BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Не спускаць з рук

Ніякіх поціскаў рук, калі беларуска Сабаленка перамагла ўкраінку Цурэнка. Ці правільны крок выплата сродкаў Венгрыі ад ЕЗ? Расея: пратэсты ў Башкартастане. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Беларуска Арына Сабаленка перакрэсліла палітычны падтэкст свайго матчу трэцяга раунда супраць украінкі Лесі Цурэнка на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі ў пятніцу, калі ўвайшла ў другі тыдзень Вялікага шлема з разгромнай перамогай з лікам: 6-0, 6-0. «Апошні раз Сабаленка павінна была сустрэцца з украінкай у Індыян-Уэлсе ў мінулым годзе. Цурэнка адмовілася з-за ўварвання Расеі ва Украіну, для якога Беларусь выкарыстоўвалася ў якасці плацдарма», – піша японскае выданне The Japantimes.

«Дзеючая чэмпіёнка пад другім нумарам Сабаленка гуляе ў «Мэльбурн Парк» без афіцыйнай нацыянальнай прыналежнасці на ўмовах, навязаных расейскім і беларускім гульцам арганізатарамі турніру пасля ўварвання. Сам паядынак быў аднабаковым і праходзіў у прыглушанай атмасферы на Rod Laver Arena, калі Сабаленка бязлітасна ўручыла 28-й гадовай Цурэнка страшны «двайны абаранак» праз 52 хвіліны. Не было традыцыйнага поціску рукі над сеткай у канцы матчу, і гульцы проста віталі адзін аднаго рукамі, перш чым адправіцца за межы пляцоўкі. Цурэнка заявіла, што яна і надалей не будзе паціскаць рукі расейскім і беларускім гульцам, каб падкрэсліць працяглае цяжкое становішча народа Украіны па меры набліжэння другой гадавіны ўварвання», – адзначае японскае выданне.

У снежні Еўракамісія нечакана дала дабро на размарозку часткі сродкаў з фондаў Еўрасаюза, прызначаных для Венгрыі, але не выплачваемых ёй з прычыны парушэння Будапештам прынцыпу вяршэнства права. Цяпер жа Еўрапарламент паставіў пад сумненне правільнасць рашэння Еўракамісіі і разглядае варыянт падачы іску ў Еўрапейскі суд. На думку большасці дэпутатаў – ад левай большасці і аж да самых заўзятых кансерватараў – па частцы вяршэнства права Венгрыя па-ранейшаму не адпавядае стандартам ЕЗ. На думку аўстрыйскай газеты Salzburger Nachrichten, Еўрапарламент дае Еўракамісіі прыклад прынцыповасці.

«Свабода, дэмакратыя, вяршэнства права, правы чалавека, правы меншасцяў – фундаментальныя каштоўнасці Еўразвяза, замацаваныя ў дамовах, а таксама ажыццяўленне іх у жыццё – усё гэта за апошнія гады пахіснулася. Урады ў Будапешце і Варшаве здзяйснялі адно парушэнне ўсталяваных межаў за другім – практычна бесперашкодна. Калі не лічыць некалькіх заблакаваных мільярдаў, у Брусэлі мала што было зроблена, каб ім перашкодзіць. У выніку Орбан ператварыў права вета ў дапушчальны сродак дасягнення той ці іншай перавагі. Той факт, што Еўрапарламенту даводзіцца настойваць на захаванні фундаментальных каштоўнасцяў, не паляпшае рэпутацыі Еўракамісіі як «ахоўніцы дамоваў», – наракае аўстрыйскае выданне.

З серады ў Рэспубліцы Башкартастан праходзяць адкрытыя пратэсты і сутыкненні з паліцыяй. Гэта – першыя маштабныя дэманстрацыі ў Расіі з пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Нагодай стаў прысуд башкірскаму актывісту Фаілю Алсынаву – чатыры гады пазбаўлення волі. Дэманстранты патрабуюць вызвалення Алсынава і адстаўкі кіраўніка рэспублікі Хабірава. Украінскі партал УНІАН не верыць у тое, што гэтыя пратэсты змогуць перарасці ў нешта большае.

«Справа ў тым, што ў расейцаў няма ні зброі, ні пакуль такіх настрояў на барацьбу. Гэта значыць пратэст – так. Але ён заключаецца толькі ў тым, што ўзбудзіць нейкую праблему і агучыць яе. Больш за тое, адбываецца ўсё гэта ў рамках нейкіх просьбаў да Пуціна: «Пуцін, дапамажы!». І, на жаль, усё гэта значыць. Усе гэтыя людзі, якія нават з-за чагосьці пратэстуюць, пойдуць галасаваць за Пуціна. Бо практычна ўсюды, з асобнымі нейкімі невялікімі выключэньнямі, усе расейцы, якія нечым незадаволеныя і гатовыя пратэставаць, абвінавачваюць у сваіх праблемах нейкіх мясцовых дзеячоў», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.

Дыскусія паміж новым і старым урадавымі лагерамі ў Польшчы разгараецца. Канстытуцыйны суд прыняў пастанову, паводле якой ініцыяваны прэм’ер-міністрам Тускам роспуск дзяржаўных тэлеканалаў супярэчыць заканадаўству. Міністэрства культуры ў сваю чаргу заявіла, што рашэнне суда несапраўднае і што сам суд, чальцы якога былі прызначаныя папярэднім нацыянальна-кансерватыўным урадам партыі ПіС, не можа лічыцца незалежным органам. «Новаму ўраду трэба дзейнічаць асцярожна», – падкрэслівае лонданская назета The Financial Times.

«Для таго, каб дэмакратыя надоўга ўкаранілася ў Польшчы, новы ўрад павінен дзейнічаць адказна і стрымана. Недапушчальна, каб склалася ўражанне, быццам яно не ў ладах з законнасцю. Выдвараючы прыслужнікаў партыі ПіС з дзяржаўных інстытуцый і кампаній, урад не павінен прызначаць на гэтыя месцы лаяльных сабе людзей – стаўку трэба рабіць на незалежныя постаці. Аднаўленне незалежнасці судоў і дзяржаўнага тэлебачання – якое па-ранейшаму з’яўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі для большасці жыхароў краіны – гэта першыя важныя крокі на шляху да пераадолення расколу. Але пры гэтым урад Туска павінен сачыць за тым, каб не стварылася ўражання, быццам яно дзейнічае тымі ж метадамі, што і яго папярэднік», – нагадвае брытанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя