- Папярэджанні нават у школьных чатах
- Як сілавікі запалохваюць перад выбарамі?
- Чаму Аўстрыя сутыкнулася з палітычным крызісам?
- Стала вядома аб цеснай сувязі швейцарскага банка Credit Suisse з нацыстамі

“Да выбараў 2025 года ў Беларусі – менш за месяц. Нягледзячы на адсутнасць нават імітацыі палітычнай барацьбы, улада баіцца, што не ўсё пройдзе па загадзя напісаным сцэнары. Па інфармацыі праваабаронцаў, МУС і КДБ павінны забяспечыць адсутнасць у краіне нават мінімальных пратэстаў», – DW расказвае, якія метады выкарыстоўваюць сілавікі.
“Апошнім часам сілавікі прыходзяць з ператрусамі і “прафілактычнымі” візітамі нават да людзей, не ўцягнутых у якую-небудзь актыўнасць. Напрыклад, калі іх нумар тэлефона засвяціўся там, дзе адбываліся пратэсты ў 2020 годзе. Часцяком людзей запалохваюць пры дапамозе так званых “прафілактычных гутарак”, з якімі сілавікі прыходзяць да беларусаў дадому ці выклікаюць у РАУС. Там ім даюць падпісаць дакумент, што яны абавязваюцца “не здзяйсняць супрацьпраўныя дзеянні”. Папярэджанні рассылаюць нават у школьных чатах. Раней у школе заклікалі да актыўнасці – прыйсці на выбары, на датэрміновае галасаванне. Цяпер гэта больш пра запалохванне, каб чагосьці не рабілі: не перадавалі інфармацыю, не кантактавалі з “экстрэмістамі”, не ўдзельнічалі ў мірных сходах”, – пералічвае DW.
«У выніку апошняга расследавання былі знойдзены дакументы, якія сведчаць, што швейцарскі банк Credit Suisse хаваў больш цесныя сувязі з нацыстамі, перашкаджаючы расследаванням і не падаючы даныя аб рахунках», – паведаміла выданне Wall Street Journal.
Выданне спасылаецца на прагледжаныя дакументы з закрытых архіваў, паводле якіх, банк не раскрываў усю інфармацыю аб рахунках нацыстаў і часткова перашкаджаў правядзенню расследаванняў.
«У 2021 годзе незалежны амбудсмен Ніл Барофскі пачаў новае расследаванне датычна сувязяў банка з нацыстамі. Аднак пазней кіраўніцтва Credit Suisse адхіліла Барофскі, заявіўшы, што ён “перайшоў межы, якія яны хацелі ўсталяваць у ходзе расследавання”. Пасля Барофскі быў адноўлены на пасадзе і працягнуў працу. Барофскі выявіў дакументы, якія сведчаць аб сувязях банка з дзясяткамі фізічных і юрыдычных асоб, звязаных з нацысцкімі злачынствамі. З папярэдніх звестак 99 вядомых нацыстаў і іх партнёраў супадзенне імёнаў было знойдзена для 13 чалавек. У 1990-х гадах дзве незалежныя камісіі пацвердзілі, што швейцарскія банкіры часта ігнаравалі крадзеж габрэйскіх актываў нацыстамі і перашкаджалі вяртанню сродкаў іх сем’ям. У сакавіку 2023 года цана акцый Credit Suisse на біржы абвалілася на чвэрць, пасля чаго Цэнтрабанк Швейцарыі заявіў, што UBS набудзе Credit Suisse за 3 млрд франкаў (3,2 млрд даляраў), і ў чэрвені 2024 года група UBS абвясціла аб завяршэнні пакупкі Credit Suisse. Камітэты Сената і парламента Швейцарыі пачалі расследаванне набыцця банка Credit Suisse ягоным швейцарскім канкурэнтам UBS і дзяржаўнай дапамогі ў гэтым набыцці», – піша амерыканскае выданне.
Канцлер Аўстрыі Карл Нехамер сыходзіць у адстаўку пасля няўдалых перамоваў па стварэнні кааліцыі. Ён напісаў у сацсетцы Х, што ў найбліжэйшыя дні пакіне не толькі пасаду кіраўніка ўрада, але і пазіцыю старшыні Аўстрыйскай народнай партыі. Тры палітычныя арганізацыі з верасня 2024-га спрабавалі стварыць цэнтрысцкую кааліцыю, але ў суботу, 4 студзеня 2025-га, заявілі аб правале перамоваў. «Аўстрыя апускаецца ў безуладдзе. І самая змрочная перспектыва – новы канцлер з прарасейскімі сімпатыямі», – піша еўрапейская Politico.
«Тры месяцы намаганняў па стварэнні альянсу зайшлі ў тупік і скончыліся сыходам канцлера. Пасля вераснёўскіх выбараў, калі ў Аўстрыі ўпершыню перамагла ультраправая Партыя свабоды, дзве іншыя сілы, якія прайшлі ў парламент, спрабавалі стварыць кааліцыю. Аднак разыходжанні па ключавых пытаннях пераадолець не ўдалося. Размова ў прыватнасці ішла аб новых падатках і ўзмацненні жорсткасці ўмоў для бізнесу. Партыя свабоды, якая перамагла, якая набрала 29% галасоў, чаго недастаткова для самастойнага фарміравання ўрада, таксама паспрабавала сфарміраваць кааліцыю. Аднак усе буйныя партыі адмовіліся працаваць з ёй з-за занадта таксічных ініцыятыў. Лідар руху Герберт Кікль у прыватнасці выступае супраць падтрымкі Украіны еўрапейцамі і настойліва патрабуе масава дэпартаваць імігрантаў. Такім чынам, зрыў перамоваў умацуе пазіцыі антыімігранцкай і прарасейскі настроенай Аўстрыйскай партыі свабоды. Стрымліваць вельмі правых зараз няма каму. Аўстрыя знаходзіцца ў глыбокім крызісе. А галоўным бенефіцыярам сітуацыі можа стаць той самы ўльтраправы Кікль», – адзначае еўрапейскае выданне.
У сваім артыкуле, апублікаваным у нямецкай газеце Welt am Sonntag, мультымільярдэр і будучы саветнік па скарачэнні бюракратыі ў адміністрацыі Дональда Трампа Ілон Маск заклікаў грамадзян Германіі на датэрміновых выбарах у бундэстаг, прызначаных на 23 лютага, галасаваць за правапапулісцкую партыю Альтэрнатыва для Германіі. Як на самога Маска, так і на газету абрынуўся шквал крытыкі. «Становішча і ўплыў Маска ў корані адрозніваюцца ад магчымасцяў замежных палітыкаў», – лічыць парыжская Libération.
«У Ілона Маска (і падобных яму фігур з найбуйнейшых IT-кампаній) куды больш уплыву на паўсядзённае жыццё жыхароў Зямлі, чым у чалавека, які засядае ў Белым доме. У сілу валодання алгарытмамі сеткі Х, фінансавай моцы, параўнальнай хіба што з моцай цэлай дзяржавы, а таксама звышўплывовым становішчы ў сегменце стратэгічных тэхналогій, IT-індустрыі і сферы запуску спадарожнікаў, Маск здольны кіраваць амаль усімі дэбатамі ў ‘вольным свеце’, а акрамя таго , тэхнічна і стратэгічна аказваць уплыў на канфлікты – як тое мае месца ва Украіне. І ніякімі выбарамі яго ад гэтай ‘пасады’ не адхіліць», – іранізуе парыжская газета.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






