». Адпаведна амбасадар публічна звярнуў увагу адносна падобных структур або людзей, якія, маўляў, збеглі ў Расею, і там не ўзбуджаюцца крымінальныя справы ў Расейскай Федэрацыі альбо наадварот». На думку амбасадара, найбліжэйшым часам гэта будзе вырашана», – папярэджвае нямецкае выданне.
Амерыканскае выданне The Newsweek запытала міністра замежных справаў Радаслава Сікорскага, калі можа пачацца вайна з Расеяй. «Гэта ведае толькі адзін чалавек, ён жыве ў Крамлі, але я спадзяюся, што ён не будзе настолькі вар’ятам, каб атакаваць Паўночнаатлантычны альянс. Адна вайна ўжо не атрымалася. Ён зусім не выйграе. А яго краіна страціла палову сваёй першапачаткова акупаванай тэрыторыі. Як НАТА, мы ў дваццаць разоў мацнейшыя эканамічна, і цяпер заходняя абаронная прамысловасць нарэшце нарошчвае вытворчасць, таму Расея прайграла б такое супрацьстаянне», – падкрэсліў палітык. «Пуцін «ваюе з намі» каля пятнаццаці гадоў, «толькі на Захадзе гэтага не ўлічваюць. Ён лічыў, што гэта не можа быць сур’ёзна, што ён проста падыгрывае сваім электаратам, таму што ён не можа быць настолькі вар’ятам, каб страляць. На жаль, гэта было сур’ёзна. Сёння мы ведаем, што Пуцін сістэматычна рыхтаваўся да гэтага, будуючы Nord Stream, назапашваючы золата, пераводзячы актывы цэнтральнага банка з ЗША ў Еўропу і многімі іншымі спосабамі. Ён не першы расейскі кіраўнік, апантаны Украінай. Былі яны ў цароў, былі ў бальшавікоў», – прыводзіць словы амерыканскае выданне ад кіраўніка МЗС, які адпаведна прызнаў, што наратыў змяніўся ў тым ліку ў Германіі і Швецыі, якія таксама пачалі казаць пра гатовасць да вайны, што было непрымальным у палітыцы яшчэ 10 год таму.
Адной з ключавых навін дзён стала справаздача ваеннай выведкі Даніі FE, у якой ваенныя аперацыі Расеі супраць краін НАТА ацэньваюцца як «вельмі верагодныя». Размова ідзе пакуль, аднак, не аб поўнамаштабнай вайне, а аб свайго роду праверцы рашучасці краін НАТА праз парушэнне межаў самалётамі і ваеннымі судамі. «Міністр абароны Даніі Траэльс Лунд Поўльсэн не выключае ў той жа час, што Расея ў бліжэйшыя гады можа напасці на краіны НАТА», – піша нямецкая газета Focus.
«Поўльсэн, які таксама з’яўляецца лідарам Ліберальнай партыі, якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю Даніі, зрабіў гэтыя каментары ўсё-такі на фоне магчымага перагляду ваеннага бюджэту. Данія пагадзілася павялічыць ваенныя выдаткі да 2033 года, але, па словах Поўльсена, у бліжэйшыя гады дацкая армія павінна быць лепш узброена і забяспечана. Калі мы назіраем, што расейцы наўмысна і вельмі хутка нарошчваюць буйнамаштабную ваенную вытворчасць, што шмат у чым стварае ціск на Еўропу і НАТА, мы павінны рэагаваць», — цытуе міністра нямецкае выданне.
Роўна год таму ў Турцыі і Сірыі адбыўся разбуральны землятрус. Загінула сама меней 60 000 чалавек. Сотні тысяч пазбавіліся жылля і да гэтага часу пражываюць у палатках і кантэйнерах. Прэзідэнт Турцыі Эрдаган абяцаў найхутчэйшае аказанне дапамогі пацярпелым. Ці стрымаў ён сваё абяцанне? Як адзначае нямецкая газета Süddeutsche Zeitung, водападзел у турэцкім грамадстве проста-такі зацэментаваўся.
«Турэцкі аналітычны цэнтр Ankara Institute правёў даследаванне на тэму таго, як прыхільнікі і праціўнікі Эрдагана ацэньваюць яго ўменне вырашаць крызісныя сітуацыі: 96 працэнтаў прыхільнікаў апазіцыі далі яму нізкую ацэнку, а 90 працэнтаў яго прыхільнікаў ацанілі яго дзеянні станоўча. Такі ж расклад назіраецца ў рэгіёнах, якія пацярпелі ад землятрусу. У адной вёсцы людзі скардзіліся на тое, што дзяржава ніяк сябе не праявіла, а ў другой – дзякавалі прэзідэнту за аказаную дапамогу. У выніку землятрусу загінулі дзясяткі тысяч людзей, мільёны засталіся без жылля, але эфект рэха-камеры ў турэцкім грамадстве нікуды не падзеўся», – наракае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Фота: thebell.io






