BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Няма часу рассусольваць

Масавы раcстрэл у Расеі: пасол Беларусі пакінуў версію Пуціна ў руінах. Гаіці на мяжы катастрофы: што трэба зрабіць? Саміт ЕЗ: паваротны момант у справе дапамогі Украіне. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Як паведамляюць расейскія СМІ, у пятніцу 22-на сакавіка ўвечары, узброеныя людзі ў камуфляжнай форме ўварваліся ў канцэртную залу “Крокус Сіці Хол” перад выступам расейскага гурта, адкрыўшы па натоўпе аўтаматны агонь.

Падчас нападу ў зале прагрымелі выбухі, пасля чаго ён быў ахоплены агнём. Агулам загінула 137 чалавек. Калі ў амерыканскіх і іншых заходніх публікацыях падкрэсліваецца роля Вашынгтона, які папярэдзіў Маскву аб тэрактах, і адначасова бестурботнасць Крамля, які не прыслухаўся да сігналаў трывогі, то расейскі бок абыходзіць непрыемную тэму пераважна бокам. 

„А вось беларускі бок выбраў сваю пазіцыю: так Пасол Беларусі ў Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Круты заявіў, што сілавыя структуры яго краіны дапамаглі расеянам злавіць падазроных у тэракце на канцэртнай пляцоўцы “Крокус Сіці Хол” пад Масквой, і што злачынцы, магчыма, планавалі перасячы раейска-беларускую мяжу”, – перадае ўкраінскае выданне Укрінфарм.

„Круты таксама паведаміў, што кіраўнік беларускага Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) знаходзіцца ў прамым кантакце са сваім расейскім калегам.

Як паведамлялася раней, Уладзімір Пуцін у тэлезвароце да нацыі ў суботу заявіў, што ўкраінскі бок нібыта падрыхтаваў „акно” на мяжы для прыёму групы тэрарыстаў, якія ўчынілі страляніну на канцэртнай пляцоўцы “Крокус Сіці Хол” у Падмаскоўі”, – піша ўкраінскае выданне.

Нават пасля адстаўкі прэм’ер-міністра Гаіці Арыэля Анры, якая адбылася 12 сакавіка гэтага года, сітуацыя ў Гаіці застаецца вельмі неспакойнай. Узброеныя банды кантралююць частку раёнаў сталіцы і важныя транспартныя шляхі, захопліваюць дзяржаўныя ўстановы, займаюцца марадзёрствам і ўступаюць у перастрэлкі з паліцыяй. Сотні тысяч людзей вымушаны пакінуць свае дамы, назіраецца востры недахоп прадуктаў харчавання. Лонданская The Times далучаецца да меркавання Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша, які запатрабаваў адправіць на Гаіці міжнародныя ўзброеныя сілы.

«Менш маштабныя меры наўрад ці былі б у стане гарантаваць бяспеку і парадак. Мэты задзейнічання такога кантынгенту былі б строга абмежаванымі: размова ішла б аб тым, каб вызваліць ад бандытаў аб’екты крытычнай інфраструктуры і транспартныя вузлы, уключаючы парты і аэрапорты, а таксама аб тым, каб устанавіць гуманітарныя калідоры, па якіх людзям паступала б дапамога, харчаванне і паліва. Міжнародныя сілы сумесна з паліцыяй мелі б шанец спыніць пастаўку бандам зброі. Але ўсё гэта, вядома, не панацэя, паколькі будучыня краіны залежыць ад дзеянняў яе грамадзян. Але калі зараз не абараніць жыхароў Гаіці ад гвалту і голаду, будучыня іх будзе бязрадаснай», – наракае брытанскае выданне.

Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін ЕЗ дамовіліся накіроўваць даходы ад замарожаных расейскіх актываў на падтрымку Украіны. Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо заклікаў краіны прыняць рашэнне аб канфіскацыі расейскіх актываў, аднак тады яго заклік не знайшоў падтрымкі ў большасці. Аглядальнікі пішуць аб тым, што, мяркуючы па ўсім, Еўропа пачала ўсведамляць усю ступень небяспекі, але, як адзначаюць многія журналісты, да гэтага часу занадта доўга разгойдваецца. «Еўропе варта было б нарасціць намаганні па дапамозе Кіеву, тым больш што падтрымка з боку ЗША відавочна кульгае», – адзначае турынская газета La Stampa.

«Падтрымка ў ранейшых маштабах не ў стане пераламаць ход канфлікту; у лепшым выпадку, яна дапаможа Украіне ўтрымаць лінію абароны. Для таго, каб аднавіць у Еўропе мір, патрабуецца нашмат больш. Еўрапейская рада ўсведамляе, што забеспячэнне абароны Украіны ва ўсё большай ступені становіцца пераважна еўрапейскай задачай. І хоць напад Расеі на іншыя краіны Еўропы з сёння на заўтра не прадбачыцца, яго рызыка будзе ўзрастаць у геаметрычнай прагрэсіі – у тым выпадку, калі Еўропа не будзе падтрымліваць Кіеў. Чалавечыя і эканамічныя страты ад такога правалу будуць бясконца вышэй, чым тыя драбінкі, якія да гэтага часу перападалі Украіне», – адзначае італьянскае выданне.

На фоне расейскай вайны супраць Украіны, супрацьстаяння паміж Кітаем і ЗША, а таксама вайны на Блізкім Усходзе, якая працягваецца, еўрапейская прэса разважае аб расстаноўцы сіл у свеце. У той час як адны аглядальнікі пішуць аб зараджэнні новых правіл, іншыя бачаць толькі трывожны хаос. У міланскай газеце Corriere della Sera былы міністр фінансаў Італіі Джуліо Трэманці дзеліцца наступнымі меркаваннямі.

«У новым глабальным свеце ўлада «старой палітыкі», былой некалі прэрагатывай дзяржаў і іх парламентаў, паступова пераходзіць да іншых – новых гульцоў. Да «міжнароднага фінансавага рынку». Або «сеткавым гігантам», якія сёння ў постмадэрнісцкай форме робяць тое, чым першапачаткова займаліся старыя дзяржавы: будуюць дарогі, гарантуюць свабоду, чаканяць грошы. Проста на сёння – гэта магістралі звестак, тэлематычныя агоры і віртуальныя валюты. Калі рэальнасць сёння наскрозь глабальная, дык палітыка і дэмакратыя не могуць заставацца лакальнымі. Менавіта таму Еўропа, радзіма сучаснай дэмакратыі, сёння можа стаць палігонам для вяртання палітыкі і дэмакратыі», – заклікае італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка