- Еўразвяз павышае тарыфы на расейскае і беларускае збожжа
- У Нідэрландах пачынаюцца выбары ў Еўрапейскі парламент
- 80-я гадавіна высадкі саюзнікаў у Нармандыі

«Рада Еўразвяза прыняла пастанову аб увядзенні забаронных пошлін на збожжавыя прадукты, імпартаваныя з Расеі і Беларусі. Пастанова павялічвае пошліны на збожжавыя, алейныя культуры і прадукты, якія паступаюць з Расеі і Беларусі, да такой ступені, што практычна спыніць імпарт гэтых прадуктаў», – перадае еўрапейскае выданне The EU Neighbours East.
«Новыя тарыфы накіраваныя на тое, каб практычна спыніць імпарт збожжа з Расеі і Беларусі ў краіны ЕЗ. Такім чынам, гэтыя меры перадухіляць дэстабілізацыю збожжавага рынку ЕЗ, спыняць расейскі экспарт незаконна прысвоенага збожжа, вырабленага на тэрыторыі Украіны, і не дазволяць Расеі выкарыстоўваць даходы ад экспарту ў ЕЗ для фінансавання сваёй агрэсіўнай вайны супраць Украіны. Пастанова павялічвае імпартныя тарыфы на збожжавыя, насенне алейных культур і іх прадукты, а таксама бураковы жом і сушеный гарох з Расейскай Федэрацыі, а таксама з Рэспублікі Беларусь, за якія ў цяперашні час імпарцёры не плацяць тарыфы або плацяць па нізкіх тарыфах.Меры ўступяць у сілу 1 ліпеня 2024 года. Імпарт у ЕЗ збожжавых прадуктаў з Расеі значна павялічыўся пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну 24 лютага 2022 года. У той час як Расейская Федэрацыя застаецца адносна невялікім пастаўшчыком гэтай прадукцыі на рынак ЕЗ, яна з’яўляецца вядучым сусветным вытворцам і экспарцёрам гэтай прадукцыі. Больш за тое, ёсць доказы таго, што ў цяперашні час Расейская Федэрацыя незаконна прысвойвае вялікія абʼёмы такой прадукцыі на незаконна акупаваных ёю тэрыторыях Украіны і накіроўвае яе на свае экспартныя рынкі як нібыта расейскую прадукцыю», – падкрэслівае еўрапейскае выданне.
У чацвер у Нідэрландах адкрываюцца першыя выбарчыя ўчасткі, азначаючы тым самым пачатак выбараў у Еўрапейскі парламент. У Чэхіі і Ірландыі выбары пройдуць у пятніцу. Італія, Латвія, Славакія і Мальта прагаласуюць у суботу, а астатнія краіны – у нядзелю, якая стане найважнейшым днём выбараў. «Выбары ў Еўрапарламент надзвычай важныя, хаця многія гэтага і не ўсведамляюць», – заўважае заграбская Večernji list.
«У нядзелю ў нашай краіне адбудуцца найважнейшыя другарадныя выбары на свеце. Другарадныя, паколькі так да іх ставяцца і ў многіх іншых краінах Еўрасаюза, а менавіта – як да выбараў, якія ўспрымаюцца як непаўнавартасныя ў параўнанні з нацыянальнымі выбарамі; у Харватыі ў гэтым плане з 2013 года і да гэтага часу нічога не змянілася. Але гэта якраз самыя важныя выбары, паколькі Еўрапарламент прымае далёкасяжныя законы, якія ўплываюць на жыццё як вялікіх, так і малых краін, на вялізныя мегаполісы і на малыя сельскія абшчыны, на вялізныя канцэрны і на самыя малыя стартапы і майстэрні. Еўрапейскі парламент выдае ўказанні і дырэктывы, якія змяняюць рэчы і на глабальным, і на мясцовым узроўні, а таксама на ўсіх узроўнях паміж імі», – піша харвацкае выданне.
6 чэрвеня 1944 гады войскі антыгітлераўскай кааліцыі высадзіліся ў Нармандыі – тым самым быў адчынены другі фронт у дужанні з фашысцкай Нямеччынай. Праз некалькі тыдняў лінія абароны вермахта была прарваная, што ўнесла значны ўклад у перамогу над краінамі «восі». Для ўдзелу ў памятнай цырымоніі з нагоды 80-й гадавіны аперацыі Няптун у Францыю прыехалі прадстаўнікі розных краін свету, а таксама відавочцы і ўдзельнікі тых падзей. Прэса праводзіць паралелі паміж чэрвенем 1944 года і днём сённяшнім. «Высадкай у Нармандыі саюзнікі паклалі пачатак вызваленню кантынента ад фашысцкага панавання», – піша турынская газета La Stampa.
«У гэтым сэнсе сённяшні дзень можна лічыць днём нараджэння новай Еўропы. Ніколі больш нацызм (і фашызм) не павінны падняць галаву – такі быў катэгарычны імператыў, на якім выбудоўваўся еўрапейскі палітычны праект. З гэтай ключавой канцэпцыі і выраслі прынцып павагі «ўсеагульных правоў чалавека», непрыманне вайны, прызнанне неабходнасці таго, каб нацыянальныя дзяржавы адмовіліся ад істотнай часткі ўласнага «суверэнітэту» на карысць наднацыянальных структур, закліканых мірна ўладжваць канфлікты, якія вынікаюць з эгаізму асобных дзяржаў», – адзначае італьянскае выданне.
Прэмʼер-міністр Славакіі Роберт Фіцо, цяжка паранены падчас замаху, здзейсненага на яго каля трох тыдняў таму, апублікаваў першае відэапаведамленне. У ім ён заявіў, што даруе злачынцу, які страляў у яго, але пры гэтым усклаў на апазіцыю і СМІ віну за «атмасферу нянавісці», якая склалася ў краіне. «Шкада, што сваімі словамі прэмʼеру Фіцо не ўдалося паспрыяць супакаенню сітуацыі», – піша славацкая прэса. Браціслаўскі кансерватыўны партал Denník Postoj дае наступны каментар:
«Пасля тэракту ва ўсіх – і ў кааліцыі, і ў апазіцыі, і ў СМІ – была магчымасць хоць крыху задумацца аб уласнай адказнасці за таксічную атмасферу, якая склалася за апошнія гады ў нашым грамадстве. Першыя словы прэмʼер-міністра зʼяўляюцца хутчэй прадвеснікам новых дрэнных навін. Ніякай глыбокай дыскусіі ў выніку ўвогуле не атрымалася. Вяртанне да часоў нармальнасці, аб неабходнасці якога ўсе кажуць, цалкам правалілася. Пасля замаху і нядаўніх слоў параненага прэмʼер-міністра Славакія як была так і застаецца паталагічна палярызаванай краінай».
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






