BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Падсцяліць саломы

Як улады РБ рыхтуюцца да прадухілення стыхійных бедстваў? Самалёт Azerbaijan Airlines быў збіты расейскай ракетай. «Какаін для бедных»: што чакае наркаімперыю Сірыі пасля сыходу Асада? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Пасля разбуральнага ўрагану ў Гомельскай вобласці Мінэнерга анансавала план павышэння надзейнасці энергетычнай сістэмы перад стыхійнымі бедствамі. Тады без электрычнасці застаўся 851 населены пункт, загінулі тры чалавекі. Пакуль улады РБ вырашыліся толькі на будаўніцтва новай лініі электраперадач Мазыр-Петрыкаў-Мікашэвічы. Аднак гэтай меры недастаткова», – піша DW.

«На Беларусь усё мацней будзе ўплываць змена клімату: хвалі спякоты і холаду, паводка і засухі. Ужо зараз летам фіксуюцца тэмпературныя рэкорды, вышэйшыя за 37 градусаў, пры гэтым нізкія тэмпературы сталі рэдкасцю. Служба метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета адзначае: з-за змен клімату засухі, інтэнсіўныя навальніцы, паводкі і снежныя буры будуць адбывацца часцей. Рыхтавацца трэба ўжо сёння, бо большасць інжынерных рашэнняў пры праектаванні энергетычных аб’ектаў засноўваецца на кліматычных параметрах. Перыяд эксплуатацыі энергетычнай інфраструктуры доўжыцца некалькі дзесяцігоддзяў, і, верагодна, сутыкнецца з зусім новымі кліматычнымі ўмовамі. Ад умоў надвор’я залежыць прыкладна 40% ВУП Беларусі. Энергетыка, транспарт, будаўнічая галіна і сельская гаспадарка лічацца аднымі з самых адчувальных галін. Найбольш уразлівая, згодна з метэададзенымі, Гомельская вобласць, найменш – Магілёўская», – падкрэслівае DW.

***

«Прычынай крушэння самалёта ў Актаў стала расейская ракета класа “зямля-паветра”, – піша Euronews са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе Азербайджана. «Ракету выпусцілі падчас «паветранай актыўнасці беспілотніка над Грозным», дзе першапачаткова спрабаваў сесці самалёт. Яна ўзарвалася паблізу лайнера, пашкодзіўшы яго ашалёўку. Урадавыя крыніцы паведамілі Euronews, што пашкоджанаму самалёту не дазволілі прызямліцца ў расейскіх аэрапортах, нягледзячы на ​​просьбы пілотаў аб тэрміновай пасадцы; яму было загадана праляцець праз Каспійскае мора ў бок Актаў у Казахстане. Самалёт Azerbaijan Airlines, які выконваў рэйс з Баку ў Грозны, разбіўся у казахстанскім горадзе Актаў 25-га снежня. На борце было 67 чалавек, 38 з іх загінулі. Неўзабаве пасля крушэння з’явілася версія аб тым, што лайнер быў збіты: на яго ашалёўцы знайшлі сляды, падобныя на пашкоджанні ад паражаючых элементаў ракеты. Улады Казахстана адмовіліся каментаваць гэтыя здагадкі, пакуль ідзе расследаванне», – перадае Euronews.

***

«Калі лідар сірыйскіх паўстанцаў Ахмед аш-Шараа прыбыў у Дамаск і вымавіў пераможную прамову па выніках вокамгненной ваеннай кампаніі, якая пракацілася па краіне і зрынула рэжым Башара Асада, адна яго заўвага засталася незаўважанай. Гэта была згадка ім нелегальнага наркотыку, які запоўніў Блізкі Усход у апошнія 10 гадоў. Сірыя стала найбуйнейшым вытворцам каптагона на зямлі, аднак з выгнаннем Асада экспарт наркотыка рэзка упаў», – прыводзіць вынікі расследвання BBC.

«Каптагон – гандлёвая назва лабараторнага прэпарата, упершыню сінтэзаванага ў 1960-х гадах у якасці альтэрнатывы амфетаміну і метамфетаміну, якія ў той час выкарыстоўвалі для лячэння наркалепсіі, стомленасці і паводніцкіх расстройстваў. Каптагон амаль невядомы за межамі Блізкага Усходу. Ён выклікае прывыканне і з’яўляецца амфетамінападобнай таблеткай, якую часам называюць «какаінам для бедных». Яго вытворчасць атрымала шырокае распаўсюджванне ў Сірыі на фоне разбуранай вайной эканомікі, санкцый і масавага перамяшчэння сірыйцаў за мяжу. Улады суседніх краін з цяжкасцю спраўляюцца з кантрабандай вялізнай колькасці таблетак праз свае межы. Усе факты паказваюць на тое, што Сірыя служыць асноўнай крыніцай незаконнага гандлю каптагонам, гадавы аб’ём якой, паводле ацэнак Сусветнага банка, складае 5,6 млрд даляраў. Гэта не проста праца злачынных груповак, а цэлая індустрыя, арганізаваная самім рэжымам Асада. У яе былі ўключаны як сваякі Асада, так і ваенныя кіраўнікі. Цяпер, калі лідары сірыйскіх паўстанцаў умацоўваюць сваю ўладу над дзяржаўнымі органамі, яны, хутчэй за ўсё, усведамляюць, якія пазітыўныя сігналы пасылаюць насцярожаным суседнім дзяржавам, абяцаючы спыніць гандаль каптагонам. Міжнародная супольнасць з дапамогай гуманітарнай дапамогі і паслаблення санкцый таксама можа дапамагчы прадухіліць уцягванне людзей у наркагандаль. Многія з тых, хто ўдзельнічае ў вытворчасці і кантрабандзе наркотыкаў, застаюцца ў краіне. А старыя звычкі невынішчальныя», – нагадвае ВВС.

***

Канцлер Германіі Олаф Шольц з нагоды яўрэйскага свята свечак – Ханукі – заявіў, што юдаізм з’яўляецца незаменнай часткай ФРГ. Навіну пра гэта перадалі ўсе сусветный службы навін.

«Ханукальны падсвечнік у нашых гарадах увасабляе надзею ў цёмныя часы. Ён стаіць побач з каляднай ёлкай каля Брандэнбургскай брамы, у самым сэрцы Берліна. Я рады гэтаму знаку: юдаізм – неад’емная, незаменная частка нас. Са святам усіх вас!” – напісаў Шольц у X.

«Ханука доўжыцца восем дзён, пачатак святкавання залежыць ад яўрэйскага календара. У гэтым годзе яна пачынаецца ўвечары ў сераду, 25 снежня, і скончыцца з надыходам ночы ў чацвер, 2 студзеня. Свята прысвечана цуду, які адбыўся па паданні пры асвячэнні Іерусалімскага храма пасля перамогі войска Юды Макавея над войскамі цара эліністычнай Сірыі Антыёха Эпіфана ў 164 годзе да н. э., калі васьмісвечнік гарэў у храме восем дзён, хоць масла хапала толькі на адны суткі. У гонар гэтай падзеі прынята запальваць ханукію», – нагадвае інфармацыйнае агенцтва ТАСС.

Беларускае Радыё Рацыя