
Рафах: умовы спынення агню. Сі Цзіньпін у Еўропе: чаго варта чакаць? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Польскае выданне Onet сцвярджае, што польскі суддзя Томаш Шмідт, які ўцёк у Беларусь і папрасіў там палітычны прытулак, мог працяглы час займацца шпіёнскай дзейнасцю на карысць Беларусі (і, магчыма, Расеі). Суддзя некалькі месяцаў знаходзіўся “на алоўку” Агенцтва ўнутранай бяспекі, якое збірала доказ ягонай злачыннай дзейнасці, але ён так і не быў затрыманы.
«Уцёкі Шмідта – правал польскіх спецслужбаў, а вось для Менска і Масквы яны маглі стаць спешнай эвакуацыяй праваліўшагася агента. Суддзя Томаш Шмідт, які ў панядзелак на канферэнцыі ў Менску абвясціў, што звярнуўся да рэжыму Лукашэнкі з просьбай аб наданні яму статусу палітычнага ўцекача, як мінімум некалькі месяцаў быў пад пільнай увагай Агенцтва ўнутранай бяспекі. Больш за тое, яго павінна была расследаваць польская контрразведка, якая збірала доказы для арышту суддзі па абвінавачанні ў шпіёнскай дзейнасці на карысць замежнай дзяржавы. Шмідт меў доступ да сакрэтных матэрыялаў, у тым ліку, мог мець доступ да ключавой інфармацыі для бяспекі краіны. Суддзя Шмідт павінен быў вырашыць пытанне аб доступе да дакументаў «САКРЭТНА НАТА», – піша польскае выданне.
Згодна з уласнымі заявамі, радыкальны ісламісцкі рух ХАМАС пагадзіўся на пасярэдніцкую прапанову аб спыненні агню ў сектары Газа. Прэм’ер-міністр Ізраіля Нетаньяху, у сваю чаргу, заявіў, што яно ніякім чынам не адпавядае патрабаванням Ізраіля. А таму Нетаньяху, паводле яго слоў, будзе прытрымлівацца плана аб наступленні ў Рафаху. Тым не менш, ён накіруе высокапастаўленую дэлегацыю для перамоваў у Егіпет. Рымская La Repubblica прыпісвае прэзідэнту Турцыі Эрдагану вырашальную ролю ў перамовах аб спыненні агню.
«Ці скажа Ізраіль „так”? Увогуле, гэта не грае ніякай ролі. Бо калі ён скажа „не”, то Ісмаіл Ханія не саступіць – і застанецца пры сваім „так”. Тым самым уся адказнасць за вайну будзе ўзвалена на Нетаньяху. Што змянілася для ХАМАС? Відавочна, што 132 закладнікі, якія засталіся ў Газе, па большай частцы загінулі. Чым даўжэй працягваецца вайна, тым больш казыроў страчвае ХАМАС. Але менавіта Эрдаган стаў вырашальным фактарам. На ХАМАС Эрдаган мае куды большы ўплыў, чым Катар, паколькі ён не саюзнік, а сябар. Ён і сябар, і брат Ханіі і паловы палітбюро, з якімі ён падзяляе прыналежнасць да „братоў-мусульманаў», – наракае італьянскае выданне.
Лідэр Кітая Сі Цзіньпін прыбыў з візітам у Еўропу. У панядзелак яго прынялі ў Парыжы, дзе ён сустрэўся з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і старшынёй Еўракамісіі Уршуляй фон дэр Ляен. Фон дэр Ляен папракнула Сі ў тым, што Кітай «запоўніў» Еўропу субсідаванымі таварамі, і прыгразіла прыняць «жорсткія рашэнні» у тым выпадку, калі Пекін працягне сваю «несумленную канкурэнтную барацьбу». Цяпер Сі знаходзіцца з візітам у Сербіі і Венгрыі. «Венгрыя проста рассцілае чырвоную дарожку перад Кітаем і яго эканомікай, а навошта гэта робіцца – незразумела», – піша венгерская газета Népszava.
«Мы ператварыліся для Кітая ў своеасаблівы мантажны цэх, і наш урад не толькі радасна і ахвотна пагадзіўся на гэтую ролю, але яшчэ і прымае інвестыцыі, якія фінансуюцца з кітайскіх крэдытаў і, магчыма, ніколі не акупяцца. І ўсё гэта робіцца толькі дзеля таго, каб пазлаваць Брусель. Прэзідэнт Сі зразумеў, што можа выкарыстоўваць Венгрыю для таго, каб не дазволіць Еўропе выпрацаваць адзіную палітыку ў дачыненні да Кітая – тую палітыку, якой яна бачыцца Макрону. Гэта, зразумела, на руку Сі, аднак якая карысць ад гэтага вугорскаму народу – вось што застаецца вялікім пытаннем!», – піша венгерскае выданне.
У пятніцу, 3 траўня, у Дрэздэне быў учынены напад на вядучага кандыдата ў Еўрапарламент ад СДПГ Матыяса Эке. Ён расклейваў у горадзе перадвыбарчыя плакаты, калі на яго напалі чацвёра мужчын. Збіццё аказалася настолькі сур’ёзным, што Эке да гэтага часу знаходзіцца ў бальніцы і яму нават спатрэбілася аперацыя. Іншыя палітычныя партыі таксама паведамілі аб выпадках гвалту і спроб запалохвання ў дачыненні да сваіх кандыдатаў. Як адзначае Neue Zürcher Zeitung, гвалт можа прыйсці адкуль заўгодна.
«Палітычны гвалт і славесныя абразы існуюць на ўсіх полюсах палітычнага спектру. Здараецца цкаванне з боку правых, і з боку левых, трапляюцца злачынцы як з левага, так і з правага лагера, а таксама і ісламісты. Ні з тым, ні з іншым мірыцца недапушчальна. Калі гвалт становіцца сродкам палітычнай дыскусіі, пакутуе дэмакратыя. Тэндэнцыю да агрублення нораваў можна спыніць толькі ў тым выпадку, калі злачынцы будуць сурова карацца, патэнцыйныя ахвяры – атрымліваць больш эфектыўную абарону, а палітычныя супернікі не будуць разглядацца ў якасці ворагаў. Суб’екты, якія нападаюць на людзей толькі за тое, што тыя прытрымліваюцца іншых поглядаў, не павінны сустракаць разуменні ні ў адным з палітычных лагераў», – піша швейцарскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






