BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Не сапсаваць імідж

Выведка Літвы назвала каля 1400 замежнікаў пагрозай для нацыянальнай бяспекі. Швецыя – сябра НАТА. Расейская апазіцыя заклікае да «Поўдня супраць Пуціна». Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Фота: DELFI / JOSVYDAS ELINSKAS

«Дэпартамент дзяржбяспекі ( VSD ) паведамляе, што ў мінулым годзе пасля праверкі больш за 120 тысяч замежнікаў, якія пражываюць у краіне або наведваюць Літву, 1415 замежных грамадзян былі прызнаныя, як асобы, што ўяўляюць пагрозу для нацыянальнай бяспекі Літвы», – піша літоўскае выданне DELFI.

«За мінулы год праверылі каля 122 тысяч грамадзян Расеі, Беларусі і іншых краін. Разглядалі іх праз прызму контрвыведкі і ўразлівасці. З іх каля 1415 былі названыя Дэпартаментам па справах міграцыі як пагроза. Прыезд беларускіх грамадзян для пражывання або працы ў Літве лічыцца найбольш падазроным, калі выяўляецца, што гэтыя асобы працавалі або служылі ў беларускіх дзяржаўных установах або іншых важных для рэжыму сектарах.

Сталыя падарожнікі паміж Літвой і Беларуссю таксама трапляюць пад пільную ўвагу службаў. Кіраўнік Службы разведкі і бяспекі ( AOTD ) Элегіюс Паўлавічус заявіў, што кругласуткавае перамяшчэнне людзей паміж Літвой і Беларуссю з’яўляецца сур’ёзнай праблемай для контрвыведкі. Літоўцы, якія едуць у Беларусь, таксама могуць стаць аб’ектам беларускіх службаў. Асобы, якія вандруюць паміж краінамі, могуць быць карысныя беларускім ведамствам для атрымання незасакрэчаных звестак пра літоўскія вайсковыя часткі, іх дыслакацыю і крытычную і стратэгічную інфраструктуру краіны», – піша літоўскае выданне.

***

Рашэнне прынята: пасля амаль двух гадоў паравалок у гэты чацвер Швецыя была афіцыйна прынята ў НАТА. Каментары ў шведскай прэсе дэманструюць тое, што настрой у новай дзяржаве-члене зусім не толькі эйфарычны. Калі прыняць да ўвагі сітуацыю ў ЗША, то на думку стакгольмскай Expressen зусім няма прычын для таго, каб выдыхнуць.

«Мы становімся сябрам НАТА не пры Рональдзе Рэйгане. Рэспубліканская партыя ў ЗША, некалі важная апора Захаду супраць маскоўскага камунізму, развіталася з роляй сусветнага паліцыянта – і мутавала ў канспіратыўны культ асобы, поўны пагарды да Еўропы, НАТА, ды і ў цэлым да ўсяго свету, акрамя… Масквы. Праз паўгода пройдуць прэзідэнцкія выбары. Мяркуючы па апытаннях грамадскай думкі, Дональд Трамп лідзіруе ў гонцы», – папярэджвае швецкае выданне.

***

17 сакавіка Уладзімір Пуцін мае намер зацвердзіцца на пасадзе прэзідэнта Расеі. Розныя прадстаўнікі апазіцыі, у тым ліку ўдава Аляксея Навальнага Юлія, заклікаюць грамадзян масава прыйсці на выбарчыя ўчасткі а 12 гадзіне дня і тым самым паказаць уладзе, што яны існуюць – як тое мела месца на пахаванні Навальнага і ў чэргах для таго, каб паставіць подпіс за Надзеждзіна. Па меркаванні аглядальнікаў, такі план можа спрацаваць. Варшаўская Gazeta Wyborcza спадзяецца на сігнал, пададзены супраць Пуціна.

«Як кажуць у Расеі, выбары – гэта свята. Толькі самыя наіўныя могуць не разумець, што іх вынікі «намаляваны». Задача Крамля заключаецца ў тым, каб стварыць «імідж», які пераканае як грамадзян, так і грамадскую думку за мяжой у наступным: што б ні адбывалася ў Расеі, людзі падтрымліваюць Пуціна. Але гэтае «свята» можа быць сапсавана, што ўжо адбываецца. Калі людзей будзе шмат, а гэта цалкам магчыма, то свет убачыць Расею, якая адважылася пажадаць перамен. Імідж Крамля будзе заплямлены», – адзначае польскае выданне.

***

Міжнародны жаночы дзень – ва ўсім свеце ён з’яўляецца падставай для далейшай барацьбы за роўнасць і правядзення фундаментальных дэбатаў аб узаемаадносінах палоў. Еўрапейская прэса разважае пра дыскрымінацыю пры прыёме на працу, пра ігнараванне гвалту, пра будучыню фемінізму, а таксама пра апраўданыя і не вельмі, але чаканні.

«Падманлівая надзея на тое, што чым больш жанчын з’явіцца на кіруючых пасадах, тым больш будзе сацыяльнай справядлівасці», – адзначае люблянская газета Večer.

«Гэтыя чаканні не маюць нічога агульнага з рэальнасцю. Той факт, што Уршуля фон дэр Ляен узначальвае Еўразвяз, не азначае, што Еўразвяз становіцца лепш, сацыяльным – ці ж праводзіць мірную палітыку. Наадварот, зараз назіраецца нарошчванне ўзбраенняў. А тое, што на чале ЕЦБ стаіць жанчына, не азначае, што капітал стаў працаваць больш сацыяльна арыентавана. Жанчыны выкарыстоўваюць дадзеную ім грамадствам уладу гэтак жа антысацыяльна, безадказна і нямірна, як і мужчыны, якія займаюць аналагічныя пасады. Гэта толькі даказвае тое, што сацыяльныя паводзіны індывіда не залежыць ад яго полу», – разважае славенскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя