У Беларусі затрыманая жанчына, якая здымала падзенне беспілотніка «Шахед». Ізраіль і Газа: гадавіна разні, здзейсненай ХАМАС. Румынія: кандыдатка на пасаду прэзідэнта знята з гонкі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«У Беларусі сілавікі затрымалі жыхарку адной з вёсак у Гомельскай вобласці за «супрацоўніцтва з экстрэмісцкімі інтэрнэт-рэсурсамі». Камера відэаназірання, усталяваная на даху яе дома, зафіксавала падзенне беспілотніка-камікадзэ «Шахед», аднаго з беспілотнікаў, якімі Расея атакавала Украіну», – піша выданне Ukrainian Military Center.
«МУС Беларусі сцвярджае, што жанчына, перадаючы фота і відэа адміністратарам «забароненых тэлеграм-каналаў, магла выклікаць паніку сярод людзей і распаўсюдзіць непраўдзівую інфармацыю». Акрамя таго, за гэта яе могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. На апублікаваным МУС відэа відаць, як узброеныя людзі ўваходзяць у яе дом. Як паведамляюць тэлеграм-каналы Беларусі, відэа, пра якое ідзе гаворка, было знята ўначы 3 кастрычніка ў горадзе Калінкавічы падчас чарговай атакі расейскіх беспілотнікаў на Украіну. На запісах праваахоўных органаў «размяшчэнне брамы, яе форма, колер і форма агароджы» супадаюць з відэа, на якім зафіксаваны момант крушэння беспілотніка-камікадзэ «Шахед» 3 кастрычніка. Тады каля 04:55 раніцы жыхароў горада абудзіў свіст дрона: «Гук ад выбуху быў настолькі моцным, што многія відавочцы думалі, што шыбы выляцяць. Гукавая хваля даляцела і да суседніх вёсак». Расейскія беспілотнікі-камікадзэ не ўпершыню парушаюць паветраную прастору Беларусі. У ноч на 26 верасня ў Беларусь заляцелі чатыры БЛА Shahed, адзін з беспілотнікаў прыляцеў з Расеі. Адначасова над паўднёвым усходам краіны праляталі два знішчальнікі», – сочыць за сітуацыяй украінскае выданне.
***
7 кастрычніка 2023 года тэрарысты ХАМАС уварваліся з сектара Газа на тэрыторыю Ізраіля і па-зверску забілі каля 1200 чалавек. Каля 250 чалавек былі ўзяты ў заложнікі і вывезены ў Газу. Ізраіль адрэагаваў масіраванымі авіяўдарамі і наземнай аперацыяй. У ходзе баявых дзеянняў на палестынскім баку справа дайшла да вялікай колькасці загінуўшых і параненых. Ізраіль зараз таксама знаходзіцца ў стане вайны з ліванскай Хезбалoй. «Без вызвалення закладнікаў міру быць не можа», – падкрэслівае Helsingin Sanomat.
«Згодна з дадзенымі ізраільскіх ведамстваў, у сектары Газа знаходзяцца звыш 60 жывых, а таксама прыкладна 35 целаў ужо загінуўшых закладнікаў. Закладнікі гінулі ў тым ліку і падчас авіяўдараў і ваенных аперацый, якія праводзіліся ізраільскім войскам. У гадавіну 7 кастрычніка па ўсім свеце чакаюцца дэманстрацыі, а таксама гвалтоўныя сутыкненні. Прапалестынскія групы будуць у першую чаргу ўказваць на гуманітарны крызіс у Газе – сітуацыя там і сапраўды шакіруючая. Памятаць аб трагедыі закладнікаў і іх сем’яў, аднак, не азначае забываць пра Газу, паколькі вызваленне закладнікаў – гэта частка справядлівага вырашэння гэтай вайны», – піша фінскае выданне.
***
Напярэдадні прызначаных на 24 лістапада прэзідэнцкіх выбараў Канстытуцыйны суд Румыніі зняў з выбарчай гонкі кандыдатуру Дыяны Шашаакэ – лідара ультранацыяналістычнай партыі ‘S.O.S. Румынія’. У суботу суд задаволіў два пазовы, пададзеныя супраць Шошаакэ і абвінавачваючых яе ў расізме і антыканстытуцыйных выказваннях. Сярод абвінавачанняў указваецца таксама фальсіфікацыя часткі подпісаў, пададзеных за яе вылучэнне. Румынская служба Deutsche Welle выказвае сваю незадаволенасць.
«Суддзі, якія прагаласавалі за тое, каб абвясціць яе кандыдатуру несапраўднай, у якасці абгрунтавання не змаглі прад’явіць ніводнага дакладнага аргумента. Яны паспрабавалі растлумачыць, наколькі небяспечнай была б падобная кандыдатура, хутчэй тэарэтычна размаўляючы аб абароне дэмакратыі і захаванні Канстытуцыі. На думку суддзяў, заяў гэтай палітычнай дзяячкі цалкам дастаткова для доказу таго, што яна ставіць пад пытанне Канстытуцыю. У сваёй рыторыцы суддзі Канстытуцыйнага суда ганілі Шошоакэ за яе пазіцыю ў дачыненні да НАТА і ЕЗ, хоць спасылкі да абедзвюх інстытуцый у нашай Канстытуцыі носяць фармальны характар. У рэчаіснасці ў Канстытуцыйнага суда няма паўнамоцтваў, для таго каб зняць Шошоакэ з гонкі», – перадае DW.
***
ЕЗ увёў дадатковыя мытныя пошліны на ўвоз электрамабіляў з Кітая. Урад Нямеччыны галасаваў супраць – і Нямеччына апынулася ў меншасці. Цяпер Еўракамісія мае права ўводзіць пошліны ў памеры да 35,3 працэнты. «Гэты крок быў непазбежны для захавання еўрапейскай прамысловасці», – падкрэслівае дзюсельдорфская Handelsblatt.
«Мытныя пошліны – гэта выразны сігнал у адрас Пекіна пра тое, што Еўропа больш не мае намеру падтрымліваць эканамічную мадэль Кітая на шкоду сваім уласным прадпрыемствам. Маштабныя дзяржаўныя субсідыі і іншыя сродкі падтрымкі з боку дзяржавы дазволілі кітайскім прадпрыемствам нарасціць высокія магутнасці вытворчасці пры вельмі малых затратах. Тым, хто крытыкуе ўвядзенне мытных пошлін, варта было б падумаць аб тым, што краіны адна за адной закрываюць свае рынкі для кітайскіх тавараў – і дзейнічаюць пры гэтым куды больш жорстка, чым гэта зараз робіць Еўракамісія», – адзначае нямецкае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






