BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Няма выбару?!

Чаго варта чакаць Беларусі ад Фрыдрыха Мерца. Трэцяя гадавіна вялікай вайны РФ супраць Украіны. Нямеччына пасля выбараў: чаго чакаць Еўропе? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Новы ўрад Германіі будзе і надалей падтрымліваць беларускія дэмсілы, а вось якаснае паляпшэнне адносін з афіцыйным Менскам малаверагодна”, – лічыць DW.

“26 снежня 2024 года, амаль за два месяцы да датэрміновых выбараў у нямецкі бундэстаг, Аляксандр Лукашэнка нечакана зрабіў прагноз наконт зыходу выбарчай кампаніі ў Германіі. Перамагчы на ​​выбарах і ўзначаліць урад, на яго думку, павінен быў кандыдат, гатовы да аднаўлення супрацоўніцтва з Расеяй у энергетычнай галіне. Канкрэтнае імя Лукашэнка не назваў, але яго характарыстыка ўказвала менавіта на кіраўніцтва ўльтраправай “Альтэрнатывы для Германіі” (АдГ). Менавіта з гэтай палітычнай сілай у афіцыйнага Менска склаліся даволі добрыя адносіны: прадстаўнікі АдГ мелі кантакты з уладамі Беларусі, выступалі ў якасці назіральнікаў на выбарах, якія праводзіліся ў Беларусі, а таксама з’яўляліся ў прапагандысцкіх праграмах дзяржаўнага ТБ. На выбарах у бундэстаг Крэмль чакана зрабіў стаўку на так званыя “канструктыўныя сілы” з папулісцкага Саюза Сары Вагенкнехт (ССВ) і, перш за ўсё, з ультраправай “Альтэрнатывы для Германіі”. Прагноз Лукашэнкі, аднак, не спраўдзіўся. Перамогу на выбарах атрымаў апазіцыйны блок ХДС/ХСС на чале з Фрыдрыхам Мерцам, які набраў 28,5%, паводле афіцыйных папярэдніх вынікаў. У кастрычніку 2024 года Мерц правёў сустрэчу з лідарам дэмакратычных сіл Святланай Ціханоўскай і заявіў аб сваёй падтрымцы грамадзянскай супольнасці і еўрапейскай перспектывы для Беларусі. У сувязі з гэтым можна меркаваць, што перамены на нямецкім палітычным Алімпе не паўплываюць на стаўленне Берліна да дэмакратычных сіл. А вось рэжыму Лукашэнкі, калі ён сапраўды зацікаўлены ў паляпшэнні адносін з Германіяй і ЕЗ, давядзецца з урадам Мерца не проста”, – паведамляе DW.

Спаўнілася тры гады з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. У Кіеў прыбылі высокія прадстаўнікі Еўразвязу, а таксама кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў многіх заходніх краін. Разам з прэзідэнтам Украіны Зяленскім яны абмяркуюць пытанне аб тым, як рэагаваць на разварот, пачаты прэзідэнтам ЗША Трампам, – і як даць адпор расейскаму прасоўванню ва Украіне. Парыжская Libération аналізуе сітуацыю.

«Новы прэзідэнт ЗША жыве адным днём і заўважае толькі грошы, якімі махаюць перад яго носам, – а пасля яго хоць патоп. Ён не ўсведамляе таго, што калі ён дазволіць Пуціну перамагчы, дык гэты патоп можа змыць і яго самога. Ці магчыма сёння, праз тры гады з пачатку вайны, выратаваць Украіну і Еўропу з лап расейскага мядзведзя? Альтэрнатывы тут няма. Мы павінны памятаць пра дзясяткі тысяч украінак і ўкраінцаў, якія загінулі, абараняючы сваю краіну, і пра тых, хто працягвае змагацца, перамагаючы смяротную стомленасць. Мы павінны памятаць пра Уладзіміра Зяленскага, які ніколі не выказваў страху, а ў мінулую нядзелю, не вагаючыся, заявіў аб гатовасці пакласці на шалю свае паўнамоцтвы – калі гэта прынясе гарантыі абароны для Украіны», – адзначае французскае выданне.

У нядзелю ў Нямеччыне адбыліся выбары ў бундэстаг. Лідар, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў блока ХДС/ХСС Фрыдрых Мерц цяпер, мяркуючы па ўсім, пачне перамовы аб стварэнні кааліцыі з СДПГ. У сукупнасці абедзве партыі набіраюць большасць месцаў у парламенце. Турынская La Stampa хацела б бачыць Берлін больш актыўным на міжнароднай арэне.

«У той час як у адносінах з ЗША Еўропа сутыкнулася з самым вострым крызісам за ўвесь пасляваенны перыяд, урад Германіі павіс у паветры. Учорашнія выбары – гэта пачатак канца той адсутнасці, якая прычыніла немалую шкоду Нямеччыне і Еўропе ў цэлым. На Фрыдрыху Мерцы зараз адказнасць за тое, каб стаць лязом еўрапейскага адказу адміністрацыі Трампа – і згуртаваць шэрагі разрозненага Еўразвязу. Ці справіцца ён з гэтай задачай? Што ж, уменне прыходзіць па ходзе справы: адзін з яго папярэднікаў, Гельмут Коль, якога ў свой час спачатку многія недаацэньвалі, стаў архітэктарам аб’яднання Германіі і адным з галоўных актараў геапалітычных пераўтварэнняў 1989-1991 гадоў», – падсумоўвае італьянскае выданне.

“У Літве пачаўся дэмантаж ліній электраперадач з Расеяй. “Litgrid” прыступае да дэмантажу апор лініі электраперадачы Круаніская ГАЭС. Гэта першы ўчастак лініі электраперадачы, якую дэмантуюць пасля сінхранізацыі краін Балтыі з кантынентальнай Еўропай. Астатняя частка лініі будзе выкарыстана для злучэння трансфарматарных падстанцый Круаніскай ГАЭС і Біценай”, – паведамляе LRT.

«Сёння пятнаццаты дзень сінхроннай працы з сеткай кантынентальнай Еўропы. Сімвалічна, што сёння пачынаецца дэмантаж ліній электраперадач з Калінінградам. Работы па дэмантажы будуць праводзіцца на працягу найбліжэйшых паўтара года. Усяго будзе знесена 544 апоры і дэмантавана 230 кіламетраў правадоў. Работы па дэмантажы маюць як сімвалічнае, так і практычнае значэнне. Частка дэмантаванай Літвой энергетычнай інфраструктуры, звязанай з Расеяй, будзе перададзена ва Украіну. Але большасць з іх старыя, таму яны будуць утылізаваны. Правады таксама будуць утылізаваныя, іх адвязуць у цэнтр па перапрацоўцы металу.

Гістарычна электраэнергетычная сістэма Літвы працавала сінхронна з сістэмай IPS/UPS, якая аб’ядноўвае сістэмы Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі, Літвы і іншых краін. Частата Балтыйскай энергасістэмы кіравалася цэнтралізавана і каардынавалася дыспетчарскім цэнтрам у Маскве, таму ў кантэксце сістэмнага кіравання Літва, Латвія і Эстонія да нядаўняга часу ўяўлялі сабой ізаляваную энергетычную выспу ў Еўрапейскай супольнасці”, – нагадвае літоўскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка