BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Не закрываць вачэй

  • У Менску закрываецца яшчэ адна прыватная ВНУ
  • Паўднёвая Карэя: наколькі значнымі былі б пастаўкі зброі Кіеву?
  • Правыя павароты перад выбарамі ў Францыі
Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці ў Менску на вуліцы Серафімовіча, 11 / Здымак: myuniver.org

«У верасні не стане Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці, які працаваў у Беларусі з 1992 года», – перадае DW.

«На сайце ВНУ паведамляецца, што рашэнне аб закрыцці прынятае заснавальнікам і кіраўніцтвам ІПД. У сёлетнюю ўступную кампанію інстытут перастане прымаць абітурыентаў, а сваім студэнтам прапануе перавесціся ў іншыя ўніверсітэты. Гэта ўжо трэцяя прыватная ВНУ, якая аб’явіла аб закрыцці сёлета. Тыдзень таму стала вядома, што сёлетні навучальны год стане апошнім для «БІП – Універсітэта права і сацыяльных тэхналогій». Таксама перастане навучаць студэнтаў прыватны Менскі інавацыйны ўніверсітэт», – падкрэслівае DW.


Пасля таго як Паўночная Карэя і Расея заключылі ваенны пакт аб узаемадапамозе, Паўднёвая Карэя, мяркуючы па ўсім, падумвае аб тым, каб даць узбраення Украіне. Пра гэта паведамляюць паўднёвакарэйскія агенцтва навін. Дагэтуль Сеул прытрымліваўся прынцыпу, паводле якога ўзбраенні не пастаўляліся ў зоны войнаў і канфліктаў. «Той факт, што такія краіны, як Паўднёвая Карэя ці Кенія, пачалі выказваць большую падтрымку Украіне, ёсць важная прамежкавая перамога», – адзначае лісабонскі штотыднёвік Visão.
«Такім чынам падыход Зяленскага зноў набывае дынаміку і пашырае геаграфію падтрымкі. Па слядах саміту ў Швейцарыі яму варта ставіць перад сабой падвойную мэту: мабілізаваць новыя краіны, з тым каб яны далучыліся да дасягнутага кампрамісу, умацаваць асноўную ідэю гэтага кампрамісу з дапамогай сувязной, паслядоўнай і скаардынаванай публічнай дыпламатыі ўсіх дзяржаў, а акрамя таго, паспрабаваць на наступным саміце, які пераважна было б правесці да выбараў у ЗША, прычым у якой-небудзь нееўрапейскай краіне, – пашырыць план з дзесяці пунктаў, прапанаваны Украінай, яшчэ на адзін ці два пункты», – падкрэслівае партугальскае выданне.


На фоне абвастрэння сітуацыі на Блізкім Усходзе ў Францыі значна ўзрасла колькасць злачынстваў на глебе антысемітызму. Адным з апошніх выпадкаў, якія ўзрушылі французскае грамадства, стала згвалтаванне дванаццацігадовай дзяўчынкі, якое суправаджалася антысеміцкімі здзекамі. Стаўленне да антысемітызму стала адной з галоўных тэм перадвыбарнай кампаніі. У адрас прадстаўнікоў новаспечанага левага альянсу пад назвай «Новы народны фронт», якія крытыкуюць Ізраіль, гучаць абвінавачанні ў антысемітызме. Еўрапейская прэса ўстрывожаная. Афінская Kathimerini піша:
«Паколькі Францыя не перажыла антысемітызм падчас Другой сусветнай вайны ў той жа ступені, што Нямеччына, яна моўчкі інтэгравала яго ў рамкі дэмакратычнай прыстойнасці. Але зусім не пазбавілася ад яго! Францыя – з мільёнамі мусульман на сваёй тэрыторыі, выпрабоўваючы пачуццё віны з-за ўласнага каланіяльнага мінулага, і тым не менш, зʼяўляючыся бастыёнам Захаду, – рызыкуе, стаць увасабленнем таго, што Пʼер-Андрэ Тагіеф назваў «новым антысемітызмам». Левыя, якія страцілі сваіх выбаршчыкаў, якія перайшлі на бок Ле Пэн, спрабуюць запоўніць сацыяльны вакуум мігрантамі і мусульманамі. Адсюль і антысемітызм», – наракае французскае выданне.


Рэкордная спякота апошніх тыдняў становіцца прычынай смерцяў у Азіі і Еўропе. Самая масавая гібель зафіксавана ў Саудаўскай Аравіі. Колькасць памерлых паломнікаў перасягнула 1,3 тыс. чалавек. Краіны Міжземнаморʼя таксама перажылі тыдзень вельмі высокіх тэмператур, што садзейнічала лясным пажарам ад Партугаліі да Грэцыі. Вядучыя сусветныя СМІ абмяркоўваюць анамаліі надворʼя на чатырох кантынентах.
«Пад пякучай спёкай у Саудаўскай Аравіі, дзе тэмпература перавышала 50, апускаючыся ніжэй 40 толькі па начах, загінулі як мінімум 1,3 тыс. пілігрымаў падчас здзяйснення хаджу», – па інфармацыі The Guardian, у 80% паломнікаў не было афіцыйнага дазволу і рэгістрацыі на знаходжанне ў Мецы. Яны прайшлі вялікія адлегласці пад прамымі сонечнымі прамянямі без доступу да «станцый астуджэння» і медыцынскай дапамогі. «Каля +40 градусаў па Цэльсіі – рэкорд за дзесяцігоддзе – было зафіксавана на Усходнім узбярэжжы ЗША», – паведамляе мясцовае выданне NBC News. «У Вашынгтоне, Балтыморы, Філадэльфіі і іншых гарадах перагружана інфраструктура, затрымана або адменена адпраўленне грамадскага транспарту. Улады, якія ўжо папярэдзілі насельніцтва аб небяспечных умовах надворʼя, прагназуюць распаўсюджванне экстрэмальна высокіх тэмператур на захад», – піша амерыканскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя