- Навошта Мікалай Лукашэнка ўсё часцей з’яўляецца ў медыях
- Мелані ў гасцях у Трампа
- Старшыня КНР запатрабаваў пакараць вядомага эканаміста, які ўсумніўся, што эканоміка краіны расце на 5% у год

“Малодшы сын Лукашэнкі ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі бацькі, дае інтэрв’ю дзяржСМІ і нібыта захоўвае ў тэлефоне нумар Зяленскага. Мікалая Лукашэнку рыхтуюць у будучыя пераемнікі?”, – задаецца пытаннем DW.
«Яго медыяактыўнасць выглядае як перапазіцыянаванне”, – лічыць галоўны рэдактар reform. news Фёдар Паўлючэнка. Паводле яго слоў, зараз у Мікалая адбываецца своеасаблівая трансфармацыя з “падлетка-апазіцыянера” ў “абсалютную копію бацькі”: “Яго перапазіцыянуюць як копію Лукашэнкі, чалавека, які можа быць пераемнікам. Гэта простая тэза, і за 10 гадоў прапаганда здольная ўбіць яе ў галаву кожнаму беларусу“. Палітолаг Валерый Карбалевіч мяркуе, што падвышаная медыяактыўнасць Мікалая Лукашэнкі – усяго толькі піяр, частка электаральнай кампаніі, у якой удзельнічае ўся сям’я Лукашэнкі. “Гэта хутчэй за ўсё проста спантанная рэакцыя на сітуацыю. Ідзе кампанія, і вось і Колю нават далі магчымасць выказацца, падтрымаць бацьку”. Карбалевіч не лічыць, што можна казаць пра нейкія палітычныя планы ў дачыненні да Мікалая. “Пытанне пераемніка ўстае на парадак дня тады, калі ўлада збіраецца сыходзіць. Але Лукашэнка нікуды сыходзіць не збіраецца”, – перадае DW.
На мінулых выхадных прэм’ер-міністр Італіі і прадстаўніца правага лагера Джорджыя Мелані наведала Дональда Трампа ў яго маёнтку Мар-о-Лага. Абодва палітыкі прадэманстравалі поўнае паразуменне. Не выключана, што падчас сумеснай вячэры ў Фларыдзе гаворка ішла і аб самавітым кантракце паміж італьянскай дзяржавай і кампаніяй Ілона Маска, якога, як вядома, звязваюць з Трампам сувязі моцнага сяброўства. «Уменне Мелоні знаходзіць агульную мову з Трампам узмацняе пазіцыі Італіі ў Еўрасаюзе», – адзначае варшаўская Rzeczpospolita.
«Нарэшце мара Італіі, трэцяй эканомікі Еўразвяза, аб тым, каб стаць важкім палітычным гульцом у Брусэлі, пачынае ператварацца ў жыццё. Прэм’ер-міністр Італіі разлічвае таксама на тое, што пры новым прэзідэнце Злучаныя Штаты не будуць умешвацца ў запланаванае ёю, Мелані, перафарматаванне дзяржавы, у рамках якой яна мае намер узмацніць кантроль над СМІ і падарваць незалежнасць судоў», – наракае польскае выданне.
У снежні, выступаючы на канферэнцыі ў Вашынгтоне, Гаа Шаньвэнь – галоўны эканаміст кітайскай дзяржаўнай кампаніі SDIC Securities, які часта кансультаваў урад па пытаннях эканамічнай і фінансавай палітыкі, – дапусціў, што ўлады Кітая завышаюць тэмпы росту ВУП. «Словы эканаміста “прывялі ў шаленства” лідара Кітая Сі Цзіньпіна», – распавялі крыніцы The Wall Street Journal.
«Па іх словах, старшыня КНР даручыў правесці расследаванне ў дачыненні да Гао і прымяніць да яго дысцыплінарныя меры (якія менавіта, не ўдакладняецца). Праз гэты загад эканамісту ўжо забаранілі публічныя выступы, але працу ён пакуль не страціў. Афіцыйныя дадзеныя кітайскіх уладаў гавораць аб тым, што эканоміка краіны вырасла на 5,2% у 2023 годзе і вырасце прыкладна на столькі ж па выніках 2024 года. Рост на 5% у год мае вельмі важнае значэнне для рэалізацыі абяцанняў Сі Цзіньпіна: у 2020 годзе ён заявіў, што эканоміка Кітая падвоіцца да 2035 года. Такая мэта патрабуе, каб яна паказвала прыкладна пяціпрацэнтны рост штогод на працягу 15 гадоў. Выказванні Гаа распаўсюдзілі многія эканамісты і аналітыкі ў Кітаі і за межамі краіны. Статыстыка кітайскага ўрада сапраўды становіцца менш празрыстай. Так, улады спынілі публікаваць дадзеныя аб цікавасці замежных інвестараў да кітайскіх акцый і аб беспрацоўі сярод моладзі. Пры гэтым кітайскую эканоміку цягнуць уніз абвал на рынку нерухомасці, павелічэнне дзярждоўгу і празмернасць прамысловых магутнасцяў», – піша WSJ.
Дональд Трамп, які рыхтуецца да ўступлення на пасаду прэзідэнта ЗША, зноў заявіў аб прэтэнзіях на Грэнландыю – і нават не выключыў прымянення ваеннай сілы. На востраве зараз знаходзіцца яго старэйшы сын – у рамках “прыватнага візіту”.Прэм’ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксен дала адпор прэтэнзіям Трампа. Грэнландыя належыць грэнландцам, – заявіла яна.Рыжскі партал Tvnet таксама баіцца, што справа можа дайсці да сур’ёзнага канфлікту.
«Калі ўлічыць, што Данія не выказвала намераў даць Грэнландыі незалежнасць, а, наадварот, павялічыла сродкі на ўтрыманне сваёй ваеннай прысутнасці там і больш выразна вылучыла на сваім каралеўскім гербе белага мядзведзя, які сімвалізуе востраў, то цалкам магчыма, што ў бліжэйшыя гады мы ўбачым займальнае ўзаемадзеянне паміж інтарэсамі дзвюх краін – саюзніц па блоку НАТА: ЗША і Даніі. У той час як ваенная акупацыя выспы Злучанымі Штатамі ўяўляецца практычна неверагодным сцэнаром, сваёй рыторыкай, якая ўпірае на магчымасць ужывання сілавых метадаў, Трамп наўмысна аказвае ціск, што, магчыма, сведчыць аб тым, што ў найбліжэйшай будучыні могуць адбыцца перамовы», – піша латвійскі партал.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






