BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Небяспечны манеўр

  • Латвія працягнула ўзмоцнены рэжым кантролю мяжы з Беларуссю
  • Мірны план Шольца для Украіны
  • Расейскія дроны ў паветранай прасторы НАТА?
Фота: president.gov.ua

«Латвія па меркаваннях бяспекі падаўжае да канца бягучага года ўзмоцнены рэжым кантролю на мяжы з Беларуссю. Гэта выклікана тым, што мігранты ў вялікай колькасці працягваюць спробы нелегальна трапіць у Еўразвяз праз беларуска-латвійскую мяжу», – паведамляе DW.

Пры прыняцці рашэння ўлічваліся і рызыкі, якія звязаны з падтрымліваемай аўтарытарным рэжымам у Менску вайной Расеі супраць Украіны. Першапачаткова меркавалася, што ўзмоцнены рэжым на мяжы з Беларуссю працягнецца да канца верасня. Сілавікі захаваюць пашыраныя паўнамоцтвы ў шасці ўсходніх абласцях Латвіі. Латвія, як і Польшча і Літва, абвінавачвае Аляксандра Лукашэнку ў тым, што той арганізаваным парадкам перапраўляе мігрантаў да латвійскай мяжы, каб аблегчыць ім пераход у Латвію. У Рызе заяўляюць, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць гэта ў якасці сродку палітычнага ціску. Па дадзеных міністэрства ўнутраных спраў Латвіі, сёлета латвійскія сілавікі не дазволілі нелегальна перайсці мяжу 4210 мігрантам», – піша DW.


Мірны план Шольца з тэрытарыяльнымі саступкамі Украіны – такі інсайд італьянскага выдання Republicca. Пару месяцаў таму ў газеты быў іншы інсайд: французскія войскі ў Адэсе. Газета адзначае, што да пошуку шляхоў заканчэння канфлікту ва Украіне Шольца таксама падштурхоўваюць у апазіцыйным Хрысціянска-дэмакратычным саюзе. Іншыя падрабязнасці плана, які рыхтуецца, не паведамляюцца. Напярэдадні, 8 верасня, Шольц у інтэрв’ю ZDF паведаміў, што выступае за ўдзел Расеі ў другім “саміце міру” (першы прайшоў у чэрвені ў Швейцарыі, у яго аснове ляжала “формула міру” прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, якую абвяргае Масква).

«Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама казаў, што хоча ўдзелу Расеі на пэўных умовах, аднак расейскі МЗС магчымасць удзелу ў гэтым саміце выключыў. На думку намесніка кіраўніка ведамства Міхаіла Галузіна, на сустрэчы будзе гучаць «ранейшая рыторыка ў дарэмным разліку на прасоўванне абсалютна тупіковай і ультыматыўнай «формулы» ўкраінскага лідара і будуць праігнараваныя іншыя ініцыятывы. У ліпені 2024 года Пуцін заявіў , што Стамбульскія дамоўленасці могуць легчы ў аснову перамоваў па ўрэгуляванні канфлікту. Паводле яго слоў, дакумент нікуды не падзеўся, а быў парафіраваны кіраўніком украінскай перагаворнай дэлегацыі, “а значыць, мяркуючы па ўсім, цалкам задавальняў Украіну», – піша італьянскае выданне.


У панядзелак міністэрствы абароны Латвіі і Румыніі заявілі аб тым, што ў іх паветраную прастору заляцелі дроны, як мяркуецца, запушчаныя Расеяй. Намеснік генеральнага сакратара НАТА Мірча Джоанэ выступіў з асуджэннем такіх дзеянняў, назваўшы іх «безадказнымі і небяспечнымі», пры гэтым падкрэсліўшы, што пакуль няма доказаў таго, што гаворка ідзе аб наўмысным нападзе. «Латвія павінна быць у стане даваць адпор падобным атакам», – піша мясцовая газета Latvijas Avīze.

«Самае важнае, над чым давядзецца паразважаць у будучыні, – гэта пытанне аб тым, як збіваць такія дроны. Бо адразу цяжка вызначыць, з чым мы маем справу: з заблудным беспілотнікам – ці ж з дронам, які ляціць да вызначанай мэты, роўна як і цяжка зразумець, ці нясе ён на сабе выбухоўку і калі так, то колькі. Ясна, аднак, што робаты ўсё часцей выкарыстоўваюцца для трансгранічных аперацый. Не думаю, што можна адназначна сказаць, што гэты пэўны робат не ляцеў у Латвію з варожай місіяй, паколькі выпрабоўваць на трываласць сістэму СПА іншай дзяржавы – гэта відавочна недружалюбны жэст», – адзначае латвійскае выданне.


Былы кіраўнік Еўрапейскага цэнтральнага банка Марыё Драгі прадставіў стратэгію развіцця эканомікі Еўразвязу, распрацаваную па даручэнні кіраўніка Еўракамісіі Уршулі фон дэр Ляен. Як гаворыцца ў дакладзе, для таго каб Еўразвяз змог вытрымаць канкурэнцыю з боку ЗША і Кітая, неабходна рабіць стаўку на інавацыі, збочваць бюракратычныя перашкоды, а таксама ажыццяўляць інвестыцыі – як прыватныя, так і дзяржаўныя. «Драгі мае рацыю ў сваім закліку», – піша турынская La Stampa.

«Адзіны спосаб аднавіць кантроль складаецца ў тым, каб не замыкацца ў нацыянальных межах і не станавіцца рабамі рашэнняў, якія прымаюцца недзе яшчэ – ад Вашынгтона да Пекіна, але выбудоўваць самастойнасць Еўропы на аснове пэўных стратэгічных кірункаў. Такая сцісла сутнасць даклада Драгі. Ад фактараў, якія спрыялі еўрапейскаму росту – ад пашырэння міжнароднага гандлю да геапалітычнай стабільнасці, гарантаванай Pax Americana, – зараз не засталося і следу. Гульня ў рост зараз разгортваецца зусім у іншым месцы», – нагадвае італьянскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя