Ці вызваліць Лукашэнка шэраг асуджаных «праціўнікаў беларускіх уладаў»? Якая мэта візіту Віктара Орбана ў Кіеў? У Францыі выбары. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Аўтарскае права AP Photo
ТАСС паведамляе, што Лукашэнка пацвердзіў перадачу Мікалая Швеца Украіне ў рамках абмену і адначасова анансаваў вызваленне некаторых палітвязняў – як жэст добрай волі ў бок Варшавы. Дзяржпрапаганда пакуль гэтую інфармацыю не пацвердзіла.
«Мы павінны дзейнічаць па-людску. Не дзіўцеся, калі праз некалькі дзён на волю выйдуць вельмі цяжка хворыя, як пішуць, нашы, якія не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах не гэтак падаленых, якія ламалі, разбуралі краіну ў 2020 году. Але гэта, сапраўды, цяжкахворыя. У асноўным, з ракавымі захворваннямі», – цытуе Лукашэнку ТАСС. Па стане на канец траўня, паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», вядома пра больш за 90 палітвязняў у цяжкім стане здароўя. Таксама за кратамі знаходзяцца 65 палітвязняў старэйшых за 60 гадоў, многія з якіх маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Па стане на 2 ліпеня ў Беларусі прызнаны палітычнымі зняволенымі 1409 чалавек.
Віктар Орбан прыбыў у Кіеў упершыню пасля пачатку баявых дзеянняў на Украіне. Ён правёў перагаворы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Як заявілі ў офісе венгерскага прэм’ера, галоўная тэма сустрэчы – «магчымасць дасягнення міру». Орбан заставаўся адным з апошніх лідэраў ЕЗ, хто ні разу не быў у Кіеве з 2022 года. Пры гэтым ён неаднаразова сустракаўся з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Цяпер галоўны крытык дапамогі Украіне прыехаў ў Кіеў не толькі як прадстаўнік Будапешта, але і ў якасці лідэра краіны-старшыні ў ЕЗ. «Зяленскі і Орбан дамовіліся працаваць над дамовай, якая здыме двухбаковыя праблемы», – піша ўкраінскае выданне Korrespondent.net.
«У размове з журналістамі лідэры падкрэслілі, што сустрэча стала важным крокам для вырашэння праблем, назапашаных на працягу доўгага часу. «Змест нашага дыялога па ўсіх сённяшніх пытаннях можа стаць асновай для будучага двухбаковага дакумента паміж нашымі дзяржавамі, які будзе рэгуляваць усе нашы адносіны і будзе заснаваны на люстраным падыходзе ў адносінах паміж краінамі», – заявіў Уладзімір Зяленскі. Віктар Орбан таксама лічыць, што перамовы наблізілі дзве краіны да магчымага падпісання новай дамовы. Акрамя таго, Віктар Орбан адзначыў, што Венгрыя гатова падтрымаць мадэрнізацыю ўкраінскай эканомікі, а таксама мае намер дапамагаць Украіне ў перыяд свайго старшынства ў Радзе ЕЗ. Таксама Зяленскі і Орбан дамовіліся аб адкрыцці першай школы для ўкраінамоўных дзяцей на тэрыторыі Венгрыі», – піша ўкраінскае выданне.
Пасля таго як правапапулісцкая партыя Нацыянальнае аб’яднанне атрымала перамогу ў першым туры парламенцкіх выбараў у Францыі, еўрапейская прэса задаецца пытаннем не толькі пра тое, якімі наступствамі гэта можа абярнуцца – як для самой Францыі, так і за яе межамі. Аднак і задаецца пытаннем, як руху, які доўгі час быў ізгоем у французскай палітыцы, удалося заваяваць сімпатыі выбаршчыкаў? «Мяркуючы па выніках апытання, самымі адчувальнымі тэмамі для выбаршчыкаў у 2024 годзе сталі пакупніцкая здольнасць і мігранты», – прыводзіць Le Figaro вынікі апытанняў.
«Марын Ле Пэн абяцае правесці рэферэндум па пытанні прыезджых, закрыць краіну для нелегалаў і выйсці з НАТА. Другі тур будзе зводзіцца да аднаго пытання: ці атрымае Ле Пэн абсалютная большасць галасоў? Прагнозы гавораць, што шанцы ў яе ёсць. Яе апаненты, у тым ліку і Эманюэль Макрон спрабуюць манеўраваць, каб не дапусціць ультраправых да ўлады. Прэзідэнт даручыў вывучыць сітуацыю ў кожнай выбарчай акрузе краіны, каб знайсці альянсы для барацьбы з партыяй «Нацыянальнае аб’яднанне». Для гэтага ён гатовы працаваць у тым ліку з кандыдатамі ад вельмі левай партыі «Няскораная Францыя». У выніку французскі палітычны свет прайшоў інтэнсіўны двухдзённы перыяд паддывановай барацьбы, калі кожная партыя спрабавала максімальна павялічыць шанцы на фінальным галасаванні ў бліжэйшыя выходныя і падаць заяўкі на ўдзел. Калі Нацыянальнае аб’яднанне атрымае абсалютную большасць, за партыяй будзе пасада прэм’ер-міністра і магчымасць прызначаць членаў кабінета. Як чакаецца, будуць абмежаваныя паўнамоцтвы Макрона, хаця ён застанецца прэзідэнтам», – прагназуе французскае выданне.
Вярхоўны суд ЗША вынес рашэнне аб ступені абароны экс-прэзідэнтаў ад судовага пераследу. Тут суд правёў адрозненне паміж афіцыйнымі дзеяннямі, здзейсненымі падчас знаходжання на пасадзе, на якія, як пастанавілі суддзі, распаўсюджваецца імунітэт, і неафіцыйнымі дзеяннямі, за якія былы прэзідэнт можа пераследавацца ў судовым парадку. Рашэнне было вынесена калегіяй суддзяў у суадносінах шэсць галасоў супраць трох, прычым большасць сфарміравалі суддзі, якія лічацца ультракансерватарамі. «Гэтае рашэнне – вялікая перамога для Трампа», – піша лонданскі штотыднёвік The Economist.
«Слуханні па абвінавачваннях у адрас Трампа ў тым, што ён спрабаваў абгарнуць назад сваю паразу на выбарах 2020 года, амаль напэўна не адбудуцца да лістападаўскіх выбараў – а можа, не адбудуцца ніколі. Пазоў спецыяльнага пракурора Джэка Сміта супраць Трампа быў адкладзены ў доўгую скрыню. Тое, што ад яго засталося, можа быць уваскрэшанае, як толькі суддзя Чаткен вырашыць, якія абвінавачванні заснаваныя на здзяйсненні Трампам на пасадзе прэзідэнта дзеянняў, якія не мелі дачынення да яго афіцыйных абавязкаў (і, такім чынам, падлягаюць пераследу). Аднак, паколькі да выбараў засталося ўсяго чатыры месяцы, мала надзеі на тое, што Сміт зможа своечасова прадставіць гэтыя доказы прысяжным. І калі Трамп пераможа на выбарах, ён напэўна загадае генеральнаму пракурору закрыць гэтую справу», – піша брытанскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






