МУС Польшчы: Закрытыя пагранпераходы на мяжы з Беларуссю пакуль не адкрыюцца. Ці будзе новае стагоддзе імперыялізму? Германія: АдГ вылучыць Аліс Вайдэль у канцлеры. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
“Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы падчас візіту ў Беласток выказаў пажаданне, “каб памежныя пераходы былі адкрыты, але няма ніякіх прыкмет таго, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні”, а “прычыны ляжаць на беларускім баку”, – перадае Polskie Radio.
“Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк 13 студзеня ў Беластоку паведаміў аб сітуацыі на пунктах пропуску на мяжы з Беларуссю ў Падляшскім ваяводстве: «Мы б вельмі хацелі, каб памежныя пераходы былі адчыненыя, але няма ніякіх прыкмет таго, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні. Прычыны ляжаць на беларускім баку. Анджэй Пачобут (актывіст Саюза палякаў Беларусі. — Рэд.) усё яшчэ знаходзіцца ў зняволенні (рэжыма Лукашэнкі. — Рэд.). З намі не супрацоўнічаюць (улады Беларусі. — Рэд.) па справе аб забойстве польскага салдата (Матэвуша Сітэка нелегальным мігрантам у 2024 годзе. — Рэд.). Таксама нам яшчэ даводзіцца мець справу з сітуацыяй на мяжы, калі беларускія спецслужбы арганізуюць і прасоўваюць гібрыдную агрэсію». Томаш Семоняк паведаміў, што знаходзіцца ў стадыі завяршэння работа па падрыхтоўцы першых 18 падзаконных актаў па рэалізацыі прынятага ў снежні закона аб абароне насельніцтва і грамадзянскай абароне”, – перадае Polskie Radio.
***
Вайна Расеі супраць Украіны, пагрозы Кітая ў адрас Тайваня, а зараз яшчэ і заявы Дональда Трампа аб Грэнландыі, Панамскім канале і Канадзе: усё гэта выклікала асцярогі, што свет можа сутыкнуцца з новай бітвай за сферы ўплыву, як тое ўжо было ў XIX стагоддзі, які прайшоў пад знакам экспансіянізму і каланіялізму. Еўрапейская прэса абмяркоўвае месца кантынента ў сёлетняй глабальнай канкурэнцыі. «Еўропа павінна даць адпор тэрытарыяльным апетытам вялікіх дзяржаў», – такое меркаванне лісабонскага штотыднёвіка Expresso.
«XXI стагоддзе для Трампа, Пуціна (і Сі Цзіньпіна) падобна веку XIX-га. Няўжо што на гэты раз Вялікая гульня разгортваецца ў Арктыцы. Гэта – свет, якім кіруюць мужчыны, якія сцвярджаюць, што не вераць у глабальнае пацяпленне, але на самой справе разлічваюць на тое, што з раставаннем ільдоў – а растаюць яны імкліва! – ім адкрыюцца новыя маршруты і доступ да новых пакладаў карысных выкапняў. Калі малыя і сярэднія краіны не дадуць зразумець, што настроены рашуча, то рэвізіянісцкія звышдзяржавы праглынуць іх з вантробамі. Не, Злучаныя Штаты Трампа не з’яўляюцца саюзнікам Даніі ці Еўропы. Але Еўропа бяссільная толькі ў тым выпадку, калі яна сама гэтага жадае», – піша партугальскае выданне.
***
Партыя Альтэрнатыва для Германіі, якая збольшага лічыцца праваэкстрэмісцкай, на сваім з’ездзе ў горадзе Рыза прыняла рашэнне аб вылучэнні Аліс Вайдэль кандыдаткай у канцлеры. У сваім выступе на з’ездзе Вайдэль заклікала закрыць межы краіны, адмяніць ва ўніверсітэтах гендэрныя даследаванні і адмовіцца ад будаўніцтва ветраных энергетычных установак, а тыя, што ёсць, – знесці. У праграму партыі быў уключаны пункт аб вельмі спрэчным паняцці “рэміграцыі”. «Ці не набліжаецца Вайдэль да пазіцыі радыкальнага крыла партыі?» – задаецца пытаннем рымская La Repubblica.
«АдГ уключыла ў сваю праграму неадназначнае паняцце “рэміграцыя”, хоць раней Аліс Вайдэль, вылучаная цяпер у кандыдаты на пасаду канцлера, ад выкарыстання гэтай фармулёўкі адмаўлялася. А зараз яна нават і вокам не міргнула, калі на стадыёне ў горадзе Рыза раздавалі бірузовыя сэрцайкі – колеры АдГ – з надпісам ‘Alice für Deutschland’ [Аліс для Германіі], што па-нямецку сугучна ‘Alles für Deutschland’ [Усё для Германіі] – лозунгу, які ў свой час выкарыстоўвалі штурмавікі СА. Лозунгу, з-за выкарыстання якога быў у судовым парадку асуджаны Б’ёрн Хэке, лідар радыкальнага крыла партыі. І менавіта ён на працягу тых двух дзён, што доўжыўся з’езд АдГ, стаяў у цэнтры шматлікіх прымірыцельных перамоваў. Дык выйграў ці прайграў Хэке ў гэтым вечным двубоі з ‘умеранай’ Вайдэль?», – задаецца рытарычным пытаннем італьянскае выданне.
***
Цэны на нафту раніцай 13 студзеня выраслі на 1,5%. Цана барэля маркі Brent пераадолеў адзнаку ў $80 упершыню з кастрычніка 2024 года. Нафта даражэе з 10 студзеня, калі ЗША аб’явілі аб узмацненні санкцый, звязаных з расейскім энергетычным сектарам. Гэтыя абмежаванні ў першую чаргу закрануць Індыю і Кітай. Ім давядзецца закупляць больш сыравіны на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і Амерыцы. У прэсе абмяркоўваюць будучыню нафтавага рынку.
«Праз тыдзень у Белым доме будзе новы гаспадар. Крыніца з дзейнай адміністрацыі прызнала, што наступная каманда можа зняць любыя ўжо ўведзеныя санкцыі. Чыноўнік перакананы, што Расея прыкладзе ўсе намаганні, каб абысці амерыканскія забароны. Для Масквы гэта дорага, складана і неэфектыўна для бізнэсу. Ён параўнаў санкцыйныя абмежаванні з фунтамі пяску ў шасцярэнях расейскай ваеннай машыны. Для саміх Злучаных Штатаў сітуацыя зараз значна лепшая, чым была ў сакавіку 2022-га, калі нафтавыя каціроўкі падскочылі да $130 за барэль, што падштурхнула цэны на бензін у Амерыцы да гістарычных максімумаў. Цяпер жа ЗША здабываюць больш нафты, чым любая іншая краіна, прымушаючы АПЕК скарачаць пастаўкі. Цэны на сыравіну стрыманыя, узровень вытворчасці ў ЗША рэкордны. Калі адміністрацыя Трампа вырашыць адмяніць санкцыі, ёй спачатку давядзецца зацвердзіць гэта ў Кангрэсе, але там могуць прагаласаваць за неўхваленне такога кроку», – адзначае Associated Press.
Беларускае Радыё Рацыя






