BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Новыя альянсы

Еўразвяз адзначыў Міжнародны дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі. Пуцін наведаў з візітам Кітай. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Пасля гібелі ў турме палітвязня і актывіста Вітольда Ашурака ў траўні 2021 года ў месцах няволі рэжыму памерлі яшчэ як мінімум пяць палітвязняў: Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч. «Яны падвяргаліся несправядліваму пераследу за свае палітычныя погляды і перакананні і не атрымалі належнай медыцынскай дапамогі і догляду», — цытуе вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ Жазэпа Барэля еўрапейскае выданне The Euneighbourseast.

Па словах Барэля, у Беларусі па-ранейшаму застаюцца каля 1400 палітвязняў. Сотні маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, інваліднасць, старэйшыя за 60 гадоў і псіхічныя расстройствы. Еўразвяз таксама асудзіў апошнюю хвалю рэйдаў і канфіскацыі маёмасці палітычных актывістаў, якія працягваюць сваю дзейнасць за свабоду ў выгнанні. У спіс падазраваных па распачатай масавай крымінальнай справе супраць беларусаў замежжа трапіла больш за сто чалавек. У дзень салідарнасці ЕЗ запатрабаваў неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і заклікае ўлады выконваць міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, забяспечваючы доступ да адэкватных медыцынскіх паслуг без дыскрымінацыі па прычыне іх сітуацыі. Барэль таксама заявіў, што ЕЗ працягне падтрымліваць усіх, хто мужна выступае за незалежную і дэмакратычную Беларусь», – цытуе еўрапейскае выданне.

Неўзабаве пасля сваёй інаўгурацыі Уладзімір Пуцін адправіўся ў Кітай, каб сустрэцца са сваім калегам Сі Цзіньпінам. Ніякіх істотных пагадненняў заключана не было, але была прадэманстравана ўзаемная салідарнасць. Як назваць тое, што вымалёўваецца паміж Масквой і Пекінам – ідэйным партнёрствам ці, хутчэй, васальнымі адносінамі? Меркаванні аглядальнікаў наконт гэтага разыходзяцца. Рыжская Neatkarīgā б’е трывогу наконт таго, што на нашых вачах вось аўтарытарных дзяржаў кансалідуе свае сілы.

«Засталіся ў мінулым тыя часы, калі на Захад глядзелі з захапленнем і павагай. У заключным камюніке, апублікаваным па выніках візіту Пуціна, не ўтрымліваецца ніводнага слова наконт дэмакратыі, правоў чалавека – ці іншых каштоўнасцяў сучаснага свету. Затое падкрэсліваецца агульнае разуменне Расіяй і Кітаем пажаданых для іх перспектыў сусветнага развіцця. Гэта будучыня не ўключае ў сябе ніводнага з ідэалаў Французскай рэвалюцыі: ні свабоды, ні роўнасці, ні братэрства. А Захад пакуль што ўпарта робіць выгляд, быццам не заўважае кінутай яму пальчаткі», – піша латвійскае выданне.

Офіс галоўнага пракурора Міжнароднага крымінальнага суда запытаў выдаць ордэр на арышт прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху, міністра абароны Ізраіля Ёава Галанта і трох лідэраў ХАМАС. У адрас прадстаўнікоў Ізраіля галоўны пракурор выставіў абвінавачанне ў выкарыстанні голаду як спосабу вядзення вайны, прычыненні пакут і забойствах мірных жыхароў. Кіраўнікоў ХАМАС пракурор абвінавачвае ў масавых забойствах, узяцці закладнікаў, згвалтаваннях, катаваннях і жорсткім абыходжанні з людзьмі. Ізраіль і ЗША выказалі сваё абурэнне наконт абвінавачанняў у адрас ізраільскага кіраўніцтва. Лісабонская Público лічыць абвінавачанні ў адрас Нетаньяху і Галанта лагічнымі.

«Ізраіль мае права на існаванне, у яго ёсць права бараніць сябе, але няма права рабіць тое, што ён робіць. Дзеянні Ізраіля, на якія цяпер заплюшчваюць вочы, не сталі б трываць, калі б іх здзяйснялі Расея, Кітай, Іран – ці любая іншая краіна. Прадстаўнікі ААН і праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch паведамляюць, што яны сталі аб’ектам запланаваных нападаў з боку ізраільскіх спецслужбаў», – падкрэслівае партугальскае выданне.

У Мадрыдзе ў мінулыя выходныя сабраўся “ультраправы Інтэрнацыянал” – менавіта так пазначыла гэтае мерапрыемства прымаючы бок у асобе партыі Vox. У сустрэчы прынялі ўдзел былы прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, Марын Ле Пен, прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей, старшыня партыі Chega (Даволі!) Андрэ Вентура, Джорджыя Мелоні (па відэасувязі) і ізраільскі міністр Аміхай Шыклі. «Пры ўсім росце папулярнасці правых напярэдадні еўравыбараў прарыву ім усё роўна дасягнуць не ўдасца», – такое меркаванне выказвае нікасійскае Phileleftheros.

«Розныя апытанні дэманструюць, што вельмі правыя партыі, хутчэй за ўсё, атрымаюць 25 працэнтаў крэслаў у наступным скліканні Еўрапейскага парламента. У дзевяці краінах – Аўстрыі, Бельгіі, Чэхіі, Францыі, Венгрыі, Італіі, Нідэрландах, Польшчы і Славакіі – чакаецца, што гэтыя сілы атрымаюць першае месца, а яшчэ ў дзевяці краінах – Эстоніі, Балгарыі, Фінляндыі, Германіі, Латвіі, Партугаліі, Румыніі, Гішпаніі і Швецыі – яны апынуцца на другім ці трэцім месцы. Але ў любым выпадку еўрапейскія ўльтраправыя расколатыя на дзве групы, што зменшыць іх эфектыўнасць і ўплыў», – адзначае грэчаскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя