Задача Пуціна спрабаваць уцягваць Беларусь у прамую агрэсію супраць Украіны – ГУР. Зяленскі гатовы пакінуць сваю пасаду ў абмен на Украіну ў НАТА. Выбары ў Бундэстаг: лідзіруе ХДС/ХСС, “Альтэрнатыва для Германіі” на другім месцы з рэкордным вынікам.

“ГУР паведамляе аб спробах пуціна прыцягнуць Беларусь да прамой агрэсіі супраць Украіны. Задача расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна спрабаваць уцягваць Беларусь у прамую агрэсію супраць Украіны. Сур’ёзнай змены сітуацыі пакуль няма”. Аб гэтым журналісту УНН распавёў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Андрэй Юсаў.
“Стратэгічна зразумела, што задача пуціна спрабаваць уцягваць Беларусь у прамую агрэсію супраць Украіны і тут навін няма. Казаць аб сур’ёзнай змене сітуацыі пакуль не давядзецца. Але гэта патэнцыйная сфера, якую трэба пастаянна маніторыць і не проста маніторыць, але і рыхтавацца”, – заявіў Юсаў. 14 лютага Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заяўляў, што сёлета Расея падрыхтуе 15 дывізій для трэніроўкі і ўзмацнення сітуацыі на беларускім напрамку. Гэта можа быць 100–150 тыс. чалавек”, – нагадвае ўкраінскае выданне.
agliad presy_world_adbiuka ap_jk
«Уладзімір Зяленскі заявіў, што гатовы пакінуць пасаду прэзідэнта, калі гэта будзе азначаць мір ва Украіне, або ў абмен на сяброўства Кіева ў НАТА», – паведаміла DW.
«Калі мір для Украіны, калі вам вельмі трэба, каб я пакінуў сваю пасаду, то я гатовы. Другая гісторыя – магу памяняць гэта на НАТА, калі ёсць такія ўмовы”, – заявіў ён. Па словах Зяленскага, ён факусуецца на бяспецы Украіны сёння, а не праз 20 гадоў, і не збіраецца заставацца ва ўладзе дзесяцігоддзямі. Уладзімір Зяленскі таксама дадаў на прэс-канферэнцыі ў Кіеве, што хацеў бы бачыць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў якасці партнёра Украіны, а не проста пасярэдніка паміж Кіевам і Масквой. “Сапраўды хачу, каб гэта было больш, чым проста пасярэдніцтва”, – прывяло яго словы агенцтва Reuters. Пасрэдніцкай ролі – недастаткова, заявіў ён. Раней, 21 лютага, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў упэўненасць, што расейскаму лідару Уладзіміру Пуціну і кіраўніку ўкраінскай дзяржавы Уладзіміру Зяленскаму неабходна сустрэцца, каб пакласці канец вайне паміж Расеяй і Украінай», – паведамляе DW.
agliad presy_world news_adbiuka zvanoch
У Нямеччыне завяршыліся датэрміновыя парламенцкія выбары. «Па першых дадзеных экзітполаў, перамогу атрымлівае кансерватыўны блок ХДС/ХСС на чале з Фрыдрыхам Мэрцам, набіраючы 28,5% галасоў. Другое месца займае ультраправая партыя “Альтэрнатыва для Германіі” (АдГ) з 20% – гэта лепшы вынік у яе гісторыі. Левацэнтрысцкая Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ), якую ўзначальвае канцлер Олаф Шольц, атрымала 16,5%, што стала горшым вынікам за ўсю гісторыю партыі», – піша ВВС.
«Выбары прайшлі на фоне палітычнага крызісу. Кааліцыя на чале з Олафам Шольцам распалася з-за рознагалоссяў па эканамічнай палітыцы. Эканоміка, міграцыя і бяспека сталі асноўнымі тэмамі перадвыбарнай кампаніі. Германія, найбуйнейшая эканоміка ЕЗ, ужо два гады не дэманструе росту, а серыю злачынстваў, учыненых выхадцамі з мігранцкага асяроддзя, актыўна абмяркоўвалі ў грамадстве. Фрыдрых Мэрц, чыя партыя заняла першае месца, зараз будзе фармаваць кааліцыю. Хоць АдГ паказала моцны вынік, Мэрц выключае магчымасць супрацоўніцтва з ёй. Верагодныя варыянты кааліцыі – з СДПГ і «Зялёнымі» ці толькі з адной з гэтых партый. Упершыню выбары праходзілі па новым законе, які скараціў колькасць месцаў у Бундэстагу з 733 да 630. Галасаванне завяршылася ў 18:00 па мясцовым часе, удзел маглі прыняць 59,2 млн выбаршчыкаў. Цяпер партыя-пераможца павінна сфарміраваць кааліцыю, пасля чаго прэзідэнт прапануе кандыдатуру новага канцлера, за якога прагаласуе парламент», – піша ВВС.
agliad presy_world_adbiuka ap_jk
Увечары 23 лютага, напярэдадні трэцяй гадавіны вайны Расеі супраць Украіны, на віленскай Лукішцкай плошчы прайшоў канцэрт “Свабода ззяе – 2025”. Салідарнасць з Украінай выказалі многія вядомыя артысты, якія выйшлі на сцэну і заклікалі рабіць ахвяраванні на набыццё дронаў. “На фоне ўкраінскай трагедыі мы ўсе браты і сёстры. Адны – браты па зброі, іншыя – па прадастаўленні дапамогі і прытулку. Культура можа натхняць на барацьбу і супраціўленне, яна як сцяг, як песня, якая аб’ядноўвае людзей”, – цытуе акцёра і спявака Відаса Барэйкіса LRT.
“Разам з Германасам Дашкявічусам-Гамкам ён выканае песню “Брат”, якая расказвае пра моцнае пачуццё, што чалавек не адзін. “Гэтая песня вельмі дарэчная ў кантэксце вайны. Заўсёды, як толькі дазваляюць абставіны, я ўношу ўклад у падтрымку Украіны. Мяне хвалюе тое, што там адбываецца, у мяне ёсць сябры ва Украіне, якія цяпер вельмі пакутуюць”, – сказаў артыст. Барэйкіса падтрымліваюць і іншыя артысты: Іева Наркуце, якая ўжо не ўпершыню ўдзельнічае ў дабрачынных акцыях у падтрымку Украіны, Рамінта Навуянітэ-Б’елле, Кастыціс Кярбедзіс, Моніка Лю, Ігле, Моніка Пундзютэ-Монік, Еранімас Мілюс, Рафаілас Карпіс і Іева. Акцыя салідарнасці з Украінай праходзіць у Літве ўжо чацвёрты раз. За ўсе гэтыя гады літоўцы ахвяравалі ў суме больш за 25 мільёнаў еўра. Сёлета канцэрт на Лукішскай плошчы дазволіў сабраць сродкі на беспілотнікі і антыдроны, якія так патрэбны на вайне”, – піша літоўскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






