Санкцыі ЕЗ супраць кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа. Якія вынікі Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы? Чым можа завяршыцца канфлікт ва Украіне. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Старшыня Чырвонага Крыжа ў Беларусі Дзмітрый Шаўцоў трапіў у 13-ы пакет санкцый ЕЗ супраць Расеі за садзейнічанне ў гвалтоўным перамяшчэнні Расеяй украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый», — піша еўрапейскае выданне Eureporter.
«Дзмітрый Шаўцоў – беларускі лекар і палітык. Ён пачаў выконваць абавязкі кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа 10 чэрвеня 2021 года. Раней ён быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў з 2012 па 2019 год. Шаўцоў выклікаў спрэчкі ў якасці кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа за ўхваленне прымусовага перамяшчэння Расеяй тысяч украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. У якасці генеральнага дырэктара Беларускага Чырвонага Крыжа, ён наведваў дзяцей з Украіны як у Беларусі, так і ў акупаванай Расеяй Украіне, апрануўшыся ў прарасейскую вайсковую вопратку. Падчас галаслоўных парламенцкіх выбараў 2019 года Шаўцоў быў старшынём Менскай выбарчай камісіі. Пасля таго, як пачаліся пратэсты, ён абараніў вынікі, абвінаваціўшы пратэстоўцаў у тым, што яны з’яўляюцца «правакатарамі». У чэрвені 2022 года ён наведаў Марыупаль падчас расейскай аблогі горада, апрануўшыся ў ваенную форму з сімвалам Z, які выкарыстоўвалі расейскія праваенныя ўлады. 21 ліпеня 2023 года ён выклікаў дадатковыя спрэчкі, выказаўшы сваю падтрымку размяшчэнню ядзернай зброі ў Беларусі. Беларускі Чырвоны Крыж (БЧК) быў выключаны з Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФКК) 1 снежня 2023 года пасля адмовы звольніць Шаўцова. Можна задацца пытаннем, чаму МФКК заняла столькі часу, каб ачысціць сваю ўстанову», – наракае еўрапейскае выданне.
***
Галоўнай тэмай Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы сёлета зноў стала вайна Расеі супраць Украіны. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які прыбыў на канферэнцыю, абвінаваціў у адсутнасці поспехаў у абароне недахоп зброі і боепрыпасаў. Еўрапейская прэса лічыць, што неабходна прымаць неадкладныя захады. «Агульная абарона пачынаецца з канкрэтных крокаў», – адзначае рымская газета La Repubblica.
«Па гістарычнай іроніі, менавіта Францыя 70 гадоў таму звяла на нішто Еўрапейскую абарончую супольнасць, а зараз можа падштурхнуць развіццё «зародка» сумеснай абароны па ядзернай тэме (а што ж Злучанае Каралеўства?). Між тым, важным крокам застаецца інтэграцыя еўрапейскіх праграм і паставак узбраенняў, з тым каб абараніць нас пры сцэнары, у якім прысутнасць Злучаных Штатаў у значнай ступені скароціцца, а Расея пагражае стаць яшчэ небяспечней. Гэта быў бы куды больш важны крок, чым прапанаваная Уршуляй фон дэр Ляйен прапанова аб заснаванні пасады Камісара па абароне ЕЗ, на якую будуць распаўсюджвацца абмежаванні міжурадавага метаду», – падкрэслівае італьянскае выданне.
***
Кіраўнік дыпламатыі Еўразвяза заявіў, што канфлікт ва Украіне вырашыцца на працягу трох месяцаў. У ходзе Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Жазэп Барэль заклікаў аказваць Кіеву больш дапамогі і дзейнічаць больш актыўна. Паводле яго слоў, ЕЗ занадта доўга вагаўся ў пытанні паставак узбраенняў. І калі б ён прымаў рашэнні хутчэй, сітуацыя на полі бою магла б развівацца інакш. Дыскусія ўзнікла на фоне адступлення ўкраінскіх войскаў з Аўдзееўкі. 17 лютага кіраўнік Мінабароны Расеі далажыў прэзідэнту аб устанаўленні кантролю над горадам. Як адзначае брытанская газета The Guardian , «узяцце Аўдзееўкі мае сімвалічнае значэнне для Расеі».
«Яшчэ ў 2014 годзе горад некалькі месяцаў знаходзіўся пад кантролем сілаў ДНР, але пазней туды ўвайшлі ўкраінскія вайскоўцы. Гэта найбуйнейшы захоп расейскай арміі з моманту захопу Бахмута ў маі 2023 года, якое фактычна дае ёй поўны кантроль над тэрыторыяй вакол Данецка. Прэзідэнт ЗША заявіў, што ўкраінскія сілы пакінулі Аўдзееўку з-за недахопу боепрыпасаў на фоне спрэчак у Кангрэсе аб ваеннай дапамозе Кіеву. Белы дом зноў папракнуў рэспубліканцаў з Палаты прадстаўнікоў у бяздзейнасці. Пры гэтым у суботу Джо Байдэн патэлефанаваў Уладзіміру Зяленскаму і падкрэсліў гатоўнасць падтрымліваць Украіну», – піша брытанскае выданне.
***
Сусветная прэса працягвае аналізаваць смерць апазіцыянера Аляксея Навальнага ў зняволенні. Яму было 47 гадоў. Паводле інфармацыі, якую распаўсюджваюць расейскія ўлады, апазіцыйны палітык, які ўтрымліваўся ў калоніі “Палярны воўк”, у мінулую пятніцу пасля прагулкі страціў прытомнасць і рэанімаваць яго не ўдалося. Цела Навальнага да гэтага часу не выдаюць сваякам і адвакатам. Праваабаронцы кажуць пра тое, што Навальнага забілі, улічваючы, што ў 2020 годзе яго ўжо спрабавалі атруціць. «Барацьба паміж Навальным і Пуціным яшчэ не завершаная», – піша румынскі партал Spotmedia.
«Мільёны людзей у Расеі прынялі ўдзел у пратэстах, арганізаваных Аляксеем Навальным да таго, як ён быў атручаны. Што яны будуць рабіць заўтра і далей, калі даведаюцца, што любы з іх можа стаць ахвярай рэжыму? Крэмль аказаўся ў новай крытычнай сітуацыі. Смерць Навальнага мае вялізныя наступствы. Многія еўрапейскія лідары абвінавачваюць у гэтай смерці Маскву. Барацьба паміж Навальным і Пуціным выходзіць за рамкі жыцця і смерці. Мы з’яўляемся сведкамі пачатку апошняга раздзела эпічнай канфрантацыі паміж дэмакратыяй і дыктатурай, якая вызначыць аблічча XXI стагоддзя», – адзначае румынскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя





