ПАРЭ не прызнала легітымнасць Лукашэнкі як прэзідэнта Беларусі. Большасць у бундэстагу – пры дапамозе АдГ? Цяжкія баі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«ПАРЭ не прызнала легітымнасць Лукашэнкі як прэзідэнта Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі аб выбарах у Беларусі, якую Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) прыняла 30 студзеня ў Страсбургу», – передае DW.
«Так званыя прэзідэнцкія выбары “з’яўляюцца прыкладам абуральнай непавагі рэжыму Лукашэнкі да асноўных дэмакратычных нормаў і міжнароднага права, якое характарызуе тры дзесяцігоддзі яго праўлення”, гаворыцца ў рэзалюцыі.
Характар пераследу грамадзянскага насельніцтва рэжымам Лукашэнкі “можа быць прыраўняны да злачынстваў супраць чалавечнасці”, падкрэслівае ПАРЕ. “Асамблея лічыць, што няма ніякіх падстаў для прызнання легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі як прэзідэнта”, – заяўляюць дэпутаты ПАРЕ. ПАРЕ таксама звяртаецца да краін-сябраў Рады Еўропы з заклікам пашырыць і ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і тых, хто яго падтрымлівае. Рэзалюцыя заклікае Менск вярнуцца да выканання абавязацельстваў у сферы міжнароднага права, каб “захаваць суверэнітэт і незалежнасць”, спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітзняволеных і “забяспечыць арганізацыю свабодных і справядлівых выбараў”, пасля якіх гарантаваць “мірную перадачу ўлады”. Краіны-сябры Рады Еўропы павінныя працягваць і ўзмацняць падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў на чале са Святланай Ціханоўскай, гаворыцца ў рэзалюцыі. У часе дэбатаў і галасавання за рэзалюцыю ў залі ПАРЭ ўпершыню прысутнічала дэлегацыя Каардынацыйнай рады Беларусі як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці краіны», – перадае DW.
Германскі бундэстаг большасцю галасоў прагаласаваў за прапановы фракцыі ХДС/ХСС па ўзмацненні жорсткасці міграцыйнай палітыкі. Абавязковага юрыдычнага характару заяўка ХДС/ХСС не носіць. Сярод іншага, пакет прапанаваных мер уключае ў сябе ўвядзенне сталага кантролю на межах краіны. Вакол гэтага галасавання разгарэліся разлютаваныя дэбаты, прычынай таму – той факт, што большасць галасоў была забяспечана з дапамогай дэпутатаў ад партыі АдГ, якая ўключана Ведамствам па ахове Канстытуцыі ў спіс арганізацый, у дачыненні да якіх ёсць падазрэнне ў правым экстрэмізме. Брусэльская Le Soir перасцерагае.
«Вельмі правыя афіцыйна знаходзяцца ва ўладзе ў Італіі, Нідэрландах, Венгрыі, Славакіі, а таксама Фінляндыі. Не выключана, што хутка яны ўзначаляць таксама Аўстрыю і Чэхію. У Швецыі і Францыі вельмі правыя збольшага вызначаюць курс урада. А цяпер яны заключылі пакт, магчыма, з будучыняй часткай урада Нямеччыны. Перад абліччам вельмі правых многія дэмакратычныя партыі ўпадаюць у паніку, спрабуюць ім пераймаць, а то і супрацоўнічаць з імі. І гэта – замест таго, каб акрыяць, даць ім адпор, устаць на абарону базавых каштоўнасцяў і правоў чалавека – супраць ксенафобіі і нянавісці. Як таму нястомна вучыць нас гісторыя – гісторыя, даніну памяці якой на гэтым тыдні аддавала нямала прадстаўнікоў дэмакратычных сіл», – піша бельгійскае выданне.
На ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (ДРК) абвастрыўся канфлікт, які тлеў там на працягу дзесяцігоддзяў: паўстанцкая групоўка “Рух 23 сакавіка”, якая падтрымліваецца суседняй Руандай, узяла пад свой кантроль рэгіянальную сталіцу Гома. Міратворчы кантынгент ААН аказаўся заціснутым паміж двума франтамі. Рэалізацыю гуманітарных праграм прыйшлося спыніць; паводле звестак ААН, з наседжаных месцаў былі вымушаны ўцякаць каля 400 тысяч чалавек. Паводле інфармацыі, якая паступае, беспарадкі пачаліся і ў сталіцы краіны, горадзе Кіншаса. Цюрыхская Tages-Anzeiger гаворыць пра тое, што Захад не павінен забывацца на гэтую краіну.
«Людзі ва ўзросце да 30 гадоў – а гэта большасць насельніцтва Конга – ніколі не жылі ў міры. У ДРК разгортваецца адна з найбуйных і самых працяглых гуманітарных катастроф сучаснасці. Той факт, што гэты рэгіён ніяк не можа прыйсці да міру, не ў апошнюю чаргу абумоўлены яго карыснымі выкапнямі. Волава, вальфрам, тантал і золата – усе яны незаменныя для вытворчасці смартфонаў, камп’ютараў і акумулятараў. Канцэрны багатых краін Поўначы, якія вырабляюць усе гэтыя гаджэты, атрымліваюць казачныя барышы. У самім жа Конга большасці ад гэтага ніякіх хоць трохі значных прыбыткаў не дастаецца, а таму ва ўзброенай барацьбе людзі бачаць найлепшы шанец атрымаць хоць нешта ад падземных багаццяў сваёй краіны», – падкрэслівае швейцарскае выданне.
Ініцыятыва, у рамках якой Венгрыя мае намер прадаць арабскай інвестыцыйнай групе Eagle Hills тэрыторыі былой таварнай станцыі ў сталічным раёне Ракашрэндэзэ агульнай плошчай 100 гектараў, прывяла да канфлікту ўрада з апазіцыяй і будапешцкай мэрыяй, якую яна ўзначальвае. Высветлілася, што права прыярытэтнай пакупкі тэрыторыі належыць аднаму з муніцыпальных прадпрыемстваў – чым і мае намер скарыстацца гарадскі савет Будапешта. На старонках мясцовай прэсы таксама разгарнулася гарачая дыскусія. Штотыднёвік Magyar Hang мяркуе, што галоўнай рухаючай сілай праекта з’яўляецца не што іншае, як прага нажывы з боку членаў урада.
«Што падштурхнула суверэнную Венгрыю і яе пакуль яшчэ суверэнны ўрад даць доступ да важнай часткі гарадской тэрыторыі замежнай дзяржаве? Як растлумачыць той факт, што раён Ракашрэндэзэ будзе ператвораны ў гэтакі міні-Дубай, што эміраты сваімі стометровымі хмарачосамі знявечаць панараму сусветнай культурнай спадчыны цэнтр Будапешта? Вядома, можна выказаць здагадку, што гэтыя хлопцы думаюць толькі пра тое, каб набіць уласныя кішэні, але падобныя здзелкі, якія папахваюць ужо дзяржаўнай здрадай, – гэта перабор нават для адданых васалаў орбанаўскай сістэмы», – канстатуе венгерскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






