Чаму Лукашэнка захапляецца Трампам, і што чакае беларусаў? Чаго Украіне чакаць ад Трампа? Хто ўвойдзе ў адміністрацыю Дональда Трампа? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

“Пасля вяртання Трампа ў Белы дом рэжым Лукашэнкі можа разлічваць на пэўныя зрухі ў двухбаковых адносінах, беларускія ж дэмсілы чакае перыяд цяжкіх выпрабаванняў», – перадае DW.
«Лукашэнка стаў адным з першых сусветных палітыкаў, якія заявілі аб перамозе рэспубліканца. Лукашэнку імпануе асобa Трампа, яго характар і палітычны стыль. З новым прэзідэнтам ЗША ў Менску звязваюць надзею на паляпшэнне двухбаковых адносін, адмену санкцый, спыненне вайны ва Украіне (з улікам пажаданняў і інтарэсаў рэжыму Лукашэнкі), а таксама спыненне падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл. Падстава для гэтых спадзяванняў дае і адносна пазітыўны вопыт супрацоўніцтва з Трампам падчас яго першага тэрміну, калі ў сталіцы Беларусі пабывалі тагачасныя памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан (2019 год) і дзяржсакратар Майк Пампеа (2020 год). Лукашэнка не хавае свайго захаплення Трампам і прадчувае “перазагрузку” амерыкана-беларускіх адносін. Пазняк і Усаў бачаць у Трампе змагара з «палітычным злом», палітыка якога будзе садзейнічаць “перамозе свабоды і дэмакратыі” ў Беларусі. Ціханоўская спадзяецца на тое, што палітыка ЗША ў адносінах да Беларусі кардынальна не зменіцца», – падкрэслівае DW.
У ходзе перадвыбарнай кампаніі Дональд Трамп казаў аб тым, што ў выпадку свайго абрання скончыць з вайной ва Украіне на працягу 24 гадзін. Аднак пра тое, як менавіта ён збіраецца гэта зрабіць, Трамп замоўчваў. Еўрапейская прэса разважае аб тым, якія сцэнары тут магчымыя – і да якіх наступстваў яны маглі б прывесці. Расейская платформа Riddle, якая публікуе аналітычныя матэрыялы аб Расеі, дае наступны каментар.
«У ЗША мяркуюць, што Трамп можа паставіць Маскве і Кіеву ўльтыматум. Альбо Пуцін і Зяленскі садзяцца за стол перамоваў, альбо Трамп прыгразіць Зяленскаму спыненнем ваеннай дапамогі, а Пуціну, наадварот, паабяцае значна ўзмацніць падтрымку Украіны ўзбраеннем і радыкальна павялічыць эканамічны ціск на Маскву, у тым ліку стукнуўшы ў самае балючае месца – расейскія даходы ад продажу нафты і газу. Апошняе павінна па задуме абрынуць цэны на нафту. Наўрад ці Пуцін і Зяленскі захочуць сесці за перамоўны стол проста таму, што іх пра гэта ветліва папрасіў Трамп. Таму некаторая эскалацыя супрацьстаяння Расеі і ЗША выглядае практычна непазбежнай»,– прагназуе незалежнае расейскае выданне.
Дональд Трамп зрабіў першае ключавое прызначэнне – кіраўніком апарата Белага дома ўпершыню ў гісторыі стане жанчына. Абраны прэзідэнт ЗША абвясціў, што гэтую пасаду зойме Сьюзэн Уайлз, кіраўнік яго перадвыбарнай кампаніі з 2021 года. 67-гадовая палітык дапамагала Трампу ў дзвюх папярэдніх гонках і садзейнічала перамозе на гэты раз. «Сьюзэн Уайлс – жорсткая, разумная і імкнецца да інавацыяў, так Дональд Трамп пракаментаваў сваё першае прызначэнне. Выбар рэспубліканца нядзіўны», – піша Politico.
«Уайлс за гады працы з Трампам прадэманстравала здольнасць кантраляваць яго імпульсіўнасць, чым дабілася павагі і даверу. Чалавек на гэтай пасадзе мае вялікі ўплыў. Чыноўнік займаецца арганізацыяй графіка прэзідэнта, кіруе персаналам Белага дома і падтрымлівае сувязь з іншымі дэпартаментамі. Перш чым даць сваю згоду, Уайлс выставіла Трампу шэраг умоў. Галоўным з іх было ўзмацненне кантролю над тым, хто можа звязвацца з прэзідэнтам у Авальным кабінеце. Галоўны кандыдат на пасаду дзяржсакратара – былы амбасадар ЗША ў Нямеччыне Рычард Грэнэл. І менавіта расейскі напрамак стане для яго адным з вядучых. Сярод іншых прэтэндэнтаў – Роберт О`Браен, які быў дарадцам па нацыянальнай бяспецы; сенатар ад штата Тэнэсі, былы пасол у Японіі Біл Хагерці і ветэран арміі ЗША, член Палаты прадстаўнікоў Майк Уолц. Яго фігура нібыта таксама разглядаецца на пасаду кіраўніка Пентагона. Іншы прэтэндэнт на гэтую пасаду — былы дзяржсакратар Марк Пампеа», – заўважае амырыканскае выданне.
Пасля распаду святлафорнай кааліцыі ў Нямеччыне ў складзе СДПН, СвДП і Зялёных усё кажа пра тое, што краіну чакаюць датэрміновыя выбары. Федэральны канцлер Олаф Шольц мае намер паставіць у бундэстагу пытанне аб даверы ўраду толькі ў студзені наступнага года, а да гэтага ён хоча правесці праз парламент шэраг важных рашэнняў. Лідар апазіцыі Фрыдрых Мерц, наадварот, настойвае на больш хуткім правядзенні выбараў. «Крызіс у Нямеччыне – на шкоду ўсёй Еўропе», – падсумоўвае парыжская L’Opinion.
«Святлафорная кааліцыя знаходзіцца ў стане хаосу ўжо тры гады – і яна з самага пачатку была нежыццяздольнай. Гэта кажа пра тое, што Францыя не самотная ў сваім палітычным крызісе. У Нямеччыне справы ідуць дрэнна, аб чым сведчаць зачыненне заводаў VW і неабходнасць пераасэнсавання абароннай палітыкі. У гісторыі Еўропы падобны расклад яшчэ ніколі не нёс нічога добрага. Асабліва цяпер, калі Эмануэль Макрон справядліва заклікае да «стратэгічнага абуджэння» Еўропы, – як ён выказаўся ў чацвер у Будапешце, выступаючы перад кіраўнікамі еўрапейскіх дзяржаў і ўрадаў. Але хто паверыць, што гэта магчыма, калі адсутнічае Нямеччына?», – задаецца рытарычным пытаннем французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






