“Еўрабачанне-2025”: польскі дуэт трапіў у няміласць уладаў РБ. Чаму Зяленскі не заключыць мір у Мюнхене. Хегсет у Брусэлі: што будзе з НАТА? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Міністэрства інфармацыі Беларусі ўключыла ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” Instagram-старонку музыкі Sw@da. Пад гэтым псеўданімам выступае польскі прадзюсар Віктар Шчыгел. У гэтым годзе яго дуэт са спявачкай Нікай Юрчук (Niczos) выйшаў у фінал польскага адбору на “Еўрабачанне-2025”, які адбыўся 14 лютага 2025 года, дзе яны занялі другое месца. “Артысты выканалі песню “Lusterka” на падляшскім дыялекце, распаўсюджаным у польска-беларускім прыграніччы”, – перадае DW.
“Віктар Шчыгел рады, што яго музыка дайшла да беларусаў у Беларусі і за мяжой, але не ведае, якой логікай кіраваліся ўлады, прызнаючы яго Instagram “экстрэмісцкім”. “Мы таксама думаем, што, калі нас забароняць, значыць, яны нас нейкім чынам баяцца ці баяцца людзей. Беларусы, якія слухаюць добрую музыку, адкрыты і хочуць свабоды”, – дадае Шчыгел. Sw@da x Niczos упершыню прадставілі у фінале польскага адбору на “Еўрабачанне” песню на падляшскім дыялекце, які спалучае польскую, беларускую і ўкраінскую мовы. “Раз ужо мы з Падляшша, то, вядома, наша музыка павінна адлюстроўваць спецыфіку тых месцаў, адкуль мы родам”, – цытуе Шчыгела DW.
***
Зяленскі выключыў падпісанне мірнай дамовы ў Мюнхене, адзначыўшы, што «мы памятаем, якія рэчы тут былі падпісаныя». «У 1938 годзе Францыя, Брытанія і Італія падпісалі там дамову з Нямеччынай аб саступцы ёй часткі Чэхаславаччыны», – паведамляе РБК.
«Размова аб мірным пагадненні па канфлікце ва Украіне зараз не ідзе, такая дамова не будзе падпісана ў Мюнхене, заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі на адной з панэляў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Трансляцыя вялася на YouTube-канале офіса прэзідэнта Украіны. «Мірная дамова не можа быць падпісаная ў Мюнхене. Бо гэта Мюнхен. І мы памятаем, якія рэчы тут былі падпісаныя калісьці, – я такіх рэчаў не паўтараю», – сказаў ён. У 1938 годзе ў Мюнхене было падпісана пагадненне паміж нацысцкай Германіяй, Вялікабрытаніяй, Францыяй і Італіяй. Паводле яго, Чэхаславакія, утвораная пасля распаду Аўстра-Венгрыі ў выніку Першай сусветнай вайны, павінна была саступіць Нямеччыне Судзецкую вобласць. Вялікабрытанія і Францыя падпісалі з Нямеччынай узаемныя дэкларацыі аб ненападзе. Гэтая дамова атрымала неафіцыйную назву «Мюнхенская змова», паколькі Брытанія і Францыя пайшлі на саступкі Адольфу Гітлеру, аддаўшы Судзецкую вобласць, у спробе прадухіліць сусветную вайну. Аднак нямецкія войскі працягнулі пасоўванне ў Еўропе, а затым у 1941 году ўварваліся ў Савецкі Саюз», – нагадвае РБК.
***
На саміце НАТА ў Бруселі новы міністр абароны ЗША Піт Хегсет выступіў з вельмі адназначнымі заявамі. Ён выключыў магчымасць далучэння Украіны да альянсу ў найбліжэйшай будучыні, а таксама адпраўку амерыканскіх войскаў для забеспячэння запланаванага спынення агню. У шэрагу аспектаў ён заклікаў Еўропу ўзяць на сябе больш адказнасці за ўласную бяспеку. Аглядальнікі бачаць у гэтым пераломны момант. Прынамсі турынская La Stampa адзначае наступнае.
«Відаць, НАТА адыходзіць у мінулае. І калі заўтра арганізацыя адродзіцца, то гэта будзе ўжо іншы альянс, зменіцца сам яго дух, нават калі чароўная фінансавая палачка раптам начаруе бюджэт і ўсе саюзнікі будуць выдзяляць на абарону па пяць працэнтаў ад свайго ВУП – як ад іх гэтага запатрабаваў Дональд Трамп праз свайго новага міністра абароны Піта Хегсета. “Для Злучаных Штатаў Еўропа больш не з’яўляецца прыярытэтам”, – заявіў Хегсет у сераду перад пяццюдзесяццю сваімі калегамі і партнёрамі па НАТА. Тым самым знік сам дух альянсу: ад усведамлення таго, што “адзін за ўсіх і ўсё за аднаго”, якое трывала звязвала еўрапейскую і атлантычную бяспеку, ад яго не засталося і следу», – піша італьянскае выданне.
***
У сераду прэзідэнт ЗША Трамп правёў тэлефонную размову з расейскім дыктатарам Пуціным і, па словах самога Трампа, дамовіўся аб “неадкладным” пачатку мірных перамоваў па вайне ва Украіне. Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Пяскоў пацвердзіў, што Масква, маўляў, да перамоў гатова. Але ўсё ж еўрапейская прэса задаецца пытаннем, ці не апынуліся Кіеў і Еўропа адціснутымі на абочыну. “Патрэбны еўрапейскі міратворчы кантынгент”, – заклікае польскі партал Onet.
«Сёння перад еўрапейскімі краінамі НАТА стаіць вельмі складаны выбар. Паколькі амерыканцы заяўляюць, што іх абарона не будзе ўключаць у сябе міратворчыя сілы ва Украіне, еўрапейцы павінны накіраваць ва Украіну падраздзяленні такой сілы, каб расейцы зразумелі: у выпадку новай вайны яны будуць ваяваць не з сімвалічным, легкаўзброеным міжнародным кантынгентам, які ў выпадку сур’ёзнай сітуацыі хутка адступіць назад, але з войскамі Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыны, Швецыі, Іспаніі і іншых саюзнікаў. …Паколькі мы зацікаўлены ў тым, каб ва Украіне былі размешчаны заходнія войскі, мы, палякі, павінны заявіць, што таксама гатовы ў гэтым удзельнічаць», – піша польскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






