BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Нікуды не падзецца

У Беларусь было дэпартавана звыш 3500 украінскіх дзяцей. Памежны кантроль на ўездзе ў Нямеччыну. Якія перспектывы канфлікту Ізраіля і Лівана? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Паводле апошніх звестак, якія сабрала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, пад дэпартацыю на тэрыторыю Беларусі падпала звыш 3500 украінскіх дзяцей з больш як 20 населеных пунктаў, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях Украіны. Пра гэта піша выданне DW.

Павел Латушка пракаментаваў сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з “кіраўніком” так званай “Данецкай народнай рэспублікі” Дзянісам Пушыліным, якая адбылася 19 верасня, дзе Лукашэнка прызнаў, што ўкраінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь, але нібыта “на лячэнне, адпачынак”. “Лукашэнка не ўпершыню публічна прызнаецца ў факце ўчынення ваеннага злачынства – дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый на тэрыторыю Беларусі”, – заявіў выданню Латушка. Раней называлася лічба 2500 дэпартаваных у Беларусь украінскіх дзяцей», – перадае DW.

У панядзелак Нямеччына ўвяла памежны кантроль, пра які заяўляла раней, на ўсіх сваіх межах. Межы з Чэхіяй, Польшчай і Швейцарыяй кантраляваліся з кастрычніка 2023 года, мяжа з Аўстрыяй – яшчэ з 2015 года. Але з агульнаеўрапейскага пункта гледжання, каментатары разглядаюць гэтае ўзмацненне жорсткасці як шкоднасны сігнал. «Без паслядоўнай міграцыйнай палітыкі Шэнген можа разваліцца», – такія асцярогі выказвае будапешцкі штотыднёвік hvg.

«У міграцыйнай палітыкі краін ЕЗ ёсць незлічонае мноства слабых месцаў, і падобна, што прыняты вясной міграцыйны пакт, які павінен уступіць у сілу ў 2026 годзе, не прапануе вырашэння праблем. Венгрыя і Польшча ўсё роўна не пагадзіліся на гэты пакт, а яшчэ некалькі краін з тых часоў заявілі пра тое, што хацелі б нешта ў ім памяняць. Калі не атрымаецца стварыць разумныя рамкі і калі так званы часовы памежны кантроль, які насамрэч ужо можна ахарактарызаваць як сталы, працягне існаваць, то гэта прывядзе да эрозіі Шэнгенскай сістэмы і да таго, што імкненне да ўсё больш цеснага звяза проста знікне ў вельмі далёкай будучыні», – піша венгерскае выданне.

Ізраіль ударыў сотнямі ракет па цэлях «Хезбалы» ў Паўднёвым Ліване. ВПС знішчылі каля 1 тыс. снарадаў ліванскай групоўкі, гаворыцца ў заяве ЦАХАЛа. Міністр абароны Ізраілю зазначыў, што краіна ўступае ў новую фазу канфлікту. Пачатак атакі супаў з выступленнем у Бейруце лідара «Хезбалы» Хасана Насралы. Ён, у прыватнасці, заявіў, што яго арганізацыя фактычна знаходзіцца ў стане вайны з яўрэйскай дзяржавай. Атрады «Хезбалы» у адказ абстралялі вайсковыя казармы на поўначы Ізраілю і сілы ЦАХАЛу на мяжы. Замежныя СМІ пішуць, што выбух пэйджараў у Ліване нанёс яшчэ адзін удар па спробах адміністрацыі ЗША знізіць напружанасць у рэгіёне. У той жа час, разважаюць замежныя эксперты, “Хезбала” не гатовая да жорсткага адказу, а ракетныя абстрэлы з боку Ізраіля яшчэ нельга лічыць пачаткам поўнамаштабнай вайны. «Некаторыя былыя чыноўнікі лічаць, што Ізраіль вывучае, як можна паралізаваць сувязь “Хезбалы” ў выпадку поўнамаштабнай вайны. Пры гэтым менавіта яе адсутнасць ЗША да гэтага часу выстаўлялі як сваё галоўнае дасягненне» – нагадвае The Washington Post. 17 верасня, калі ў Ліване ўзарваліся пэйджары, дзяржсакратар Энтані Блінкен наведваў Егіпет. Рызыка, адзначаюць эксперты, у такіх дыпламатычных намаганняў адна: у канчатковым рахунку прысутнасць высокапастаўленых асоб з Вашынгтона пачалі ўспрымаць як належнае.

Пасля адбору кандыдатаў, які праходзіў не зусім гладка, у аўторак Уршуля фон дэр Ляен абвясціла імёны 27 кандыдатаў, якія ўвойдуць у склад новай Еўракамісіі. Цяпер кандыдатуры павінен ухваліць Еўрапарламент. Кожная з краін-членаў атрымала па партфелі, але не ўсе задаволеныя профільнымі ведамствамі, якія дасталіся ім, ды і па складзе камісіі думкі разышліся. Партал NV лічыць, што пазіцыя новай Еўракамісіі ў дачыненні да Украіны застанецца канструктыўнай.

«Па-першае, прэзідэнт Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен разглядае падтрымку Украіны і поспех нашай дзяржавы на трэку адпору расейскай агрэсіі і ўступленні ў ЕЗ як глыбока асабістую палітычную задачу і ключавы элемент уласнай палітычнай і гістарычнай спадчыны. Па-другое, чакаем, што ўсе кандыдаты пройдуць дбайную праверку на праўкраінскую пазіцыю падчас слуханняў у сценах Еўрапарламента. Па-трэцяе, кандыдаты на ключавыя важныя для Украіны пасады з пункту гледжання палітыка-бяспечнай падтрымкі выбраны з традыцыйна саюзніцкіх для нашай дзяржавы краін», – адзначае ўкраінскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя