BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Па-дэ-дэ на ўскрайку вайны

Шахеды над Беларуссю як расейскія эксперыменты «Панцыра» і С-400. Харыс пераможа Трампа?Барнье – новы прэм’ер-міністр Францыі. Трыюмф Сабаленка. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Боезапасы, якія лётаюць над тэрыторыяй Беларусі, могуць быць спосабам расейцаў даведацца, ці могуць іх самыя надзейныя сістэмы супрацьпаветранай абароны эфектыўна збіваць Шахед-136», – папярэджвае ўкраінскае выданне Defense Express.

«Ноччу 7 верасня 2024 г. расейскія сілы ўварвання запусцілі 67 беспілотных лятальных апаратаў камікадзэ далёкага дзеяння “Шахед-136/131” па Украіне. Каля 58 з іх былі паспяхова адбітыя падраздзяленнямі супрацьпаветранай абароны, яшчэ тры прапалі без вестак — верагодна, падаўленыя ўкраінскімі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, — а яшчэ шэсць нечакана вярнуліся ў паветраную прастору РФ і Беларусі. Цікава тое, хто займаўся іх абясшкоджваннем: адзін з іх быў збіты Су-30СМ ВПС Беларусі, а другі знішчаны расейскім 1530-м зенітна-ракетным палком, які дзейнічае на базе «Панцыра» і сістэмы абароны С-400. Гэта можа быць эксперыментальная трэніроўка, якую Расея арганізавала для сваіх падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны на тэрыторыі дзяржавы-сатэліта з акцэнтам на адпрацоўку беспілотнікаў-камікадзэ, класа зброі, якую Украіна таксама выкарыстоўвае для нападу на расейскую крытычна важную інфраструктуру. Яшчэ адна патэнцыйная мэта — збор эмпірычных дадзеных аб эфектыўнасці «Панцыра» і/або С-400 у адбіцці гэтых пагроз», – прапануе гіпотэзу ўкраінскае выданне.

Гісторыка Алана Ліхтмана называюць «Настрадамусам амерыканскіх выбараў». «З 1984 года Ліхтман не памыляецца, а зараз упэўнены ў перамозе Камалы Харыс. У Трампа, на думку Літмана, няма шанцаў”, – перадае міжнародная служба навін CNBC International.

«Прафесар Алан Ліхтман прагназуе, што кандыдат у прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі Камала Харыс пераможа канкурэнта ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа на выбарах 5 лістапада. Да гэтага Ліхтман прадказаў, што Трамп пераможа тагачаснага кандыдата ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан у 2016 годзе і што прэзідэнт Джо Байдэн пераможа Трампа ў 2020 годзе. Яго прагнозы заснаваныя на гістарычнай мадэлі індэкса, якую ён назваў «Ключы ад Белага дома».

Унікальная сістэма, якую ён распрацаваў у пачатку 1980-х разам з расейскім геафізікам Уладзімірам Кейліс-Барок, аналізуе палітычны ландшафт праз прызму 13 праўдзівых і няпраўдзівых сцвярджэнняў, арыентаваных на партыю дзеючага прэзідэнта. Ліхтман адзначыў, што адміністрацыя Байдэна моцна ўцягнутая ў вайну Ізраіля ў Газе, якую ён назваў «гуманітарнай катастрофай, якой не відаць канца». Аналіз Ліхтмана ў значнай ступені пазбягае вынікаў апытанняў, стратэгій перадвыбарнай кампаніі, гукавых фрагментаў, палітычных планаў і іншых фактараў, на якія большасць палітычных каментатараў і аналітыкаў схільныя абапірацца. Але яго сістэма дала вынікі», – перадае міжнародная служба навін.

Праз два месяцы пасля парламенцкіх выбараў прэзідэнт Макрон прызначыў новым прэм’ер-міністрам былога еўракамісара і галоўнага перагаворшчыка па брэкзіце Мішэля Барнье. Нагадаем: у другім туры выбараў 7 ліпеня левы альянс Новы народны фронт атрымаў найбольшую колькасць галасоў, у той час як кансерватыўная партыя Рэспубліканцы, членам якой з’яўляецца Барнье, заняла толькі чацвёртае месца, набраўшы 5,4 працэнта галасоў. Рымская La Repubblica адзначае:

«Барнье ўзначаліць правацэнтрысцкі ўрад меншасці, які зможа пратрымацца толькі ў тым выпадку, калі фракцыя Марын Ле Пэн будзе больш-менш канструктыўна ўстрымлівацца падчас галасаванняў. Раскрытыкаваўшы мноства імёнаў – ад Бернара Казнёва ад левых і да Ксаўе Бертрана ад правых – Ле Пэн фактычна дала зялёнае святло прызначэнню Барнье, не звяртаючыся да пагрозы неадкладнага вотуму недаверу. Маючы на сваім баку 146 дэпутатаў, Ле Пэн будзе галоўнай дзеючай асобай у зыходзе магчымых вотумаў недаверу, пра якія ў дачыненні Барнье ўжо заявілі левыя».

2-я ракетка свету беларуска Арына Сабаленка абыграла амерыканку Эму Навара і выйшла ў фінал Адкрытага чэмпіянату ЗША на стадыёне імя Артура Эша ў Нью-Ёрку. Яна атрымала перамогу над амерыканкай з лікам 6-3, 7-6 (2) у захапляльным паўфінальным паядынку 5 верасня. «Я гатова супрацьстаяць каму заўгодна», — заявіла Сабаленка СМІ пасля перамогі ў паўфінале. «Урок мінулага года атрыманы. Я вельмі спадзяюся, што ў мяне атрымаецца крыху лепш, чым у мінулым годзе», – цытуе беларуску амерыканскае выданне New York Times.

Арына Сабаленка – былая першая ракетка свету, нарадзілася ў Менску, Беларусь. У Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) яна займала першае месца ў жаночым адзіночным і парным разрадах. Яна даказала сваё майстэрства ў студзені гэтага года на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі 2024, дзе ў фінале перамагла кітаянку Чжэн Цыньвэнь з лікам 6–3, 6–2 і выйграла жаданы трафей. Гэта быў яе другі запар трафей на Australian Open. Сабаленка, якая пачала займацца тэнісам у шасцігадовым узросце, прафесійна прыйшла ў спорт значна пазней звычайнай чэмпіёнкі па тэнісе. Ураўнаважваючы навуку са спортам, яна ўдзельнічала ў турнірах ніжэйшага роўню, але неўзабаве паднялася на больш буйныя корты. Яе рэальны прагрэс у тэнісным рэйтынгу з’яўляецца сведчаннем яе самаадданасці і працавітасці. З верасня па лістапад 2023 года яна займала першае месца ў сусветным рэйтынгу. Першую перамогу Сабаленка ў якасці прафесійнага гульца здабыла ў 2014 годзе, калі яна абыграла Ю-НаСул з Паўднёвай Карэі на жаночым турніры ITF у Стамбуле, Турцыя», – паведамляе New York Times.

Беларускае Радыё Рацыя