Размяшчэнне “Арэшніка” ў Беларусі не павялічвае рызык удараў па Украіне ці краінах НАТА. Ультраправы кандыдат у прэзідэнты Румыніі, нягледзячы на адмененыя выбары, прыйшоў на ўчастак. Урокі сірыйскага перавароту для Ізраіля: у чым крыецца небяспека. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
На думку аналітыкаў Інстытута вывучэння вайны (ISW), размяшчэнне сістэмы “Арэшнік” у Беларусі не павялічвае рызык нанясення ўдараў балістычных ракет сярэдняй далёкасці па Украіне або краінах НАТА.
«Крэмль працягвае прасоўваць свае стратэгічныя намаганні па дэ-факта анэксіі Беларусі і далейшаму пашырэнню расейскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы”. Лукашэнка публічна звярнуўся да Пуціна з просьбай, каб Расея размясціла ў Беларусі балістычныя ракеты “Арэшнік” пры ўмове, што беларускае ваенна-палітычнае кіраўніцтва вызначыць мэты сістэмы, калі ракета калі-небудзь будзе запушчана з тэрыторыі Беларусі. Пуцін адказаў на запыт Лукашэнкі, заявіўшы, што Расея можа размясціць сістэмы “Арэшнік” у Беларусі да сярэдзіны 2025 года. Разгортванне балістычных ракет „Арэшнік” у Беларусі яшчэ больш паглыбіць ваенную прысутнасць Расеі ў Беларусі. Расея і Беларусь таксама падпісалі 10 іншых дакументаў Саюзнай дзяржавы, уключаючы канцэпцыю бяспекі Саюзнай дзяржавы, пастанову аб адзіных правілах у сферы абароны правоў спажыўцоў, пастанову аб сумесных мерах па барацьбе з кантрабандай, пагадненне аб фарміраванні агульнага рынку электраэнергіі. Лукашэнка, верагодна, спрабуе захаваць беларускі суверэнітэт перад Масквой, выступаючы за тое, каб Беларусь кантралявала расейскую зброю, размешчаную ў Беларусі, – намаганні, у якіх Лукашэнка гістарычна пацярпеў няўдачу. Размяшчэнне ракет “Арэшнік” у Беларусі не павялічвае непасрэдныя рызыкі ўдараў балістычных ракет сярэдняй далёкасці па Украіне або краінах НАТА, нягледзячы на ўзмоцненае бразганне ядзернай зброяй з боку Крамля», – піша міжнароднае выданне.
***
Драматычныя падзеі ў Сірыі і падзенне рэжыму Асада сталі сюрпрызам для Ізраіля: верагоднасць перавароту ў гэтай краіне ацэньвалася як вельмі нізкая, калі ўвогуле існуючая. Ізраільская газета Вести перасцерагае ад магчымых памылак пры ацэнцы перспектыў развіцця падзей у Сірыі.
«Судзячы па ўсім, нягледзячы на ўдары, атрыманыя чальцамі “восі зла” ў апошнія месяцы, у Ізраілі існавала меркаванне, што рэжым Асада стабільны. З аднаго боку, драма ў Сірыі паказвае, што гарантый папярэджання нечаканага развіцця падзей быць не можа. Аднак гэта не адмяняе неабходнасці адсочваць падзеі і аналізаваць магчымыя наступствы. Напрыклад, падзеі арабскай вясны пачатку 2010-х і звяржэння Садама Хусэйна ў Іраку ў 2003 годзе. Абедзве гэтыя падзеі суправаджаліся несуцішным аптымізмам на Захадзе – у разведвальных, акадэмічных і медыйных колах, дзе лічылася, што пачынаецца новая цудоўная і ліберальная эра Блізкага Усходу. Толькі час паказаў, што менавіта песімістычныя адзнакі сталі нашай рэальнасцю. У Сірыі не адбылося нічога, што можа выклікаць вялікі аптымізм наконт “жыцця пасля Асада”. Сірыя застаецца кангламератам абшчын, за якімі цягнецца доўгая крывавая гісторыя і якія цалкам пазбаўлены ліберальнай культуры грамадзянскай супольнасці і нацыянальнай дзяржавы. У некаторых аспектах раз’яднаная Сірыя падобная на Ірак 2003 года, але пазбаўленая “амерыканскага клею”, які падтрымліваў адзінства краіны. Больш за тое, паўстанцы – гэта не суцэльны лагер, а “зборная салянка” з груп з часам супярэчлівымі інтарэсамі, уключаючы джыхадзістаў. Таму нельга выключаць, што Сірыя з часам распадзецца на часткі. Таму варта быць асцярожнымі, сціплымі, імкнуцца да разумення Блізкага Усходу, што немагчыма без разумення культурных кодаў мясцовых жыхароў. Гэта ўрок для ўсяго ізраільскага грамадства», – падкрэслівае мясцовая газета.
***
«Ультраправы кандыдат у прэзідэнты Румыніі Келін Джорджэску з’явіўся ў нядзелю на ўчастку, дзе ён павінен быў галасаваць, і заявіў, што рашэнне Канстытуцыйнага суда аб адмене галасавання з’яўляецца фатальным для дэмакратыі», – піша Европейска правда.
«Суд адмяніў бягучыя прэзідэнцкія выбары пасля абвінавачанняў ва ўмяшанні Расеі і ў пятніцу пастанавіў, што ўвесь працэс, які павінен быў завяршыцца 8 снежня ў нядзелю, павінен быць праведзены паўторна. Гэта адбылося пасля таго, як былі рассакрэчаныя дакументы, паводле якіх кампанія Джорджэску была вынікам арганізаванай маніпуляцыі з-за мяжы. У нядзелю раніцай Джорджэску сустрэў натоўп прыхільнікаў і журналістаў каля школы, дзе ён мусіў аддаць свой голас. У нядзельным другім туры Джорджэску павінен быў сысціся з лідарам цэнтрысцкіх сіл, прыхільніцай Еўрапейскага звяза Аленай Ласконі. Калі б Джорджэску перамог на прэзідэнцкіх выбарах, гэта перавярнула б празаходнюю палітыку Румыніі. Джорджэску хоча спыніць румынскую падтрымку Украіны. У пятніцу Джорджэску заявіў, што рашэнне суда аб ануляванні выбараў з’яўляецца “дзяржаўным пераваротам”, – адзначае ўкраінскае выданне.
***
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не хацеў праводзіць сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Парыжы, дзе яны сабраліся ў гонар адкрыцця сабора Нотр-Дам пасля рамонту. Аб гэтым паведамляе Axios са спасылкай на крыніцы.
«Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон некалькі дзён спрабаваў пераканаць Трампа правесці сустрэчу з Зяленскім. Рашэнне аб трохбаковай сустрэчы было прынятае незадоўга да яе правядзення. Сустрэча доўжылася 45 хвілін, Зяленскі ахарактарызаваў яе як «добрую і плённую». Ён падзякаваў Трампу за тое, што той, “як і заўсёды, настроены рашуча”. «Мы ўсе хочам завяршыць гэтую вайну як мага хутчэй – і справядліва», – заявіў прэзідэнт Украіны. На наступны дзень пасля сустрэчы з Зяленскім і Макронам Трамп заклікаў неадкладна спыніць агонь ва Украіне і пачаць перамовы. Паводле яго слоў, Зяленскі хацеў бы заключыць здзелку з Расеяй, каб “спыніць гэта вар’яцтва», – піша французскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






