BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Не трэба здавацца

ЦВК канчаткова вырашыў, хто будзе збіраць подпісы за вылучэнне ў прэзідэнты. Рэспубліка Малдова: што азначае перамога Майі Санду? Харыс ці Трамп? Кандыдаты на фінішнай прамой. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

4-га лістапада ЦВК Беларусі зарэгістравала ініцыятыўныя групы для збору подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты яшчэ трох чалавек: індывідуальнай прадпрымальніцы Ганны Канапацкай, старшыні Рэспубліканскага савета Беларускага саюза афіцэраў Сяргея Бобрыкава, першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Сяргея Сыранкова”, – перадае DW.

Дыяне Кавалёвай адмовілі ў рэгістрацыі з-за недастатковай колькасці сяброў ініцыятыўнай групы, Віктару Куляшу – з-за іх адсутнасці ў пададзенай заяве.

Раней ЦВК Беларусі зарэгістраваў ініцыятыўныя групы ідэолага Вольгі Чамаданавай, дэпутата Алега Гайдукевіча, кіраўніка праўладнай партыі Аляксандра Хіжняка, палітыка Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам, збіраць подпісы будуць сем кандыдатаў. “Выбары” ў Беларусі назначаны на 26 студзеня 2025 года. Вынікі галасавання 2020 года не былі прызнаны ў ЕЗ і ЗША”, – нагадвае DW.

Майя Санду працягне сваю працу на пасадзе прэзідэнта Малдовы. У другім туры выбараў праеўрапейскі арыентаваная кіраўнік дзяржавы апярэдзіла свайго прарасійскага апанента Аляксандра Стаянагло амаль на дзесяць працэнтных пунктаў. У выніку рэферэндуму 20 кастрычніка, праведзенага адначасова з першым турам выбараў, большасць грамадзян – няхай і з мінімальнай перавагай – выказалася за замацаванне ў канстытуцыі краіны палажэння аб уступленні ў Еўрасаюз як нязменнай мэты. «Той факт, што прыхільнікі ЕЗ толькі з невялікім адрывам перамаглі на рэферэндуме і прэзідэнцкіх выбарах, павінен прымусіць ЕЗ задумацца», – папярэджвае парыжская La Croix.

«Усё гэта дэманструе, наколькі лёгка надзеі, абуджаныя еўрапейскай перспектывай, разбіваюцца аб рэальнасць цяжкай паўсядзённасці – і аб дэзінфармацыю, якая аркеструецца з Масквы. Падтрымка Кіева Еўропай не слабее, аднак яе па-ранейшаму недастаткова для дасягнення перамогі. Пасля двухгадовай хвалі салідарнасці, якая пракацілася па кантыненце з захаду на ўсход, сумневы і стомленасць узялі верх. Аднак Еўразвяз не павінен паддавацца засмучэнню. Будучыня нашых дэмакратый па-ранейшаму вырашаецца ў гэтых аддаленых рэгіёнах, якія супрацьстаяць расійскаму імперыялізму. Супраціўленне павінна быць цвёрдым і рашучым», – адзначае французскае выданне.

У аўторак вырашыцца, хто стане прэзідэнтам Злучаных Штатаў на наступныя чатыры гады – Камала Харыс ці Дональд Трамп. Мяркуючы па выніках апытанняў, кандыдаты ідуць ноздра ў ноздру. «У Трампа нямала сяброў і ў Еўропе», – наракае турынская La Stampa.

«Мяркуючы па выніках апытанняў, каля паловы амерыканцаў 5 лістапада прагаласуюць за Трампa. Менавіта гэта ‘каля’, ды яшчэ і з абцяжарваннем у выглядзе калегіі выбаршчыкаў, абумовіць вынікі галасавання – і знаходзіцца выключна ў руках грамадзян ЗША. Але гэтая палова амерыканцаў, якія выступаюць за Трампa, зусім не самотная. Падобнага роду ‘каля’ назіраецца таксама ў Італіі, і ў Еўропе ў цэлым. Некаторыя – а іх нямала! – выступаюць за яго, таму што перакананыя, што пераабраны Трамп ажывіць Амерыку, як след ускалыхне сонны Захад, а двухбаковыя адносіны Злучаных Штатаў і Італіі будуць адмысловымі і прывілеяванымі. І ўсё гэта – цаной таго, што прэзідэнтам ЗША стане эгацэнтрычны і хлуслівы тып, які пакутуе маніяй велічы, якому чужая дэмакратыя, ды яшчэ да таго ж і расіст, настроены супраць Еўропы і які сімпатызуе аўтакратыям», – піша італьянскае выданне.

Жыхары муніцыпалітэта Пайпарта, які мацней за іншых пацярпеў ад паводкі, выкліканай небывалымі ападкамі, закідалі брудам караля Філіпа VI, прэм’ер-міністра Пэдра Санчэса і губернатара Валенсіі Карласа Масона падчас наведвання імі месца катастрофы. У адрас высокай дэлегацыі несліся плыні абвінавачванняў і абраз. У выніку візіт быў перарваны. Пазней кароль выказаў разуменне гневу і расчаравання, якія ахапілі грамадзян. «Гэтыя кадры зменяць краіну», – праракае рымская La Repubblica.

«Кароль, які ў Гішпаніі заўсёды быў эмацыйным сімвалам улады – голы і закіданы брудам. Апынуўшыся ў гэтым пекле, ён раптам усвядоміў, што мішэнню гневу, на працягу пяці дзён бушуючага ў людзях, пацярпелых ад гэтага ўрагану стагоддзя, які зваліўся як гром з яснага неба, становіцца сам аўтарытэт. Людзі, чые дамы патанулі ў патоках бруду, адказваюць тым жа брудам. Гэтая сцэна назаўжды ўразаецца ў памяць, і яна ўвойдзе ў гісторыю гэтай краіны, якой зараз давядзецца падвергнуць судовай ацэнцы свае інстытуцыі і адэкватнасць іх дзеянняў. Дасталася і прэм’ер-міністру Санчэсу. Ён ішоў на пару крокаў правей Піліпа VI, але ў яго таксама ляцелі камякі бруду і сыпаліся абвінавачванні і заклікі сысці ў адстаўку», – падкрэслівае італьянскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя