Самаперапрызначэнне Лукашэнкі. Расея завербавала сотні йеменцаў для вайны ва Украіне. Меркель лічыла “ілюзіяй”, што статус кандыдатаў на ўступленне ў НАТА абараніў бы Украіну і Грузію ад Пуціна. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

“Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, прызначаныя на студзень 2025 года, будуць «перапрызначэннем Лукашэнкі самім Лукашэнкам», заявіла лідэр апазіцыі ў выгнанні Святлана Ціханоўская падчас панэлі на Галіфаксскім міжнародным форуме бяспекі ў суботу”, – піша расейскае незалежнае выданне Meduza.
«Лукашэнка, які ўзначальваў Беларусь апошнія 30 гадоў, яшчэ ў лютым заявіў пра намер балатавацца на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін. Ціханоўская балатавалася супраць Лукашэнкі падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, што выклікала найбуйнейшы антыўрадавы рух пратэсту ў гісторыі краіны. Урад адрэагаваў на гэта маштабным падаўленнем іншадумства, у выніку чаго дзясяткі тысяч беларусаў былі вымушаныя ўцякаць за мяжу, у тым ліку і сама Ціханоўская. Каментуючы маючыя адбыцца выбары ў Беларусі, Ціханоўская падкрэсліла, што гэта будуць выбары толькі назвы. З шасці намінальных апазіцыйных кандыдатаў, зарэгістраваных напярэдадні выбараў 2025 года, двое ўжо выбылі з гонкі і публічна падтрымалі Лукашэнку. Каментуючы адсутнасць сапраўдных прэтэндэнтаў у бюлетэнях, расійскі апазіцыйны палітык Уладзімір Кара-Мурза, які быў мадэратарам дыскусіі ў Галіфаксе, сказаў, што Лукашэнка «засвоіў урок», дазволіўшы Ціханоўскай балатавацца ў 2020 годзе. Ціханоўская таксама папярэдзіла, што напярэдадні выбараў беларускія ўлады спрабуюць «знішчыць» любыя рэшткі іншадумства ўнутры краіны. Людзі ўнутры Беларусі наўрад ці будуць адкрыта пратэставаць супраць выбараў 2025 года. Ціханоўская выказала занепакоенасць тым, што становішча палітвязняў і рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі, нармалізаваліся на міжнароднай арэне. Грамадзяне Беларусі, якія жывуць за мяжой, па-ранейшаму знаходзяцца пад пагрозай транснацыянальных рэпрэсій — ад фізічных пагроз да праблем з аднаўленнем дакументаў. Адказваючы на парады выбаршчыкам унутры Беларусі, Ціханоўская заклікала тых, хто вымушаны ўдзельнічаць, галасаваць «супраць усіх» (такога варыянту галасавання ў расейскіх выбаршчыкаў «не было гадамі», адзначыў Кара-Мурза). Ціханоўская таксама заклікала дэмакратычныя краіны падтрымаць нядаўні запыт Літвы ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) аб расследаванні меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых урадам Лукашэнкі”, – паведамляе расейскае выданне.
«У расейскую армію завербавалі сотні еменцаў для ўдзелу ў вайне ва Украіне», – піша Financial Times са спасылкай на еменскіх наймітаў.
Па дадзеных выдання, ім абяцалі працу ў Расеі з высокім заробкам і расейскае грамадзянства. Працу ім абяцала кампанія, звязаная з хусітамі. Калі еменцы прыязджалі ў РФ, іх змушалі падпісаць кантракты з Мінабароны і адпраўлялі на вайну, сцвярджаюць суразмоўцы газеты.
«Вярбоўка йеменскіх салдат пачалася яшчэ ў ліпені гэтага года. Журналісты азнаёміліся з адным з кантрактаў, на якім прастаўлена дата 3 ліпеня, дакумент падпісаны кіраўніком цэнтра адбору кантрактнікаў у Ніжнім Ноўгарадзе. Завербаванымабяцалі аднаразовую выплату ў 10 тысяч долараў і штомесячную зарплату ў дзве тысячы долараў за працу на вытворчасці беспілотнікаў. У сакавіку індыйскія спецслужбы паведамлялі, што раскрылі “буйную сетку па гандлі людзьмі”, удзельнікі якой заваблівалі маладых мужчын у Расею, дзе іх прымушалі ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны. Таксама Расея рыхтавалася паставіць еменскім хусітам ракеты і ваенную тэхніку ў канцы ліпеня, але ў апошні момант адмовілася ад гэтых планаў пасля перасцярог з боку Саудаўскай Аравіі. Reuters са спасылкай на заходнія і рэгіянальныя крыніцы паведамляў, што Расея пры пасярэдніцтве Ірана вядзе сакрэтныя перамовы з еменскімі хусітамі аб пастаўках супрацькарабельных крылатых ракет П-800 “Онікс”, – піша амерыканскае выданне.
Экс-канцлер Германіі Ангела Меркель лічыць правільным сваё рашэнне не падтрымаць прадастаўленне Грузіі і Украіне статусу кандыдатаў у НАТА ў 2008. Пра гэта яна піша ў сваёй кнізе мемуараў “Свабода” (Freiheit), якая з’явяцца ў кнігарнях 26 лістапада і ўрыўкі з якой апублікавала газета Die Zeit.
«У прыватнасці, Меркель піша, што лічыла “ілюзіяй” уяўленне аб тым, што статус кандыдатаў на ўступленне ў НАТА “абараніў бы Украіну і Грузію ад агрэсіі з боку Пуціна, гэта значыць меў бы такое стрымліваючае ўздзеянне, што Пуцін стаў бы проста назіраць за тым, што адбываецца, нічога не рабіць”. Пры гэтым той факт, што Грузіі і Украіне паабяцалі ў цэлым згоду на іх сяброўства ў НАТА ў будучыні, быў успрыняты Пуціным як “згоду на прыём у НАТА абедзвюх краін”, як выклік на бой, піша Меркель. Так што яе занепакоенасць наконт будучай напружанасці ў адносінах з Расеяй “у Бухарэсце не аслабла”, успамінае экс-канцлер. Аб прэзідэнце РФ Уладзіміры Пуціне, з якім яна неаднаразова сустракалася, будучы канцлерам ФРГ, Ангела Меркель адклікаецца крытычна. Паводле яе слоў, Пуцін “быў заўсёды напагатове, увесь час баючыся, як бы з ім не абышліся блага, і заўсёды быў гатовы зрабіць табе непрыемна, уключаючы паказную дэманстрацыю сілы з дапамогай сабакі, прыход са спазненнем, каб іншым даводзілася яго чакаць, і гэтак далей», – піша нямецкае выданне.
«Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан запрасіў свайго ізраільскага калегу Біньяміна Нетаньяху наведаць Будапешт. Орбан заявіў, што пастанова Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) аб арышце Нетаньяху не будзе мець ніякай сілы ў Венгрыі», – перадае Tengrinews.kz са спасылкай на Euronews.
“Гэта фактычна вядзе да поўнай дыскрэдытацыі міжнароднага права і можа нават падліць масла ў агонь. У нас няма іншага выйсця, акрамя як супрацьстаяць гэтаму рашэнню. Таму сёння я запрашаю прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нетаньяху наведаць Венгрыю», – сказаў Віктар Орбан. У чацвер, 21 лістапада, МKС выдаў ордэры на арышт прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху і экс-міністра абароны краіны Ёава Галанта ў сувязі з меркаванымі ваеннымі злачынствамі і злачынствамі супраць чалавечнасці ў Газе. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн назваў абуральным выдачу ордэраў на арышт ізраільскіх палітыкаў. Ні Ізраіль, ні ЗША не прызнаюць юрысдыкцыю МКС. У той жа час дзяржавы – члены Еўрапейскага саюза (як падпісалі Рымскі статут) абавязаны затрымліваць тых, на каго ёсць ордэр, калі гэтыя людзі ступаюць на іх тэрыторыю», – нагадвае казахстанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






