BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Не страціць падтрымку

Польшча дапускае магчымасці закрыць мяжу з Беларуссю цалкам. Алімпійскія гульні – 2024: Парыж на старце. Улады закрываюць мячэць імама Алі ў Гамбургу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі не выключае поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю. Аб гэтым ён заявіў у эфіры польскага радыё RMF FM. Ён лічыць, што ўлады Беларусі павінны “нешта зрабіць”, каб палепшыць адносіны паміж краінамі.

Пры гэтым Сікорскі зазначыў, што сітуацыя з мігрантамі на мяжы стала менш напружанай. На яго думку, гэта адбылося праз умяшанне Кітая ў сітуацыю. “Наколькі мне вядома, Пекін перадаў Мінску свае апасенні”, – сказаў кіраўнік польскага МЗС. Нягледзячы на гэта, Польшча ўсё яшчэ разглядае магчымасць закрыць мяжу з Беларуссю поўнасцю – Сікорскі лічыць, што гэта “суверэннае права” краіны. „Большасць памежных пераходаў ужо зачыненыя, што дастаўляе нязручнасці і нашым, і беларускім грамадзянам. Аднак рэжым у РБ можа не пакінуць нам іншага выбару”, – заявіў Радаслаў Сікорскі. Раней намеснік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна назваў тры ўмовы для паляпшэння адносін паміж краінамі: спыненне гібрыдных атак на граніцы, вызваленне Анджэя Пачобута і выдача падазронага ў забойстве польскага салдата”, – перадае польскае радыё.

У пятніцу, у Парыжы пачнуцца летнія Алімпійскія гульні 2024 года. Еўрапейскія аглядальнікі з надзвычайнай цікавасцю назіраюць за горадам і з нецярпеннем чакаюць падзеі, якая да гэтага часу была знамянальнай толькі міжнароднымі канфліктамі і жорсткімі мерамі бяспекі. «Цяпер у Францыі з’явіўся шанец умацаваць сваю мяккую сілу», – падкрэслівае парыжскі штотыднёвік La Tribune.

«Поспех Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы будзе вымярацца па розных паказчыках, сярод якіх найперш – эканамічны эфект, экалагічнасць, бяспека і задаволенасць гледачоў і ўдзельнікаў. Калі Францыі атрымаецца зладзіцца з гэтымі выклікамі, то яна зможа канкураваць з Вялікабрытаніяй і Кітаем за другое ці трэцяе месца адразу за лідарам спісу – Злучанымі Штатамі ў сусветным рэйтынгу мяккай сілы – і ўстаць з імі ў адзін шэраг у пытаннях арганізацыі і ўплывовасці Алімпійскіх гульняў», – піша французскае выданне.

Міністэрства ўнутраных спраў Германіі забараніла дзейнасць Ісламскага цэнтра ў Гамбургу. Па дадзеных нямецкага МУС, цэнтр мае антыканстытуцыйныя мэты, агрэсіўна распаўсюджвае антысемітызм і ідэалогію ісламскай рэвалюцыі ў Іране. У знак пратэсту Іран выклікаў на дыван нямецкага амбасадара ў Тэгеране. Швейцарская Aargauer Zeitung крытыкуе зацягнутае бяздзеянне ўладаў.

«Яшчэ ў 2017 годзе нямецкі ўрад заявіў аб тым, што кіраўнік цэнтра быў накіраваны сюды рэвалюцыйным кіраўніцтвам у Тэгеране, і што Ісламскі цэнтр у Гамбургу з’яўляецца іранскім інструментам прапаганды. Адміністрацыя Гамбурга пры тагачасным бургамістры Олафе Шольцу не зрабіла роўным лікам нічога. Гэтая гісторыя, якая магла б разгуляцца ў любым рэгіёне Еўропы, дэманструе знаёмую карціну: наіўнасць і боязь канфліктаў у адносінах з ісламістамі. Ні таго, ні іншага кантынент не можа сабе дазволіць», – наракае швейцарскае выданне.

Законапраект аб лібералізацыі заканадаўства аб абортах у Польшчы – важнае перадвыбарнае абяцанне прэм’ера Дональда Туска – праваліўся ў парламенце: 215 дэпутатаў прагаласавалі за, 218 – супраць, 2 – устрымаліся, а 23 – адсутнічалі. Урадавая кааліцыя, якая складаецца з лібералаў, умераных, кансерватараў і левых, раскалолася. У аўторак перад Соймам прайшлі абураныя пратэсты руху, званага ‘Жаночай забастоўкай’. Süddeutschen Zeitung выступае за большую рацыянальнасць у гэтым пытанні.

«Хто паводзіць сябе ірацыянальна, дык гэта тыя – у большасці сваёй мужчыны – дэпутаты, якія зрываюць кампраміс, дасягнуты з такой цяжкасцю. Гэта кампраміс, які прымусіў дэпутатак пайсці на многія іншыя кампрамісы. Але ірацыянальна паводзіць сябе і Туск, які ад безвыходнасці адхіляе двух сяброў партыі, паколькі тыя адмаўляюцца моўчкі прагаласаваць так, як было паказана зверху – замест таго, каб аргументавана растлумачыць ім сваю пазіцыю і такім чынам перацягнуць іх на свой бок. Туск ведае, што калі жанчыны прайграюць, то і ён страціць іх падтрымку, а з ім страціць падтрымку і ўвесь урад. І гэта – важкі аргумент», – заўважае нямецкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: PAP