BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Новыя мэты

The Financial Times агучыў праблему незалежных беларускіх медыя. Вайна ва Ўкраіне: якія вынікі 2023 года? Выбары ў Тайвані. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Еўракамісія заклікае Google і іншыя буйныя тэхналагічныя кампаніі дапамагчы незалежным беларускім медыя, прасоўваючы іх кантэнт. Пра што і паведаміла брытанская газета The Financial Times іцытуе еўракамісара Веру Юраву.

«Барацьба з дэзінфармацыяй і падтрымка свабоды СМІ — два бакі аднаго медаля, і мы хочам, каб буйныя тэхналагічныя кампаніі займаліся імі абедзвюма. Што азначае забеспячэнне бачнасці ў Інтэрнэце дакладнай інфармацыі, а не прапаганды Менска або Крамля.  Еўракамісар у снежні 2023 года выказвала занепакоенасць з нагоды сітуацыі з беларускімі медыя Кенту Уокеру, прэзідэнту Google па глабальных пытаннях. Таксама абмяркоўвала аналагічныя пытанні з топ-мэнеджарам кампаніі Сундарам Пічаі. Беларускія журналісты, якія працуюць за мяжой, звярнулі ўвагу Еўракамісіі на тое, што іх публікацыі не дасягаюць мэтавай аўдыторыі з-за пошукавых алгарытмаў Google, Meta і іншых кампаній, і ў выніку алгарытмы прасоўваюць прапаганду. Таксама праблемай застаецца адсутнасць лакалізацыі Google News для Беларусі і адсутнасць падтрымкі беларускай мовы. Еўрачыноўнікі прызнаюць, што ў ЕЗ няма «падстаў штрафаваць ці ўзбуджаць судовыя справы супраць тэхналагічных кампаній за тое, што яны не дапамагаюць журналістам-дысідэнтам і пісьменнікам з Беларусі ці іншых краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ, у іх барацьбе з аўтарытарнымі рэжымамі. У адказ на запыт FT у Google заявілі, што прыкладаюць усе намаганні, каб ствараць прадукты і забяспечваць захаванне сваёй палітыкі такім чынам, каб не прымаць да ўвагі палітычныя погляды. А на вынікі пошукавай выдачы ўплываюць сотні фактараў. У Meta не адказалі на запыт аб каментары. Выпадак з Беларуссю, верагодна, не ўнікальны, але ён адзін з першых, калі заходнія тэхналагічныя кампаніі, такія як Google і Meta, сталі інструментамі таталітарнага і аўтарытарнага рэжыму для ціску на грамадзянскую супольнасць замест таго, каб спрыяць прасоўванню незалежных СМІ», — адзначаецца ў матэрыяле брытанскага выдання.

У адрозненне ад 2022 года, у мінулым годзе вялікіх змен на фронце не адбылося, баявыя дзеянні, як уяўляецца, застапарыліся. Прэса піша пра тое, якія высновы можна зрабіць па сканчэнні дванаццаці месяцаў,  і які абарот могуць прыняць падзеі ў 2024 году. «Запланаваны закон аб мабілізацыі выклікаў абурэнне грамадства», – адзначае заграбская газета Jutarnji list.

«Законапраект аб мабілізацыі стаў клапанам, які выпусціў вонкі незадаволенасць усяго грамадства з нагоды цяперашняй сітуацыі ва Украіне, незадаволенасці, якая назапасілася за апошнія месяцы. У нейкі момант усе прычыны фрустрацыі склаліся ў адзінае цэлае: яны падсілкоўваліся ўладамі, але не апраўдаліся чаканнямі з нагоды ўкраінскага контрнаступлення, незадаволенасць з нагоды карупцыі – і ў цэлым стомленасць ад вайны. Напружанасць у грамадстве дасягнула піка, і зараз ніхто ўжо не падтрымлівае законапраект – нават кіруючая партыя «Слуга народа», хоць менавіта гэтая партыя яго і падрыхтавала», – наракае харвацкае выданне.

У суботу ў Тайвані адбудуцца парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. На фоне ўзмацнення ціску з боку Кітая праходзяць яны ў няпростай сітуацыі. Паводле звестак апытанняў, у гонцы лідзіруе кіруючая Дэмакратычная прагрэсіўная партыя, якую ўзначальвае віцэ-прэзідэнт краіны Лай Цындэ. Аднак яе адрыў ад канкурэнтаў скарачаецца. З ёй ідуць, з аднаго боку, найбуйнейшая апазіцыйная партыя Гаміньдан, якая выступае за наладжванне адносін з Пекінам, з другога боку – Тайваньская народная партыя, якая спрабуе знайсці залатую сярэдзіну. Рыжская газета Diena спадзяецца на тое, што пераможа розум.

“13 студзеня ў Тайвані пройдуць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, па выніках якіх можа абвастрыцца напружанасць у адносінах паміж ЗША і Кітаем. Зыход выбараў прадказаць цяжка, цалкам магчыма, што прайграўшыя паспрабуюць аспрэчыць вынікі галасавання, у тым ліку за кошт пратэстаў. Што да міжнароднай палітыкі, то мы можам толькі спадзявацца на тое, што новыя лідары Тайваня, незалежна ад таго, якую партыю яны прадстаўляюць, будуць пазбягаць радыкальных рашэнняў. У адваротным выпадку наступствы могуць быць непрадказальнымі», – папярэджвае латвійскае выданне.

Прэм’ер-міністр Францыі Элізабэт Борн падала ў адстаўку, чым адкрыла шлях да кадравых перастановак ва ўрадзе. На ролю яе пераемніка прагназуюць міністра адукацыі Габрыэля Аталя. Нябачная пагроза заключаецца ў цяжкасцях, з якімі сутыкаецца ўрадавы лагер, які не мае абсалютнай большасці ў парламенце, пры рэалізацыі заканадаўчых прапаноў, такіх як нядаўняя ініцыятыва ў сферы міграцыі. «З самой Борн ці яе палітыкай тое, што адбываецца ніяк не звязана», – тлумачыць міланская газета Corriere della Sera.

«Гэта вырашальны момант для Макрона: яму трэба будзе ўдыхнуць другое жыццё ў сваё кіраванне напярэдадні выбараў у Еўрапарламент у чэрвені гэтага года. Калі яго апанентка Марын Ле Пэн працягне сваё паспяховае ўзыходжанне, пазіцыі Макрона аслабнуць і на еўрапейскім, і на міжнародным роўнях. Макрон павінен дабіцца перамен, і ён робіць гэта ў адпаведнасці з добрай французскай традыцыяй – змяняючы прэм’ера. Гэтая пасада заўсёды прыносіцца ў ахвяру дзеля пачатку новай фазы», – нагадвае італьянскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя