BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Палітычныя віхуры

Туск  заявіў, што Польшча хоча абмежаваць правы прытулку. У Літве праходзяць парламенцкія выбары, якія могуць прывесці да змены ўлады. Ці гатова Украіна адмовіцца ад тэрыторый для сяброўства ў НАТА? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Польшча будзе змагацца з нелегальнай міграцыяй і злоўжываннямі сістэмай прадастаўлення прытулку. “Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў у суботу, што плануе часткова прыпыніць права на прытулак для нелегальных мігрантаў, абвінаваціўшы гандляроў людзьмі і такія краіны, як Расея і Беларусь, у злоўжыванні сістэмай”, – піша газета The Kyiv Post.

“Туск, які ў аўторак павінен прадставіць пакет міграцыйнай палітыкі, заявіў у сваёй прамове перад сваім рухам Грамадзянская кааліцыя, што Польшча будзе весці «бязлітасную» барацьбу з нелегальнымі імігрантамі, якія ўязджаюць у краіну. Ён дадаў, што будзе прасіць Еўразвяз «прызнаць» прапанову. «Мы выдатна ведаем, як гэтым карыстаюцца Лукашэнка, Пуцін, брокеры з мігрантаў і гандляры людзьмі», — сказаў ён пра сістэму прытулку. Tое, як выкарыстоўваюцца правы на прытулак, цалкам супярэчыць сапраўднай сутнасці права на прытулак. У траўні Польшча абвясціла, што выдаткуе больш за 2,3 мільярда еўра (2,5 мільярда даляраў) на ўмацаванне сваёй мяжы з Беларуссю, усходнім флангам ЕЗ. Польшча і Чэхія заклікалі ў сераду ўвесці больш жорсткія міграцыйныя абмежаванні ў ЕЗ, чым тыя, што прадугледжаныя новым пактам аб міграцыі і прадастаўленні прытулку, які павінен уступіць у сілу ў 2026 годзе. Абедзве краіны бачаць наплыў уцекачоў з вайны ва Украіне. Яны заклікалі да «вельмі сур’ёзных дэбатаў» аб міграцыі ў ЕЗ, пачынаючы з пасяджэння Еўрапейскага савета на гэтым тыдні”, – піша ўкраінскае выданне.

Выбары ў Сейм Літвы прайшлі ў нядзелю, 13 кастрычніка. «Калі іх вынікі акажуцца падобнымі на вынікі апошніх сацыялагічных апытанняў, гэта будзе першая рэальная змена ўлады ў рэгіёне з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Згодна з перадвыбарнымі рэйтынгамі, лідзіруюць апазіцыйныя сацыял-дэмакраты, якія перамяшчаюць акцэнт з міжнародных канфліктаў на эканамічныя праблемы Літвы», – перадае ВВС.

Апошнія выбары ў латвійскі і эстонскі парламенты не моцна памянялі склад кіруючых кааліцый у гэтых краінах – лідары засталіся нязменнымі. Эксперты тлумачылі гэта шокам і страхам, якія прадказальна штурхаюць выбаршчыкаў да стабільных і прагназуемых партый улады. Верагодна, за два з паловай гады вайны ва Украіне шок і страх сышлі на другі план, таму што, як пішуць літоўскія СМІ са спасылкамі на розныя сацыялагічныя кампаніі, у Літве на першым месцы ў сярэдзіне верасня па апытаннях аказалася апазіцыйная Сацыял-дэмакратычная партыя. За яе гатовы былі галасаваць 15-18% выбаршчыкаў. Яе лідар, дэпутат Еўрапарламента Вілія Блінкявічутэ — разлічвае на пасаду прэм’ер-міністра.  Мяркуючы па перадвыбарнай кампаніі сацыял-дэмакратаў, на міжнародным полі пазіцыя краіны не зменіцца – падтрымка Украіны і яе інтэграцыі ў ЕЗ і НАТА застаецца прыярытэтам, гэтак жа як і бяспека самой Літвы. Але акцэнт змяшчаецца з міжнародных праблем на ўнутраныя, асабліва эканамічныя і сацыяльныя. Кансерватары, якія выйгралі мінулыя парламенцкія выбары – партыя «Саюз айчыны – Хрысціянскія дэмакраты Літвы» на чале з дзеючым прэм’ер-міністрам Інгрыдай Шыманітэ, – паводле апытанняў, набяруць 9-11% галасоў і апынуцца другімі ці трэцімі, і зараз рыхтуюцца працаваць у апазіцыі. Там жа можа аказацца партыя «Зара Нёмана», якая, як чакаецца, набярэ прыкладна столькі ж галасоў. Гэтая партыя была зарэгістраваная ў студзені 2024 года, пасля таго як яе заснавальнік, былы дэпутат парламента Рэмігіюс Жэмайтайціс, пакінуў Сейм праз працэдуру імпічменту за неаднаразовыя антысеміцкія выказванні. Тым не менш, за партыю Жамайтайціса гатовы галасаваць прыкладна кожны дзясяты выбаршчык», – перадае брытанская служба навін.


Былы генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг намякнуў у інтэрв’ю газеце Financial Times, што існуе магчымасць уступлення Украіны ў НАТА з часткай яе суверэннай тэрыторыі. У такім выпадку гарантыі бяспекі альянсу распаўсюджваліся б толькі на гэтую частку Украіны, гэтак жа, як першапачаткова яны распаўсюджваліся толькі на Заходнюю Нямеччыну, калі ФРГ далучылася да НАТА ў 1955 годзе. Турынская La Stampa лічыць, што Украіна ў канчатковым выніку не стане настойваць на тым, што перамір’е магчыма толькі пры ўмове вываду расейскіх войскаў з яе тэрыторыі.

«Для таго каб пакласці канец вайне, Украіна павінна была весці яе не дарма – і ў гэтым дылема ўкраінскага мірнага плана. Як пакласці канец ваенным дзеянням, забяспечыўшы пры гэтым абарону не толькі ад расейскай агрэсіі ў будучыні, але і ад палітычнага ўмяшання, накіраванага на вяртанне ўсёй краіны на арбіту Масквы? Па словах Зяленскага, адпаведны дакумент будзе гатовы ў лістападзе. Можна ўявіць сабе спыненне агню, пры якім акупаваная Расеяй тэрыторыя застанецца ў руках Масквы – але не будзе афіцыйна прызнана расейскай», – піша італьянскае выданне.

На мінулым тыдні на Фларыду абрынуўся цыклон Мілтан, але ён прычыніў некалькі меншую шкоду, чым меркавалася першапачаткова. А два тыдні таму ўраган Хелен ужо спустошыў паўднёвы захад краіны. Еўрапейскія СМІ разважаюць аб тым, у якой ступені цяперашнія экстрэмальныя з’явы надвор’я могуць паўплываць на зыход барацьбы за прэзідэнцкае крэсла – і наколькі моцна ўвязаны паміж сабой палітыка і пытанне абароны ад стыхійных бедстваў. «Абодва палітычныя лагеры спрабуюць зарабіць палітычныя ачкі на гэтым урагане», – лічыць кансерватыўная Yeni Şafak.

«У той час як рэспубліканцы сцвярджаюць, што ўрад, маўляў, пры аказанні дапамогі займаецца дыскрымінацыяй, дэмакраты імкнуцца прадэманстраваць, што яны мабілізуюць усе дзяржаўныя рэсурсы. У гісторыі ўжо ёсць прыклады таго, што рашучая рэакцыя на разбуральныя наступствы стыхійных бедстваў можа станоўча паўплываць на зыход выбараў. Так, паводзіны Абамы пасля ўрагану Сэндзі напярэдадні выбараў у кастрычніку 2012 года можна лічыць прыкладам такога пазітыўнага сюрпрызу. Памятаюцца сімпатычныя фатаграфіі Абамы з тагачасным губернатарам Нью-Джэрсі ад рэспубліканцаў Крысам Крысці. Тады Абама ўсяляк сігналізаваў, што федэральны ўрад надае пільную ўвагу наступствам урагану», – нагадвае кансерватыўнае турэцкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка