
Ілюстрацыйнае фота: belta.by
Ядзерныя заявы Лукашэнкі як інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя. Еўразвяз распрацоўвае план па lдапамозе Украіне без згоды Венгрыі. У Францыі прынялі жорсткі антымігранцкі закон. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Лукашэнка заявіў, што пастаўка ядзернай зброі ў Беларусь завяршылася ў пачатку кастрычніка. Нібыта ўсё на сваіх месцах і ўсё ў добрым стане. Але эксперты еўрапейскага выдання iSANS у гэтым сумняюцца.
«Заявы Лукашэнкі і Пуціна пра тактычную ядзерную зброю (ТЯЗ) у Беларусі першапачаткова былі штучна прывязаныя да тых ці іншых падзей, а таксама гучалі непаслядоўна або несур’ёзна. Пакуль усё гэта выглядае як інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя. Так гэта выглядала і раней, пачынаючы з першых заяў, якія былі прывязаныя да важных палітычных падзей у Беларусі і вакол яе. Узгадайце, як гэтая тэма гучна загучала напярэдадні саміту NATO у Вільні. Цяпер — на фоне тупіка ў вайне і калядных святаў, калі Захад сыходзіць на вакацыі. Пры гэтым, калі глядзець рэтраспектыўна, то ў іх у саміх паказанні разыходзяцца — то яны зброю ўжо завезлі, то яны завезлі частку, то яны пакуль рыхтуюць сховішча. Рэальных фактаў недастаткова, каб гаварыць пра тое, што тактычная ядзерная зброя сапраўды размешчана на тэрыторыі Беларусі. Хіба што цягнікі і спецвагоны, якія адпраўляліся з Вязьмы, дзе сапраўды захоўваецца ТЯЗ. Пры гэтым адсутнічаюць іншыя неад’емныя прыкметы размяшчэння боепрыпасаў, уключаючы асаблівыя меры бяспекі вакол меркаваных месцаў захоўвання. Без гэтых абавязковых мер, з улікам блізкасці мяжы з Украінай і неаднаразовых спекуляцый Лукашэнкі на тым, што ён хоча кантраляваць ТЯЗ, яе размяшчэнне выглядае сумніўным і выкарыстоўваюцца для ціску на ЗША і ЕЗ з мэтай прымусіць іх вывесці ядзерныя боегалоўкі, якія захоўваюцца ў Еўропе», — заўважае еўрапейскае выданне.
«Улады Еўразвяза распрацоўваюць запасны план па вылучэнні фінансавай дапамогі Украіне, для якога не спатрэбіцца згода ўсіх краін — удзельніц саюза», – паведамляе амерыканская газета The Financial Times.
Па словах крыніц выдання, у дадзены момант улады ЕЗ разглядаюць два магчымыя варыянты фінансавання Украіны. Першы мяркуе, што еўрапейскія краіны возьмуць на сябе фінансавыя гарантыі перад агульным бюджэтам, што дасць магчымасць Еўракамісіі заняць на рынках капіталаў да 20 мільярдаў еўра для дапамогі Кіеву. Такі варыянт фінансавання не патрабуе гарантый з боку ўсіх краін ЕЗ, аднак іх павінны прадаставіць дзяржавы з самым высокім крэдытным рэйтынгам. Як нагадвае выданне, падобны механізм ужо выкарыстоўвалі падчас пандэміі каранавіруса для выдзялення фінансавай дапамогі краінам ЕЗ. Пераважным варыянтам застаецца ўзгадненне доўгатэрміновай дапамогі Украіне ў памеры 50 мільярдаў еўра, а план «Б» краіны ЕЗ зробяць у выпадку, калі Венгрыя зноў скарыстаецца сваім правам вета. Таксама крыніцы выдання дадалі, што кіраўніцтва Еўразвяза паабяцала аказаць дапамогу Украіне ў тым ці іншым выглядзе не пазней за сакавік 2024 года.
19-га снежня парламент Францыі прыняў пакет законаў «Аб кантролі над іміграцыяй і паляпшэннем інтэграцыі», які значна зробіць больш жорсткім міграцыйныя правілы ў адносінах студэнтаў, бежанцаў, сем’яў, якія ўз’ядноўваюцца і іншых груп мігрантаў. «Замежных студэнтаў абавяжуць плаціць заклад за ўвесь перыяд навучання, за нелегальнае пражыванне ў краіне будуць караць», – піша расейскае выданне Meduza.
«За» прагаласавала і ніжняя палата – Нацыянальная асамблея, і верхняя – сенат. Французскія праваабаронцы назвалі дакумент «самым рэгрэсіўным за апошнія 40 гадоў». Сярод ухваленых змен: квоты на легалізацыю замежнікаў, заклад за атрыманне студэнцкага віду на жыхарства (ВНЖ), абмежаванні сацыяльных выплат, пазбаўленне грамадзянства за забойства паліцыянта і ВНЖ— за незахаванне «прынцыпаў Рэспублікі». Ініцыяваўшы рэформы, прэзідэнт Эмануэль Макрон выканаў сваё перадвыбарнае абяцанне, але ў выніку апынуўся ў закладніках у правых і ультраправых сіл, і цяпер яго ўласныя прыхільнікі маюць намер дамагацца адмены па крайняй меры часткі новых законаў”, – адзначае расейскае незалежнае выданне.
Робат, які належыць кампаніі Tesla, выйшаў з-пад упраўлення і напаў на супрацоўніка завода Giga Texas паблізу горада Осцін. Аб гэтым напісала брытанская газета Daily Mail.
«Два сведкі з жахам назіралі, як на іх калегу напала машына, прызначаная для захопу і перамяшчэння свежаадлітых алюмініевых дэталяў аўтамабіля.
Робат заціснуў чалавека, які тады паблізу праграмаваў праграмнае забеспячэнне для двух робатаў Tesla, перш чым упікнуць свае металічныя кіпцюры ў рабочага, пакідаючы за сабой «крывавы след» уздоўж фабрычнай паверхні. Калі скрываўлены інжынер Tesla спрабаваў вырвацца з рук мантажнага робата, іншы рабочы наехаў на аварыйную «стоп»-кнопку, каб скончыць атаку. Нягледзячы на тое, што ні ў 2021, ні ў 2022 гадах кампанія Tesla не паведамляла рэгулятарам аб іншых траўмах, звязаных з робатамі, на фабрыцы ў Тэхасе, гэты інцыдэнт адбыўся на фоне шматгадовай занепакоенасці рызыкамі аўтаматызаванага робатавыкарыстання на працоўным месцы», – заўважае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя






