- Адвакат абскарджвае спыненне справы супраць нямецкага палітыка-уласніка “Цыбулька-Бел»
- Ці гатова Еўропа да 2025 года?
- Фіцо ў гасцях у Пуціна
- Навагоднія прыгоды Асада

Адвакат Фердынанд Морс (Ferdinand Moors) падаў апеляцыю на рашэнне пракуратуры Ляйпцыга, якая ў снежні вырашыла спыніць расследаванне супраць дэпутата саксонскага ландтага Ёрга Дорнаў. «У Беларусі ён валодае кампаніяй “Цыбулька-Бел”, дзе, як сцвярджаецца ў матэрыялах СМІ, выкарыстоўваецца праца палітзняволеных», – паведамляе DW.
«На думку адваката, у сваім расследаванні пракуратура “памылкова выказала здагадку”, што зняволеныя выконвалі працу для кампаніі Дорнаў добраахвотна. Тое, што гэта была прымусовая праца, пацвярджаецца справаздачамі праваабарончых арганізацый і паказаннямі сведкаў, указвае ў сваёй скарзе Морс. Таксама адвакат настойвае, што пракуратура правяла няпоўнае расследаванне, не прыняўшы да ўвагі заяву пацярпелых, памылкова ацаніла ўмовы працы на ферме, згрэбавала правамі ахвяр. Фердынанд Морс заклікае пракуратуру выканаць свае абавязацельствы і правесці ўсебаковае расследаванне, у тым ліку допыт сведкаў. У снежні стала вядома, што пракуратура Ляйпцыга вырашыла не праводзіць расследаванне ў дачыненні да дэпутата парламента Саксоніі ад “Альтэрнатывы для Германіі” (АдГ) Ёрга Дорнаў. Праваахоўнікі не знайшлі падстаў падазраваць Дорнаў ва ўчыненні крымінальных злачынстваў, за якія ён можа быць прыцягнуты да адказнасці ў Германіі», – нагадвае DW.
Зацягнутыя войны ва Украіне і на Блізкім Усходзе; толькі мінімальны прагрэс у справе барацьбы са зменай клімату; нявызначанасць, выкліканая зменай улады ў Белым доме – Еўропу і ў новым годзе чакаюць няпростыя выклікі. Еўрапейская прэса разважае пра тое, як трэба сябе пазіцыянаваць ЕЗ. «Еўропа павінна нарасціць тэмп», – патрабуе брусельская Le Soir.
«Узаемаадносіны Трампа і Пуціна будуць мець каласальныя наступствы для геапалітычнага балансу – пачынаючы з Украіны і Блізкага Усходу і заканчваючы Афрыкай і сусветнай эканомікай. А якое месца ў гэтым балансе зойме Еўропа? Перад ёй стаіць важная задача – не стаць проста назіральнікам. Еўропа павінна закасаць рукавы, з тым каб пераадолець памылковую фазу палітычных гульняў, адбудаваць еўрапейскую абарону, надаць імпульс эканоміцы, супрацьстаяць усё больш разбуральным наступствам змены клімату, абараніць нашы дэмакратычныя каштоўнасці – і зацвердзіць нашу ролю ў свеце будучыні ў эпоху штучнага інтэлекту і магутнасці тэхналагічных гігантаў. Калі мы жадаем пазбегнуць (занадта моцнага) патраплення ў залежнасць ад Трампа і Пуціна, то гэта – адзіны шлях», – лічыць бельгійскае выданне.
Напярэдадні Калядаў прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо здзейсніў нечаканую паездку ў Маскву, чым ашаламіў усю сусветную супольнасць. Славакія аказалася ў няпростай сітуацыі, паколькі з 1 студзеня 2025 года Украіна спыніла транзіт па сваёй тэрыторыі расейскага газу. Пасля візіту да Пуціна Фіцо заявіў, што ў адказ не будзе пастаўляць Украіне электраэнергію. Больш за тое, у размове з Пуціным ён прапанаваў Славакію ў якасці месца правядзення мірных перамоваў з Кіевам. Мясцовы партал Aktuality.sk лічыць сур’ёзнай памылкай паездку славацкага прэм’ер-міністра Роберта Фіцо да Пуціна напярэдадні Калядаў, а таксама ідэю Фіцо прапанаваць Браціславу ў якасці месца для правядзення перамоваў.
«Але ж насамрэч нашая знешнепалітычная арыентацыя на Захад выразна прапісаная ў Канстытуцыі, аб сяброўстве ў НАТА і Еўразвязе таксама сказана ў абавязковай праграме ўрада. Краіна, якая ўваходзіць у НАТА, не можа быць нейтральнай. Фіцо здзяйсняе здраду. Аднойчы ўжо з’явілася ідэя таго, што Чэхаславакія можа быць нейтральнай краінай, якая служыць своеасаблівым мастом паміж Усходам і Захадам. Гэта было рэакцыяй прэзідэнта Эдварда Бенеша на мюнхенскую здраду саюзнікаў у 1938 годзе, калі ён такім чынам меў намер засцерагчы краіну як з усходу, так і з захаду на выпадак сусветнай вайны. Рускія пазней скарысталіся гэтымі дамовамі падчас камуністычнага перавароту ў 1948 годзе, а таксама падчас уварванняў у Чэхаславакію ў 1968 годзе», – нагадвае славацкае выданне.
«Пакуль усе адзначалі наступ новага года, у Маскве паспелі атруціць і выратаваць Башара Асада. Для іміджу Крамля гэта добрая навіна», – але ёсць адно важкае «але». Крыніцай інфармацыі паслужыў брытанскі таблоід The Sun… са спасылкай на ТГ-канал «Генерал СВР».
«Магчыма стаў ахвярай замаху, арганізатары якога пакуль не ўстаноўлены. Башар Асада спрабавалі атруціць у Маскве. Гаворка аб канфлікце ў сям’і: яго жонка спрабавала развесціся і з’ехаць у Лондан, але Асад быў супраць. Атрута пакуль не ўстаноўлена. Вядома, што яму стала цяжка дыхаць і ён страціў прытомнасць. хто спрабаваў забіць экс-прэзідэнта: палітычныя супернікі, ці гаворка ідзе аб канфлікце ў сям’і? Яго жонка, Асма аль-Асад, у дзявоцтве Асма Фаваз аль-Ахрас, нарадзілася ў Лондане ў 1975 годзе. Яе бацька – лекар, маці – дыпламат. Працавала ў буйных банках, у тым ліку ў Нью-Ёрку. Пераехала ў Сірыю ў лістападзе 2000 года і выйшла замуж за Башара Асада, які ў ліпені таго ж года стаў прэзідэнтам краіны. Бацькі Асмы жывуць у Вялікабрытаніі. Кажуць, што да іх яна і планавала з’ехаць пасля ўцёкаў з Сірыі, але Башар зрабіў усё, каб яе не адпусціць. У ноч з 7 на 8 снежня яны прыбылі ў Маскву на самалёце Іл-76Т. Таму больш шанцаў, што атручванне – гэта спроба палітычнага забойства. Вядома, што з Крамля развіваецца тэма, быццам улады ў Сірыі заявілі, што не жадаюць, «каб Расея сыходзіла». Расея мае праблемы з тым, каб вывезці з Сірыі сваю тэхніку і ўзбраенні. Адпаведна інтарэсы Расеі адстойвае Рамзан Кадыраў, які ўжо паабяцаў у адказ на спрыянне, што накорміць Сірыю расейскай пшаніцай. Цікава, што ўся Чачня той самай пшаніцы вырабляе ў 5-6 разоў менш, чым трэба сірыйцам. Г.зн., па сутнасці, кіраўнік Чачні “распарадзіўся” прадукцыяй іншых рэгіёнаў Расеі», – іранізуе брытанскі таблоід.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






