BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Не стаць штодзённасцю

ЗША рыхтуюць угоду з Лукашэнкам: вызваленне палітвязняў у абмен на санкцыі на калій і банкі. У Саудаўскую Аравію прыбыла дэлегацыя ўрада Украіны. Там могуць адбыцца мірныя перамовы. У Вільні ўшанавалі памяць Аляксея Навальнага.

ЗША

«Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па Еўропе Крыс Сміт сустракаўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком КДБ Іванам Церцелем і абмяркоўваў умовы здзелкі», – піша The New York Times.

Вызваленне Аляксандрам Лукашэнкам грамадзяніна ЗША і двух беларускіх палітвязняў можа стаць першым крокам да маштабнай угоды паміж Вашынгтонам і Менскам. Пра гэта распавёў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША ў Еўропе Крыс Сміт на сустрэчы дыпламатаў у Вільні. Такім чынам Вашынгтон спрабуе дамагчыся ў тым ліку зніжэння ўплыву Масквы на Менск. У рамках здзелкі, як распавёў Сміт у Вільні, Лукашэнка можа вызваліць мноства палітвязняў, у тым ліку шырока вядомых. Узамен ЗША аслабяць санкцыі супраць беларускіх банкаў і экспарту калійных угнаенняў. Галоўнай мэтай ЗША Сміт назваў вызваленне большай колькасці палітвязняў. Яшчэ адна важная мэта — даць Лукашэнку «перадышку па-за арбітай Расеі». Сміт сказаў, што пытаўся ў Лукашэнкі, ці гатовы той згарнуць рэпрэсіі, і Лукашэнка адказаў станоўча. На брыфінгу для заходніх дыпламатаў у Вільні Сміт таксама сказаў, што ў Лукашэнкі пры сустрэчы не было ніякіх прыкмет пагаршэння здароўя. Ён здаваўся ўпэўненым і цалкам кантралюючым сітуацыю. Сам Сміт публічна не казаў, з кім сустракаўся і што абмяркоўваў», – піша амерыканскае выданне.


«Дэлегацыя ўрада Украіны прыбыла з працоўным візітам у Саудаўскую Аравію. Украінскія чыноўнікі правялі ўжо сустрэчу з мясцовымі прадпрымальнікамі, прадставіўшы праекты ў сферах энергетыкі, сельскай гаспадаркі і інфраструктуры», – піша расейскае незалежнае выданне Meduza.

«У наступныя дні будуць дзясяткі сустрэч, каб падрыхтаваць візіт прэзідэнта Уладзіміра Зялонскага ў Саудаўскую Аравію. Паводле звестак заходніх СМІ, на наступным тыдні ў Саудаўскую Аравію прыбудуць прадстаўнікі ЗША і Расеі, каб абмеркаваць сустрэчу Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна, якая мае адбыцца там. Прадугледжваецца, што да гэтых падрыхтоўчых перагавораў могуць падключыцца прадстаўнікі Украіны. Сама ж сустрэча Трампа з Пуціным па планах павінна адбыцца да канца лютага. Тым часам кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак заявіў, што сустрэч украінскага боку з прадстаўнікамі РФ не было і не плануецца, пакуль не будзе напрацаваны план завяршэння вайны. Дональд Трамп 12 лютага стэлефанаваўся з Уладзімірам Пуціным і з Уладзімірам Зяленскім, пасля чаго аб’явіў, што дамовіўся пачаць перамовы аб завяршэнні расейска-ўкраінскай вайны. Уладзімір Зяленскі неаднаразова казаў, што ніякія перамовы аб Украіне немагчымыя без удзелу Украіны», – падкрэслівае расейскае незалежнае выданне.


У першыя ўгодкі смерці расейскага палітыка Аляксея Навальнага яго прыхільнікі праводзяць памятныя мерапрыемствы па ўсім свеце. «Крыху пазней за паўдня прыхільнікі расейскага апазіцыянера сабраліся ў Скверы імя Барыса Нямцова ў Вільні. На мосце ля амбасады Расеі ў Літве арганізатары памятнай акцыі разгарнулі транспарант з надпісам: «Пуцін забіў Навальнага» і расставілі фатаграфіі апазіцыянера, які загінуў у расейскай турме», – піша LRT.

« Да пасольства Расеі прыйшло да 100 чалавек. Мяркуючы па размовах з прысутнымі ля амбасады, некаторыя прыхільнікі Аляксея Навальнага пасля яго гібелі адчулі заняпад сіл і страту матывацыі. Падчас падрыхтоўкі да акцыі ў Літве яе арганізатары рыхтаваліся да магчымых канфліктаў і правакацый. Жыхар Вільні Томаш прыйшоў да пасольства Расеі разам з мамай. Ён расказвае, што прынёс кветкі да мемарыяла таму, што бачыў Аляксею Навальным сімвал сумленнасці і супраціўлення. У той жа час мужчына прызнаецца, што далёка не ўсе яго знаёмыя падзяляюць цікавасць да расейскай апазіцыі. Больш за тое, на думку Томаша, значная частка рускамоўнага насельніцтва Літвы схільная да прапаганды. На акцыю ля пасольства ў Вільнюсе выйшлі і найбліжэйшыя паплечнікі Аляксея Навальнага. Дырэктар ФБК Іван Жданаў, як і многія, хто прыйшоў сюды, прызнаецца, што праз год пасля гібелі Навальнага боль нікуды не знік. Аб Аляксеі Навальным ўспомнілі і на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы», – падкрэслівае літоўскае выданне.


Суд у ЗША абавязаў адміністрацыю Трампа аднавіць фінансаванне праграм замежнай дапамогі, якія былі замарожаныя ўказам прэзідэнта ў дзень яго інаўгурацыі. 90-дзённую паўзу Белы дом увёў, каб перагледзець планы на прадмет іх эфектыўнасці. Таксама амерыканскі лідар праводзіць маштабную інвентарызацыю нацыянальных праграм. Гэтым займаецца каманда Ілона Маска. Аднак аказалася, што паўнамоцтвы бізнесмена наогул не законныя. Так мяркуе група генеральных пракурораў. Яны падалі пазоў у суд Вашынгтона, каб спыніць спробы мільярдэра скараціць дзяржрасходы на сацыяльныя праекты. Пасля запуску маштабных праверак розных федэральных агенцтваў мільярдэр ужо сутыкнуўся з дзясяткамі іскаў аб парушэнні прыватнасці з-за доступу да ўрадавых кампутарных сістэм”, – піша Bloomberg.

Суд павінен вырашыць, ці будзе прадпрымальнік і яго дэпартамент дзяржаўнай эфектыўнасці, вядомы як DОGE, мець доступ да плацежных сістэм Міністэрства фінансаў. Патэнцыйна каманда эфектыўных менеджараў Маска можа перашкодзіць дзяржаўнаму фінансаванню медыцынскіх клінік, дашкольных устаноў, ініцыятыў па барацьбе са змяненнем клімату і іншых праграм. Акрамя таго, дэпартамент эфектыўнасці павінен скараціць дзяржаўны доўг, які складае ўжо $36 трлн. Адной з галоўных перамог мільярдэр лічыць ліквідацыю USAID, называючы яе злачыннай арганізацыяй”, – піша амерыканскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя