BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Падрыхтоўка да нападак

  • У Літве ўступіла ў сілу забарона на імпарт аграпрадукцыі з Беларусі
  • У Швейцарыі пройдзе канферэнцыя па дасягненні міру ва Украіне
  • Сектар Газа: ЗША прадставілі план мірнага ўрэгулявання

«У Літве ўступіла ў сілу забарона на імпарт аграпрадукцыі з Беларусі – людзей на мяжы прымушаюць выкідваць прадукты», – перадае DW.
«Забарона на імпарт больш як 2,8 тысяч найменняў тавараў беларускай і расейскай вытворчасці, зацверджаная 29 мая ўрадам Літвы, набыла моц 3 чэрвеня. Пад забарону патрапілі 24 групы прадукцыі, у тым ліку мяса і субпрадукты, рыба, малочныя прадукты, яйкі, натуральны мёд, расліны, гародніна, садавіна, кава і спецыі, збожжа, трава, маслы, напоі, тытунь, цукар і кандытарскія вырабы. Забарона стала прычынай узмоцненага кантролю на беларуска-літоўскай мяжы. На сённяшні момант асобам, што выязджаюць з Беларусі ў літоўскіх пунктах пропуску прапануюць выкідваць прадукты, напоі, цыгарэты і іншыя тавары, нават тыя, якіх няма ў абмежавальным спісе», – папярджвае DW.


У сярэдзіне чэрвеня ў Швейцарыі адбудзецца канферэнцыя па дасягненні міру ва Украіне. Сустрэча пройдзе ў гатэлі на гары Бюргеншток. Расея на саміт запрошаная не была, а Кітай пакуль што адмовіўся прымаць удзел. Кіеў абвінавачвае Маскву і Пекін у тым, што тыя ціснуць на іншыя краіны, адгаворваючы іх ад удзелу ў канферэнцыі. Еўрапейская прэса разважае пра шанцы і рызыкі саміту, а таксама пра магчымыя ў будучыні мірныя перамовы. «Пуцін зробіць усё магчымае, каб сарваць канферэнцыю», – папярэджвае жэнеўская Le Temps.
«Расейскія ракеты ў Калінінградзе напэўна накіраваны не на Швейцарыю. Але Берну варта падрыхтавацца да таго, што ў бліжэйшыя два тыдні яго суверэнітэт будзе падвяргацца асабліва выдасканаленым нападам. І хоць Пуцін не ў сілах прадухіліць правядзенне мірнай канферэнцыі ў Бюргенштоку 15 і 16 чэрвеня, ён задзейнічае ўвесь спектр інструментаў гібрыднай вайны, каб падарваць намаганні швейцарскай дыпламатыі. Нападкі на федэральнага прэзідэнта на галоўным расейскім тэлеканале – гэтакая сумесь з абраз і інсінуацый у паўночнакарэйскім стылі – усяго толькі верхавіна айсберга», – адзначае швейцарскае выданне.


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прадставіў новы план перамір’я ў сектары Газа. План мае на ўвазе спыненне агню, якое павінна прывесці да вызвалення заложнікаў у абмен на палестынскіх зняволеных і вываду ізраільскіх войскаў. Аднак прэмʼер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху падкрэсліў, што мэтай Ізраіля зʼяўляецца знішчэнне ваеннага патэнцыялу групоўкі ХАМАС. У Ізраілі дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на дэманстрацыю ў падтрымку плана. «У прэзідэнта Байдэна ёсць мноства прычын імкнуцца пакласці канец гэтай вайне», – адзначае заграбская Jutarnji list.
«Заканчэнне гэтай вайны дазволіць яму засяродзіцца на Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне – і абмежаваць дэструктыўны ўплыў Расеі і Кітая на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, перш за ўсё ў зоне Сахеля. Байдэн – не проста альтруіст, ён хоча як мага хутчэй пакласці канец вайне, паколькі факт таго, што перастануць гінуць палестынскія мірныя жыхары, роўна як і прысуд Дональду Трампу, – усё гэта цалкам зможа прыцягнуць частку выбаршчыкаў на бок дэмакратаў. Цяперашняя адміністрацыя ў Вашынгтоне таксама занепакоена тым, што выкарыстанне ізраільскай арміяй амерыканскай зброі ператварае Злучаныя Штаты ў саўдзельнікаў. А вось гэта ўжо залішне – нават калі гаворка ідзе аб стратэгічным саюзніку!», – піша харвацкае выданне.


Усё больш краін НАТА прыходзяць да разумення таго, што неабходна даць Украіне больш свабоды ў выкарыстанні зброі, якая пастаўляецца. Польшча, Канада і Фінляндыя ўжо заявілі аб тым, што іх пастаўкі не звязаны ніякімі ўмовамі. На мінулым тыдні Злучаныя Штаты адмянілі сваё патрабаванне не наносіць удары з ужываннем амерыканскай зброі па расейскай тэрыторыі ў мэтах абароны Харкава і прылеглых раёнаў. Да гэтага кроку далучылася і Нямеччына. Барселонская La Vanguardia дае наступны каментар.
«Украінцы змагаюцца за сваю краіну і свабоду – і яны маюць патрэбу ў падтрымцы заходніх саюзнікаў. Згодна з міжнародным заканадаўствам, Украіна мае права абараняцца ад расейскіх удараў, і зараз у яе зʼявіцца магчымасць рэагаваць, наносячы ўдары па расейскай тэрыторыі. Рашэнне аб тым, каб даць Украіне дабро на выкарыстанне зброі па мэтам суперніка на яго тэрыторыі, кожная краіна НАТА прымае самастойна. Гэтая акалічнасць «не ператварае альянс у бок канфлікту», – заявіў Столтэнберг. Праблема ў тым, што другі бок, магчыма, бачыць гэта інакш», – наракае каталонскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя