BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Падарваны давер

ЕС рыхтуе новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Сірыя: як ставіцца да новай улады? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Міністры замежных спраў краін Еўрапейскага Саюза ў панядзелак, 16 снежня, абмяркуюць новы пакет санкцый у дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведаміў высокапастаўлены чыноўнік на брыфінгу ў Бруселі ў пятніцу, 13 снежня», – перадае DW.

Па дадзеных двух дыпламатычных крыніц DW, будуць абмяркоўвацца новыя кандыдаты на занясенне ў санкцыйны спіс. Ён назваў сітуацыю ў Беларусі вельмі складанай і нагадаў, што ў краіне не менш за 1300 палітвязняў, пры гэтым на 26 студзеня прызначаны выбары прэзідэнта. “Гэта можна называць выбарамі, але мы кажам, што Лукашэнка проста афіцыйна прызначае сябе прэзідэнтам на сёмы мандат”, – сказаў чыноўнік. Па словах іншай крыніцы DW, у Еўразвязе лічаць, што гэтыя выбары не будуць ні свабоднымі, ні сумленнымі. «Нагадаем, на гэтым тыдні ў Бруселі прайшлі Дні Беларусі і ЕС таксама аб’явіў аб выдзяленні 30 мільёнаў еўра для далейшай падтрымкі беларусаў», – перадае DW.

Рэжым Асада адышоў у нябыт, але ХТШ якая зрынула яго, уяўляе сабой ісламісцкае апалчэнне, якое хоць і абяцае канстытуцыйныя гарантыі, але разглядаецца шматлікімі заходнімі дзяржавамі як тэрарыстычная арганізацыя. Краіны Вялікай сямёркі маюць намер падтрымаць пераходны працэс у краіне. У гэтым ключы ў мінулы чацвер у Берліне сустрэліся міністры замежных спраў краін ЕС, каб абмеркаваць, як зараз павінна выглядаць супрацоўніцтва з Дамаскам. «Цяпер не варта навязваць пераможцам-паўстанцам занадта шмат абавязальніцтваў», – заклікае Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Калі міністр замежных спраў Нямеччыны Бербок ставіць магчымасць супрацоўніцтва ў залежнасць ад ідэальнай сітуацыі, калі выконваюцца правы жанчын і забяспечваецца абарона меншасцяў, то гэта больш пра патрабаванні Нямеччыны, чым пра рэальнасць у Сірыі. У арабскім свеце няма ніводнай краіны, якая адпавядала б патрабаванням Асноўнага закона ФРГ. І менш за ўсё гэтага можна чакаць ад ісламісцкага кіраўніцтва. гэта не місіянерства, а ў першую чаргу абарона ўласных інтарэсаў», – піша нямецкае выданне.

Пасля звяржэння рэжыму Асада ў Сірыі адчыніліся дзверы турмаў і катавальных засценкаў. Адно з самых жахлівых месцаў, у якіх апыняліся супернікі рэжыму, – турма Седная каля Дамаска. Там былі забітыя, падвергнутыя катаванням і бясследна зніклі дзясяткі тысяч чалавек. Аглядальнікі спрабуюць усвядоміць маштаб жорсткасцяў і разважаюць аб тым, як краіна справіцца з грузам такіх “адкрыццяў”. «Нечаканае вызваленне і выкліканы ім катарсіс даюць грамадству шанец,» – піша на сваіх старонках браціслаўская Új Szó.

«Калі ў самым хуткім часе новы ўрад не здабудзе легітымнасць на міжнароднай арэне, то краіна можа пагрузіцца ў новую грамадзянскую вайну. У той жа самы час перад намі – рэдкі ў гісторыі момант, калі народ можа свабодна зайсці ў турмы дыктатарскага рэжыму, які толькі што паваліўся, і ўбачыць усе гэтыя калідоры, памяшканні для складавання трупаў і камеры катаванняў. Мы ў Еўропе нават не можам сабе ўявіць, якое неверагоднае пачуццё палягчэння адчуваюць людзі. У ім можа ўтойвацца вялізная грамадская энергія, якую мяккае кіраўніцтва магло б накіраваць у належнае рэчышча. Вопыт сусветнай гісторыі не дае падставы ўпадаць у празмерны аптымізм, але паглядзім, ці захаваецца Сірыя як адзіная краіна, і калі так, то ў чыіх руках яна апынецца», – падкрэслівае славацкае выданне.

4 снежня ў цэнтры Нью-Ёрка сярод белага дня быў застрэлены кіраўнік страхавой кампаніі United Healthcare Браян Томпсан. Праз некалькі дзён меркаванага забойцу – 26-гадовага Луіджы М. – атрымалася затрымаць. На фоне незадаволенасці сістэмай аховы здароўя многія амерыканцы бачаць у злачынцы ў нейкім сэнсе народнага героя. «У Швецыі таксама расце незадаволенасць сістэмай аховы здароўя», – паказвае стакгольмская Aftonbladet.

«Тут сістэма аховы здароўя прыватызаваная – і з яе выціснутыя ўсе сокі. Чэргі на жыццёва важныя аперацыі занадта доўгія, а рэсурсы вельмі абмежаваныя. У той жа самы час усё больш і больш шведаў афармляюць прыватныя медыцынскія страхоўкі. Работнікі, якія пераходзяць у прыватны сектар, востра неабходны ў сектары дзяржаўным. А той факт, што некаторым пацыентам атрымоўваецца пазбегнуць бясконцых чэргаў, супярэчыць асноўнаму прынцыпу шведскай аховы здароўя – лячэнню па неабходнасці. Пакуль маштаб несправядлівасці ўзрастае, не варта дзівіцца таму, што расце і ўсеагульнае расчараванне», – адзначае швецкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя