Як пасля ўказа Трампа пад пагрозай аказаліся беларускія незалежныя СМІ. Трамп увёў пошліны ў дачыненні да Канады і Мексікі. Бельгія: што прынясе новы ўрад?

Напрыканцы студзеня Дональд Трамп прыпыніў праграмы замежнай дапамогі ЗША. Гэты ўказ закрануў дзясяткі незалежных СМІ ў 30 краінах свету, у тым ліку беларускія медыя, якія працуюць у выгнанні. “Сітуацыя паўплывае, сярод іншых, на “Зеркало“, Беларускі расследвальны цэнтр, “Обычное утро“, Reform, праект Мікіты Мелказёрава і іншыя”, – пералічвае DW, якое паразмаўляла з беларускімі журналістамі ў выгнанні аб тым, як яны тэрмінова шукаюць новыя крыніцы фінансавання пасля прыпынення замежнай дапамогі ЗША.
«Па словах прадстаўніка Зеркало, выданне працавала з амерыканскімі партнёрамі з моманту свайго заснавання, супрацоўніцтва з некаторымі з іх было спынена раптоўна. Медыя плануе прадоўжыць сваю работу “ў ранейшым аб’ёме”, разлічваючы на дапамогу іншых партнёраў. Блогер Мікіта Мелказёраў таксама прызнаецца, што з-за прыпынення фінансавай дапамогі ЗША будзе прасіць падтрымкі ў гледачоў для свайго праекта “Загляне сонца”. “Гэта вельмі важны праект, мне здаецца, і даволі паспяховы ў сваёй нішы, таму цяпер будзем ратаваць яго. На два месяцы нам трэба шэсць тысяч еўра”, – кажа Мелказёраў. Па падліках галоўрэда Reform Фёдара Паўлючэнкі, сума падтрымкі ўсіх беларускіх медыяў на год супастаўная з коштам аднаго танка Leopard: “Я думаю, што гэта не такія вялікія выдаткі, а эфект ад такой інвестыцыі проста каласальны”. Паўлючэнка ўпэўнены, што заходнім партнёрам неабходна патлумачыць значнасць працы незалежных беларускіх медыяў, ды лічыць, што менавіта яны, магчыма, садзейнічалі таму, каб Беларусь не брала ўдзелу ў вайне ва Украіне”, – указвае DW.
Дональд Трамп аб’явіў аб увядзенні мытных пошлін на імпарт з Мексікі і Канады ў памеры 25 працэнтаў. Другая стаўка – дзесяць працэнтаў – прадугледжана для прадукцыі канадскага энергетычнага сектара і для тавараў з Кітая. Гэты крок Трамп абгрунтаваў тым, што, маўляў, праз мяжу ў ЗША трапляюць “нелегальныя мігранты і наркотыкі, якія нясуць смерць”. Дзяржавы, закранутыя пошлінамі, ужо аб’явілі аб тым, што прымуць меры ў адказ. Еўрапейская прэса не ўхваляе рашэнне Трампа. «Эканамічная палітыка Трампа зусім непрадказальная», – устрывожаная венская газета Der Standard.
«Пошліны робяць Паўночнаамерыканскую зону свабоднага гандлю (НАФТА), пра якую сам жа Трамп і дамовіўся ў свой першы тэрмін, неактуальнай і нікому не патрэбнай – і відавочна шкодзяць адной з самых цеснасплеценых эканамічных прастор у свеце. Трамп не выстаўляе Мексіцы і Канадзе ніякіх канкрэтных патрабаванняў, выканаўшы якія тыя маглі б пазбегнуць балючых пошлін. Чаму Кітай, чыя палітыка стварае значна больш праблем, атрымаў пошліну толькі ў дзесяць працэнтаў і таму адрэагаваў вельмі стрымана, таксама незразумела. Аднак нянавісць Трампа накіравана ў большай ступені супраць дружалюбных дэмакратый, а не супраць аўтарытарных супернікаў. Гэта яшчэ паспеюць адчуць на сабе і краіны Еўразвяза – бо менавіта яны і стануць наступнай мішэнню», – піша аўстрыйскае выданне.
У Бельгіі сфарміраваны новы ўрад, які ўзначаліў фламандскі нацыяналіст Барт Дэ Вевер. Яго Новы фламандскі альянс, які выступае за пашырэнне аўтаноміі Фландрыі, сфарміраваў кааліцыю з ліберальным Рэфарматарскім рухам, хрысціянскімі дэмакратамі і сацыял-дэмакратамі. Аглядальнікі разважаюць аб тым, што зараз чакае краіну. Цюрыхская Tages-Anzeiger прапануе наступнае тлумачэнне.
«У асобе Бельгіі Еўразвяз у будучыні будзе мець справу з кансерватыўна-хрысціянска-дэмакратычна-ліберальным урадам з некаторымі ўкрапінамі сацыял-дэмакратычнага кшталту. Гэты ўрад робіць стаўку на атамную энергетыку і абмежаванне міграцыі – у адпаведнасці з Еўрасаюзам. Партыя новага кіраўніка ўрада Дэ Вевера на агульнаеўрапейскім роўні належыць да лагера прэм’ер-міністра Італіі Джорджыі Мелані, але па сваёй позве яны хутчэй параўнальная з еўрапейскімі кансерватарамі. А прынцыпу загараджальнага вала супраць правага экстрэмізму гэтая партыя ўжо строга прытрымліваецца з даўніх часоў. Таму і гаворкі быць не можа аб тым, што Бельгія ў будучыні паправее», – падкрэслівае швейцарскае выданне.
У чэрвені 2016 года падчас агульнанацыянальнага галасавання брытанцы прагаласавалі за выхад сваёй краіны з Еўрасаюза. Працэс Brexit доўжыўся каля трох з паловай гадоў і завяршыўся 31 студзеня 2020 года. Цягам апошніх пяці гадоў Брытанія і Эўразвяз спрабавалі аднавіць адносіны. Якія вынікі Brexit? Усё больш напружаная сітуацыя ў свеце прымусіць Вялікабрытанію і Эўразвяз ізноў мацней згуртаваць свае шэрагі, мяркуе лісабонская Público.
«Сёння ўсе ілюзіі разбіліся па абодва бакі Ла-Манша. Праз пяць гадоў пасля Brexit Вялікабрытанія мае патрэбу ў Еўрапейскім Саюзе, а Еўрасаюз мае патрэбу ў Злучаным Каралеўстве – калі яны не хочуць апынуцца ізаляванымі, падзеленымі і ўразлівымі ў варожым да іх свеце. Дзеля сваіх дэмакратый, сваіх стратэгічных інтарэсаў, дзеля міру і дабрабыту, да якіх яны прывыклі. Большасць брытанцаў хочуць больш цесных сувязяў з Эўразвязам і не давяраюць Злучаным Штатам. Так званы рух «Briturn» ужо паўстаў. І гэта добры знак», – адзначае партугальскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя